Марына Адамовіч: «Мікалай вельмі дакладна сказаў, што гэта не параза, а адтэрмінаваная перамога»

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, – пра тое, што адбываецца з ветэранам беларускага супраціву ў калоніі асаблівага рэжыму, і пра наступствы 2020 года.

– Самы страшны час для сваякоў палітвязняў надыходзіць тады, калі прысуд уступае ў сілу і іх этапуюць у калонію або ў турму – распавядае Марына Адамовіч у інтэрв’ю «Радыё Св*бода».

Яна тлумачыць гэта тым, што ўсе папярэднія два з лішнім гады сваякі маюць штодзённы занятак. У іх ёсць справа падтрымаць роднага. Яны бясконца збіраюць перадачкі, возяць іх, выстойваюць чэргі.

– І вось так дзень за днём праходзіць тваё жыццё, – спакойна распавядае Марына Адамовіч.

Яна гаворыць:

– Бывала вельмі балюча, таму што многія людзі, якія ўпершыню сутыкнуліся з гэтай сітуацыяй гвалта, іншы раз казалі, не падумаўшы: «А што ж табе? Ты ж прывыкла».

Прывыкнуць да гэтага абсалютна немагчыма, – падкрэслівае спадарыня Марына, – бо твае веды, тваё разуменне таго, як гэта можа быць, дадаюць зусім не спакою, зусім не прыемных эмоцый. Але ж пры гэтым ў цябе ёсць яшчэ і іншыя веды.

Напрыклад, як можа быць цудоўна, калі нарэшце родныя вяртаюцца. Калі нарэшце атрымліваеш магчымась яго абняць. Жыццё адразу ўзрываецца феерверкам эмоцый, і ўсе фарбы, якіх ты не бачыш гадамі, яны ашаламляльныя.

Таму я ўсім кажу: «Вы проста думайце, як гэта можа быць, і будзе цудоўна, калі яны вернуцца».

Марына Адамовіч ўзгадвае пра сваё апошняе спатканне з Мікалаем Статкевічам:

– Гэта было ў Гомельскім СІЗА, а этапавалі іх літаральна праз пару дзён. Ты сядзіш у такой шкляной загарадцы на вельмі вузенькай лавачцы, страшна нязручнай. Да таго ж яна стаіць бокам да таго самага вакна.

А з другога боку праз добры прагал, па якім перыядычна можа прайсці супрацоўнік, за кратамі і яшчэ за адным шклом, у рэальна металічнай клетцы – прыблізна, як мы назіралі на судзе Аўтуховіча ў Гародні – сядзіць твой блізкі, і вы можаце бачыць адзін аднаго праз гэтыя два шкла, праз краты і размаўляць толькі па тэлефоне.

І гэтыя апараты настолькі старажытныя, быццам яны з 1950-х, ці не ведаю з якіх яшчэ гадоў. Фізічна вельмі цяжка, бо ідзе гоман навокал, але, калі прыходзіць твой родны, ты больш нікога не бачыш.

Там адначасова шмат людзей, бо некаторыя прыходзяць на спатканне ўдвух і гэта можа не 8 чалавек, а 15. Але яны ўсё роўна існуюць абасоблена, кожны ў сваёй прасторы, у прасторы са сваім блізкім чалавекам.

Марына Адамовіч прызнаецца:

– Для мяне заўсёды радасна тое, што, колькі б не праходзіла часу, якія б абставіны не перашкаджалі нам бачыцца, гэта заўсёды чалавек, з якім я быццам бы развіталася 10 хвілін таму. Быццам мы толькі што раніцай пілі каву.

«Мы заўсёды ведалі, і гэта было нашай агульнай з Мікалаем мантрай, што, калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў»

Жонка Мікалая Статкевіча даволі аптымістычна гаворыць не толькі пра свае спатканні з мужам, але і пра сітуацыю, ў якой апынулася Беларусь пасля 2020-га. Яна адзначае:

– У гэтым горадзе практычна не засталося знаёмых, але засталася неверагодная колькасць родных.

Проста на кончыках пальцаў ты разумееш, як шмат людзей чакае пераменаў, як шмат людзей стаіць і трымае сваю дзяляначку, узрошчвае свой сад, спрабуе ўратаваць гэтыя кволыя парасткі дзеля сябе, дзеля сваіх сем’яў і дзеля таго, што яны адчулі ў 2020 годзе. Магчыма, многія ўпершыню ў жыцці.

Мы заўсёды ведалі і гэта наша агульная з Мікалаем мантра, што, калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў. І большасць беларусаў самі сябе не пазналі. Яны здзівіліся, яны ўпершыню ўвогуле сябе ўбачылі, яны былі ўражаныя і, шчыра кажучы, нават захопленыя.

Я разумею гэта. Людзі проста захапіліся сабой, яны любаваліся сабой, і гэта было шчасце. І я вельмі веру, што гэта памяць, гэта ўнутранае пачуццё нікуды не дзенецца, нават пры тым, што ўсё вельмі дрэнна.

Марына Адамовіч кажа, што раней не магла зразумець, выязджаючы на прыроду і знаходзячы пластык і смецце, чаму людзі не прыбіраюць пасля сябе.

– І тут раптам ідзе 300 тысяч чалавек, і ніводная травінка не прымятая, ніводная кветачка не зламаная. І што гэта?

