«Міліцыянты падганялі нас па-нямецку "Schneller, Schneller...!"
Самае цікавае з ан-лайн канфэрэнцыі з доктарам гуманітарных навук, дыпляматам, публіцыстам, грамадзкім дзяячом Марыюшам Машкевічам, які 24 сакавіка 2006 г. быў затрыманы міліцыяй на Кастрычніцкім пляцы ў Менску падчас пратэстаў прыхільнікаў пераменаў і быў пакараны арыштам на 15 сутак, на сайце Радыё Свабода.
Раскажыце, што было самым цяжкім пры арышце і ў турме на Акрэсьціна.
Господин Посол, как Вы считаете, достаточно ли белорусская оппозиция акцентирует за границей вопрос отсутствия полноценного информирования белорусских граждан?
Думаю, што выказваньні лідэраў апазыцыі аб адсутнасьці мэдыяў і інфармацыі — вельмі гучныя. Гэта якраз Эўропа глухая да іх, і мне крыху за Эўропу сорамна, што яна так млява і так мала робіць у межах Эўразьвязу, каб даць беларусам доступ да незалежных крыніцаў інфармацыі.
Хто на Вашую думку, варты Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў Польшчы і Беларусі?
Я лічу, што Польшча пакуль вычарпала свой ліміт узнагародаў Нобэля па літаратуры. Некалі я вельмі разьлічваў на Нобэля для Збігнева Гербэрта. Але не заўсёды гэтак атрымліваецца, што найлепшыя пісьменьнікі ўзнагароджваюцца пры жыцьці. Шкадую, што Беларусь не атрымала Нобэлеўскай прэміі ў асобе Васіля Быкава. Спадзяюся, што неблагія шанцы мае Рыгор Барадулін (“Ксты” — геніяльная кніга), а таксама мой сябра Ўладзімер Арлоў. За пераклады я даў бы Нобэля Васілю Сёмуху. Прачытайце хаця б ягоны найноўшы пераклад Рылькэ. Гэта вяршыня майстэрства паэтычнага перакладу.
Каго зь беларускіх палітыкаў Вы лічыце вызначальнымі ў гісторыі Беларусі?
Я лічу, што гэта Францыск Скарына (у галіне культуры), нашыя агульныя героі Тадэвуш Касьцюшка і Кастусь Каліноўскі. Сярод сучасных палітыкаў высока ацэньваю Ганчара і Карпенку. З тых, што жывыя, найбліжэйшыя мне Шушкевіч, Мілінкевіч і Статкевіч. Але я таксама высокай думкі пра Анатоля Лябедзьку, Яраслава Раманчука і Міхаіла Марыніча. Па-мойму, незвычайнай індывідуальнасьцю зьяўляецца Аляксандар Казулін. Вельмі яму спачуваю, што ён вымушаны цяпер сядзець у турме. Я веру ў тое, што пасьля свайго вызваленьня ён стане моцнай апорай дэмакратычнага руху.
Спадар Марыюш! Ці хіба ў Польшчы вырашаны усе праблемы? Я быў у Польшчы у кастрычніку мінулага года. Праехаў па краіне. Ведаеце, мяне засмуціла ў якім загоне сёння сельская гаспадарка. Такое уражанне, што акрамя яблык Порльшча больш нічога не вырошчвае. А чаго мне стоіла праехаць на аўто з Варшавы у Кракаў! Дарогі кепскія, вузкія з выбоінамі. На пляцу Кракаўскім — Рынкавай плошчы ад жабракоў нельга прайсці!
Адрозьненьняў паміж сучаснай Польшчай і Беларусьсю шмат. Дарогі ў Беларусі, пэўна ж, нашмат лепшыя. Я заўсёды так лічыў. За 16 гадоў дэмакратыі нашая краіна не змагла разжыцца добрай дарожнай інфраструктурай. Сваркі палітыкаў, няпэўнасьць ураду, незадавальненьне грамадзтва станам эканомікі — гэта ўсё сьвятая праўда што да Польшчы. Але я рады, што пра новыя скандалы, праблемы і непарадкі ў эканоміцы магу штодня раніцаю чытаць у сьвежай газэце, што ня змушаны дачувацца пра гэта з заглушваных перадач Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа.
