Меркаванне: «Польшча сарвала пляны Лукашэнкі»

Штурм мяжы ў Брузгах, як і дзясяткі іншых, менш маштабных гвалтоўных атак на многіх іншых участках беларуска-польскай мяжы, маглі б мець куды больш фатальныя для Польшчы наступствы, калі б гэтыя ўварваньні ўдалося ажыцьцявіць і калі б тысячы мігрантаў бесьперашкодна хлынулі на тэрыторыю Эўразьвязу праз гасьцінна адкрыты ім беларускімі ўладамі калідор, — піша Валянцін Жданко на Радыё Свабода.

Польшча рыхтавалася да гібрыднай атакі з Усходу

Аднак палякаў не засьпелі зьнянацку. Варшава загадзя, вельмі сур’ёзна і мэтанакіравана рыхтавалася да чагосьці падобнага. Нягледзячы на тое, што яе правакансэрватыўны ўрад з усіх бакоў крытыкавалі і ўласныя, і замежныя лібэралы — за «дэфіцыт гуманнасьці», за «празьмерную жорсткасьць», за «неапраўданую мілітарызацыю памежнай зоны», за ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў памежжы...

Польшча вяла падрыхтоўку ня столькі да гуманітарнага крызісу, колькі да гібрыднай атакі на сваю тэрыторыю. І, як паказалі далейшыя падзеі, цалкам мела рацыю. Калі б супраць некалькіх соцень агрэсіўна настроеных маладых мужчын з камянямі ў руках на памежным пераходзе ў Брузгах 15 лістапада не стаялі добра экіпіраваныя і абучаныя паліцэйскія аддзелы з вадамётамі і сьлезацечным газам, зыход мог быць зусім іншым. І для Польшчы, і для Эўразьвязу. І для беларускай дэмакратычнай апазыцыі таксама.

Ня кажучы ўжо пра тое, што перамоўная пазыцыя ў Лукашэнкі аказалася б куды больш выйгрышнай. Зь ім рэальна маглі б сесьці за стол перамоваў (чаго, уласна, ён найбольш і дамагаўся).

Але атака захлынулася. Сілы былі яўна няроўнымі. З польскага боку загадзя выставілі магутную сілавую заслону, прарвацца празь якую такому натоўпу, які здолелі сабраць у Брузгах беларускія сілавікі раніцай 15 лістапада, было яўна не пад сілу. Для пасьпяховага прарыву ўдарны кулак мусіў быць куды больш масіўным. Але, відаць, сабралі тое, што маглі на той момант.

Зрабіць новую спробу такога ж штурму цяпер усё больш праблематычна. Эўразьвяз, націскаючы на ўрады блізкаўсходніх краін і на авіякампаніі, актыўна перакрывае ўсе адладжаныя беларускімі «турапэратарамі» каналы пастаўкі «турыстаў». Грамадзянам Іраку, Сырыі, Емэну сесьці на борт самалётаў, якія накіроўваюцца ў Менск, цяпер ужо амаль нерэальна. Падвоз новых «боепрыпасаў» для гэтай гібрыднай вайны моцна ўскладнены. Дадайце да гэтага эвакуацыйныя рэйсы, арганізаваныя ўладамі Іраку.

«Турысты» сотнямі вяртаюцца ў Арбіль, Масул і Багдад, перапоўненыя ўражаньнямі і ўспамінамі. «Турпакет» для іх уключаў у сябе страшныя начныя казкі горадзенскага лесу, забыць якія многія доўга ня змогуць і перакажуць на радзіме іншым патэнцыйным «турыстам». Калі б было па-іншаму, калі б шлях у Эўропу быў, як абяцалі ім «турагенты», камфортным і лёгкім — у гэтую дзірку ўжо сёньня хлынулі б сотні тысяч і мільёны акрыленых надзеяй насельнікаў Азіі і Афрыкі...

У выніку балянс сілаў імкліва мяняецца не на карысьць рэжыму. Каго наступны раз кідаць на калючы дрот пад Брузгамі і Кузьніцай? Калі верыць падлікам прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, мігрантаў цяпер у Беларусі ўсяго каля 7 тысяч. Зь іх у лягеры каля Брузгоў — 2 тысячы. Гвалтам зацягнуць на мяжу ўсіх іх нерэальна, асабліва з улікам ужо фактычна зімовага надвор’я. Такая колькасьць для маштабнай атакі на мяжу яўна не дастатковая.

