Политика
Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

Міліцыя абшуквае сумкі ў тых, хто ідзе на Кастрычніцкую плошчу

Цягам дня на Кастрычніцкай плошчы Менску працягвалася акцыя пратэсту. Моладзь скандавала лёзунгі “Свабода!”, “Праўды!” і “Жыве Беларусь!”. Падтрымаць удзельнікаў акцыі прыходзілі людзі рознага веку. Многія прыносілі з сабой ежу, гарбату й цёплыя рэчы. Усе падыходы й пад’езды да плошчы кантралявалі супрацоўнікі міліцыі. Яны правяралі сумкі ўсіх мінакоў, што кіраваліся да намётавага гарадку. Некаторых спрабавалі затрымаць.

(Карэспандэнтка: ) “Што здарылася — чаму вы забараняеце праходзіць?”

(Міліцыянт: ) “Ну, ішла дзяўчына й нешта павалілася”.

(Карэспандэнтка: ) “Сама?”

(Міліцыянт: ) “Так, так”.

(Спадарыня: ) “Не сама. Яна не павалілася сама — не хлусіце. Я ішла, а перада мной — дзяўчына на плошчу. Спэцназавец кажа ёй: “Не, ты нізавошта ня пройдзеш”. Не хлусіце людзям. Надта моцна хлусіце. Але запомніце: на сьвеце ёсьць гасподзь Бог, і ён усё бачыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Што з вамі адбывалася вось толькі што?

(Спадар: ) “Старшыня Барай запатрабаваў мае дакумэнты й спрабаваў праверыць, што ў мяне ў заплечніку. Я нясу туды ежу. Я ня мог быць там ноччу, і таму вырашыў падтрымаць людзей гэткім чынам. На жаль, усе пад’езды да плошчы перакрыты й нават спыніцца паблізу няма дзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы мяркуеце пра тое, што цяпер адбываецца на плошчы?”

(Спадарыня: ) “Чаго яны тут стаяць? Свалата, лайдакі!”

(Спадарыня: ) “Я не разумею, навошта напружваць спакойную абстаноўку ў нашым горадзе? Гэта ж ёсьць нейкія сілы спэцыяльныя”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да людзкіх пратэстаў?”

(Спадарыня: ) “Правільна робяць. Шкада, канечне, але ў мяне такое ўражаньне — я чалавек у веку й бачу — : многія людзі падманутыя”.

(Спадар: ) “У мяне няма ніякай інфармацыі, бо цяпер жа забаранілі і “Народную Волю”, і “БДГ”, і іншыя газэты. Дык я думаю, што паеду адмыслова сюды, каб пабачыць што тут адбываецца. Я думаю, што ўсё правільна яны праводзяць. Але мала людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі вы гатовы падтрымаць гэтую акцыю?”

(Спадар: ) “Гатовы. Чаму ж не? Усе добрыя людзі гатовыя”.

Галасы: “Без камэнтару”, “Не пазорцеся, свалата”…

(Карэспандэнтка: ) “Як даўно вы тут?”

(Юначка: ) “З 18.30 — як было прызначана ўчора”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы тут былі ўсю ноч?”

(Іншая юначка: ) “Так, усю ноч і будзем заставацца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ня страшна стаяць?”

(Іншая юначка: ) “Не, ня страшна”.

(Юнак: ) “Мы не баімся”.

(Іншы юнак: ) “Мы верым у сябе й Свабоду”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія вашы настроі на далейшае?”

(Юначка: ) “Стаяць да перамогі”.

(Іншая юначка: ) “Ня страшна стаяць, страшна жыць, як мы цяпер жывём”.

(Іншая юначка: ) “Настрой вельмі добры, і я спадзяюся: калі мы будзем разам, то пераможам. Таму, што Бог — ён рэальна на нашым баку. І разам мы моц, мы сіла, мы можам, мы пераможам. Жыве Беларусь!”

Скандаваньне: “Жыве Беларусь!, Жыве Беларусь!”

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі я зразумела, вы нейкія рэчы прынесьлі?”

(Спадарыня: ) “Так, я коўдру прынесла, зараз пойдзем у краму па прадукты”.

(Іншая спадарыня: ) “Ну, вось прыйшлі падтрымаць моладзь. Раніцай, як пачулі па Свабодзе (бо мы Свабоду слухаем), як пачулі, што яны тут праз усю ноч былі, то гарбату, каву прынесьлі — усё, што змаглі”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы гэта робіце — скажыце?”

(Спадарыня: ) “Я не хачу быць быдлам, якое зь мяне зрабіў наш прэзыдэнт, разумееце? Я сьвядомы чалавек, я ня раб, я не прыгонная й я не жывёліна, каб стаяць у хляве”.

(Спадар: ) “Маё прозьвішча Кійко Рыгор. Я прыйшоў як вэтэран падтрымаць моладзь. Моладзь цяпер ня трэба пакідаць адну, і яны перамогуць. Жыве Беларусь!”

Скандаваньне: “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!”


Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)