Наколькі мне вядома, вы былі актыўным барацьбітом супраць таталітарызму ў Польшчы ў 1980-ых гадох... Чым, на вашую думку, адрозьньваюццца ўмовы барацьбы ў тагачаснае Польшчы і зараз у Беларусі? Як адрозьньваюцца ўмовы побыту за кратамі?
У палітычным сэнсе Польшча 1980-х і цяперашняя Беларусь мала чым розьняцца. Вяртаючыся зь Менску па адбыцьці там арышту, я меў уражаньне, што цяпер 1986 год і я акурат вяртаюся з арышту (48-гадзіннага) пасьля дэманстрацыі, у часе якой крычаў разам зь іншымі студэнтамі: “Салідарнасьць! Салідарнасьць!” У 1987 годзе я адмовіўся прыносіць вайсковую прысягу: па-першае таму, што нашая армія ўдзельнічала ў такіх ганебных акцыях, як уварваньне ў Чэхаславаччыну, а па-другое таму, што ў тэксьце прысягі было згадка пра супрацоўніцтва з Савецкай Арміяй. Я не хацеў, як і многія мае калегі тады, каб нейкая група вайсковых ідэолягаў рабіла за мяне выбар. Удзел у маніфэстацыі на Плошчы ў Менску лічу за свой абавязак і падставу для гонару — бо стаяў рука ў руку з найлепшай і найадважнейшай часткаю беларускага народу. Я не зрабіў нічога вялікага: такі самы маральны выбар, як той у 1987-м.
Як сябе адчувае пан? Што звязвае пана з Беларусьсю, бо вядома, што далёка не кожны паляк адважыцца на такое?
Дзякуй, са здароўем усё нармальна. Вяртаюся да нармальнага жыцьця. Што датычыць майго сэрца, яго частка засталася ў Беларусі. Гэта зьвязана з маёй працай. Я пачаў працаваць у 1991 годзе ў Вільні, дзе было шмат сустрэч зь беларусамі. Я памятаю, як Ян Павал ІІ прыехаў у Вільню, прывітаў беларусаў ля Вострай Брамы. Я тады зразумеў, як Вільня важная для беларускай нацыі. Я там якраз жыў побач, у 20 мэтрах ад Вострай брамы. Тады зразумеў, што Вільня частка ня толькі літоўскай, польскай, габрэйскай культуры, але культуры беларускай. А далей была цікавая праца — арганізаваць консульства ў Горадні. Калегі вельмі зьдзіўляліся, што я туды паехаў. Для мяне было важна, што Горадня вельмі блізкая да Вільні. Я памятаю першыя сустрэчы зь Мілінкевічам, які быў віцэ-мэрам Горадні. Мы плянавалі пытаньні беларуска-польскага разьвіцьця ў Горадні. Мы працавалі ня толькі з польскай дыяспарай, а зь беларусамі і прадстаўнікамі іншых дыяспараў (габрэйскай, нямецкай). Тады міністар Герэмэк папрасіў мяне стаць амбасадарам Польшчы ў Беларусі. Я пагадзіўся. Калі пераехаў у Менск і пачаў працу, то закахаўся ў Беларусь.
Ці будзе калі-небудзь Беларусь у Эўразьвязе або мы так і застанемся другараднымі расейцамі, якія будуць надалей глядзець толькі ў бок Масковіі?
Так пэсымістычна ў Польшчы ўсе думалі яшчэ ў 1989 годзе. Я думаю, што шмат хто зь беларусаў яшчэ не гатовы на такі “скок ў глыбокую ваду”. Эўразьвяз — гэта структура, якая патрабуе шматгадовай падрыхтоўкі. Патрабуе, у прыватнасьці, цяжкіх і непапулярных рашэньняў у эканоміцы, у сфэры сацыяльнай апекі, у спосабах кіраваньня. Думаю, што зьмены адбудуцца ў блізкім часе, спадзяюся, што ўжо празь некалькі гадоў Беларусь зможа падпісаць партнэрскую дамову з Эўразьвязам і пачаць паволі набліжацца да нас. А Расея мае быць для ўсіх нас прадметам асаблівага клопату і прыязнасьці, бо гэтая вялікая краіна ня можа застацца ўзбоч Эўропы: гэта ж глыбока эўрапейская краіна. Таму я веру, што мы, палякі, а таксама ўкраінцы і беларусы пераканаем нашых расейскіх сяброў, каб яны былі разам з намі.
Читайте еще
Избранное