Урокі гісторыі

Чаму Польшча так цьвёрда і пасьлядоўна перакрыла свае межы і, па сутнасьці, сарвала пляны Лукашэнкі?

Вядомы расейскі аналітык Арцемій Троіцкі, аналізуючы нядаўнія падзеі на беларуска-польскай мяжы на старонках «Новой газеты», адзначыў:

«Што «пайшло ня так»? Тут таксама ўсё проста. Па-першае, браткі-гопнікі нарваліся на максымальна рашучых і мэтанакіраваных палякаў. Гэта вам не Фінляндыя-2015 (тады праз расейскае Запаляр’е ў Фінляндыю ішлі нелегальныя ўцекачы з Блізкага Ўсходу). Успамінаючы ўрокі гісторыі, якіх у СССР не было, можна было б прыгадаць і 1830, і 1863, і 1920 гады — і здагадацца. Ня ўсё вам, хлопцы, 1939-ы... Па-другое, млявая і растрапаная Эўропа, даведзеная да ручкі нахабствам дварова-вулічнай усходняй шпаны, нечакана праявіла татальную салідарнасьць з памежнымі дзяржавамі і пакуль што выступае кансалідавана».

Сапраўды, аналізуючы рэакцыю Польшчы на гэты выклік, цяжка абысьціся без гістарычных паралеляў і гістарычнага досьведу. «Калі зараз праявім слабасьць, калі не абаронім сваіх межаў, калі паддамося агрэсіўнаму націску непрадказальнага суседа, можам паўтарыць горкі досьвед папярэдніх пакаленьняў», — такая думка лейтматывам гучыць сёньня ў Польшчы ва ўсіх грамадзкіх дыскусіях. Партрэт маршала Пілсудзкага і ягоная цытата з папярэджаньнем і заклікам берагчыся ворагаў незалежнай Польшчы ўсе апошнія дні была фонам для навінавых тэлепраграм на галоўным дзяржаўным тэлеканале.

Палякі дужа добра знаёмыя з норавамі аўтакратаў і дыктатараў — значна лепш, чым заходнеэўрапейцы. Сцэнар, пры якім разам зь некантраляваным патокам мігрантаў у краіну маглі прыйсьці і пераапранутыя «зялёныя чалавечкі» не выглядае для іх чымсьці неверагодным.

І раптоўныя тэлефонныя перамовы Мэркель і Лукашэнкі ў Польшчы ўспрынялі надзвычай насьцярожана. «Польшча не прызнае ніякіх дамоўленасьцяў, якія будуць прыняты праз нашу галаву», — гэта словы польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды, сказаныя ягонаму нямецкаму калегу Франку-Вальтэру Штайнмаеру.

Так думае ня толькі польскі палітычны істэблішмэнт — так лічыць абсалютная большасьць польскага грамадзтва. У генэтычнай памяці якога — драма 120 гадоў няволі, калі польская нацыя, разьдзёртая на кавалкі трыма суседнімі імпэрыямі, пакутліва змагалася за сваё адзінства і сваю дзяржаўнасьць; і драматычны досьвед ХХ стагодзьдзя, калі яе зноў спрабавалі падзяліць ужо пераемнікі колішніх імпэрый — нямецкія нацысты і расейскія бальшавікі; і цяжкі 40-гадовы шлях пазбаўленьня залежнасьці ад савецкай імпэрыі, які скончыўся доўгачаканай свабодай толькі на пачатку 90-х.

Польшча ня мае ніякіх ілюзіяў наконт прыроды і сапраўдных намераў рэжыму Лукашэнкі. З усходу палякі асьцерагаюцца агрэсіі — і на сёньня гэтыя асьцярогі маюць шмат аргумэнтаваных падстаў. Таму ад Горадні да Берасьця вырасьце сталёвая сьцяна, а ўздоўж усёй усходняй мяжы будуць сканцэнтраваныя дзясяткі тысяч вайскоўцаў. Польшча рэзка, больш як удвая, падвышае колькасны склад сваёй арміі, і асабліва істотна ўмацоўвае ўсходнія межы.

Бо ведае, з кім мае справу.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:83)