Я для сябе тады яшчэ патлумачыла, што гэта ў прынцыпе неўсвядомленая дэкларацыя. Людзі нарэшце зразумелі, што яны прагнуць іншага жыцця, што яны прагнуць жыць у прыгожай краіне сярод такіх жа прыгожых людзей, як самі, і яны гатовыя ўзяць за гэта адказнасць на сябе.

Што мы самі можам справіцца з гэтым горадам. Мы самі можам зрабіць яго вельмі прыгожым. Мы самі можам зрабіць сваё жыццё такім, каб нам не чарка і шкварка былі падараваныя з барскага пляча, а такім, як мы яго бачым і заслугоўваем.

Жонка Мікалая Статкевіча ўзгадвае і той самы момант пра лавачкі, пра які часта казалі, ўзгадваючы беларускія пратэсты:

– Гэта, ў маім ўяўленні, пра новую генерацыю людзей. Гэта пра людзей адказных, пра людзей, якія думаюць пра той асяродак, у якім яны жывуць. Якія скіраваныя не на разбурэнне.

І хай сабе гэта пэўная слабасць, бо мы апынуліся няздольныя супрацьстаяць злой чорнай машыне. Хаця ж мы ўсё роўна ёй супрацьстаім з неверагоднай сілай, таму што мы захоўваем свой сад.

Таму вось гэтя людзі, якія становяцца на лавачку, яны памятаюць, што няхай сёння ўзрываюцца побач светашумавыя гранаты, але заўтра тут будуць гуляць дзеці і заўтра тут будуць сядзець старыя людзі або цяжарныя жанчыны. І гэты горад для іх.

Гэта не павінна быць разбуранай прасторай, гэта павінна быць прасторай для жыцця. Я гэта так успрымаю: людзі заўсёды, нават у самых страшных умовах, памятаюць пра тое, што мы ў адказе за гэты горад.

Марына Адамовіч узгадвае словы свайго мужа пра беларускія пратэсты, перададзеныя з-за кратаў:

– Мікалай вельмі дакладна сказаў, што гэта не параза, а адтэрмінаваная перамога.

«І Мікалай акрамя ўсяго іншага зараз у паласатай робе»

– Мікалай атрымаў не самы вялікі тэрмін нібыта (14 гадоў – ), – быццам жартуе спадарыня Марына. – Ёсць нашмат больш страшныя тэрміны – на 20 і 22 гады. Але ён атрымаў так званы асаблівы рэжым. На сённяшні дзень ён адзіны з палітыкаў і ўдзельнікаў пратэстаў, хто яго атрымаў, як асабліва небяспечны рэцэдывіст.

Марына Адамовіч узгадвае апошняе слова палітыка на судзе ў 2011 годзе, дзе ён, звяртаючыся да шматлікіх дыпламатаў, якія сядзелі ў залі суда гаварыў: «Калі ласка, не прапаноўвайце грошы за наша вызваленне… Інакш будуць новыя закладнікі».

– І калі свет пагадзіўся, што іх вызвалілі потым з судзімасцю, гэта было бомбай, закладзенай пад іх будучыню, аб чым мы вельмі голасна гаварылі, – ўзгадвае Адамовіч. – Таму зараз Мікалай з судзімасцю, якая была не знятай да 2023 года, атрымаў калонію асаблівага рэжыма, якая па сутнасці турма ў калоніі.

Людзі знаходзяцца ў камерным утрыманні не менш за траціну вызначанага ім тэрміну. У Мікалая можа быць толькі адна перадача і дзве бандэролькі на год. У яго можа быць толькі адно доўгатэрміновае спадканне і два кароткіх.

І Мікалай акрамя ўсяго іншага зараз у паласатай робе. Гэта вельмі нагадвае вязняў фашысцкіх канцлагераў, калі мы гаворым пра аналогіі, і гэта яшчэ адна адметнасць рэжыма.

Але ён паставіўся да гэтага не без гумара. Ён прыслаў мне паштовачку з мядзведзянятам у маечцы, якая імітуе расфарбоўку пчол і напісаў «цяпер мне ідзе вось так». Ён у любой сітуацыі знаходзіць магчымасць паіранізаваць, пасмяяцца.

Адзін Мікалай і шэсць чалавек, якія сядзелі ў 2015 годзе, зрабілі больш дзеля захавання шанцаў гэтай краіны, чым многія дзесяткі і сотні тысяч, якія крычалі «ўсё прапала». Таму што ўсё так ці інакш прарастае.

Я веру ў Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)

Читайте еще

Коршунов: «В 2020 году белорусы зарубежья осознали себя белорусами. Они выделились из общего постсоветского русскоязычного пространства»

Мнение простой россиянки: «Я за эту политику двумя руками. Хотя сложно, конечно»

Конвейер репрессий. Журналисту Анджею Почобуту предъявили новое обвинение. В Беларуси плюс 15 новых политзаключенных. В Волковыске многодетную мать оштрафовали за орнамент на руле и бело-красную сумку

Глас народа: «Мы что, звери какие-то, что нас нужно запирать в клетке?»

Конвейер репрессий. В Гродно задержан независимый наблюдатель. В Беларуси плюс шесть новых политзаключенных. ГУБОПиК задержал бывшую сотрудницу МТЗ. «Спецоперация» по задержанию минчанки: силовики забрались в квартиру через окна и двери

Боец с позывным «Хутор»: «Мы все приехали сюда, понимая, что без смерти не обойтись. Чья она будет, твоя или того, кто рядом, — этого мы не знаем»