Мара, трагедыя і адзінота Паўлінкі
Яна сыграла Паўлінку з аднайменнай п’есе Янкі Купалы 450 разоў з лішкам, і стала неад’емнай часткай гісторыі купалаўскага тэатра, аднак галоўнай гераіняй трагедыі стала не на сцэне, а ў жыцці. «Салідарнасць» расказвае пра пакручастыя павароты ў лёсе актрысы Біруты Дакальскай.
Бірута нарадзілася напачатку лета 1916 года ў Вільні ў сям’і друкара. Цікава, што ў розных крыніцах імя актрысы па бацьку згадваецца ў розных варыянтах — Альфонсаўна, але ў некаторых таксама Адольфаўна.
Пасля смерці бацькі Бірута і яе старэйшая сястра некаторы час знаходзіліся на выхаванні з сваякоў, бо маці, каб забяспечыць сям’ю і гадаваць дачок, мусіла скончыць настаўніцкія курсы. Прыкладна з канца 1920-х сям’я перабралася з Дубровенскі раён, дзе маці выкладала ў школе.
У аграномы — не пайшла
Сама ж Бірута скончыла літоўскую школу з агранамічным ухілам. Здавалася б, далейшы шлях перадвызначаны? Дык вось не — мара стаць артысткай перамагла абставіны, і ў 1932 годзе дзяўчына паступіла ў Мінскі музычны тэхнікум.
Але… Праз год маці арыштавалі і асудзілі як «ворага народа» да 5 год лагера, — саслалі ў Краснаярск. Дачок арышты абмінулі, аднак Біруту з тэхнікуму выключылі. З дапамогай сяброў дзяўчына ўладкавалася швачкай на фабрыку імя Крупскай — а нерастрачаны творчы патэнцыял рэалізоўвала ў мясцовай самадзейнасці.
І гэта дапамагло — праз пару год яе заўважылі ў рабочых пастаноўках і запрасілі без аніякіх там тэхнікумаў далучыцца да трупы Беларускага дзяржаўнага тэатра рабочай моладзі.
Яшчэ праз два гады, у 1937-м, Дакальскую прынялі ў калектыў Першага беларускага дзяржаўнага тэатра — БДТ-1. Асабліва добра ёй даваліся ролі маладых дзяўчат і падлеткаў — яна іграла ў пастаноўках «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вегі, «Фландрыя» Сарду, «У стэпах Украіны» Карнейчука, «Ірынка» паводле Кузьмы Чорнага.
Гастролі даўжынёй у вайну
Напачатку чэрвеня 1941-га трупа выехала на гастролі ў Адэсу — тут іх і заспела Другая сусветная. Акцёраў эвакуявалі ў расійскі Томск — вярнуцца ў Мінск ужо не выпадала. І Бірута доўгі час не ведала, што муж яе загінуў у першых баях пад беларускай сталіцай, а трохгадовая дачка Рута, якая жыла ў старэйшай сястры актрысы, і ўсе астатнія родныя беглі ад вайны — і зніклі без слядоў і згадак на дзесяцігоддзі.
Сібірскі перыяд стаў асобным выпрабаваннем — ні ў кога з трупы не было рэчаў, акрамя летніх, як не было з сабой запасаў грошай і прадуктаў (не кажучы ўжо пра тэатральны рэквізіт, дэкарацыі, бутафорыю — усё вымушаныя былі кінуць).
Але яны працягвалі выступаць — давалі канцэрты і імпрэзы на прадпрыемствах, у шпіталях, пераклалі і паказалі на рускай мове 11 даваенных пастановак, зрабілі 14 новых спектакляў на сцэне Томскага драмтэатра, які саступіў беларусам сваю пляцоўку, нават гастралявалі ў Навасібірску.
А ўвосень 1944-га, неўзабаве пасля вызвалення, вярнуліся ў Беларусь, атрымаўшы ад тамічоў падзяку за спектаклі, што «ўсялялі бадзёрасць і веру».
І тут Біруту Дакальскую чакаў удар: замест дома, дзе жылі яе сястра з мужам і маленькая дачка актрысы, яна знайшла адно парэшткі сцен і бітую цэглу. Запыты ў Чырвоны Крыж, у розныя інстанцыі і міжнародныя арганізацыі плёну не далі. Пра лёс блізкіх удалося даведацца толькі праз 45 гадоў.
Паўлінка-рэкардсменка
Як яна знайшла ў сабе сілы не зламацца і жыць далей — ведала, мабыць, толькі яна сама ды бліжэйшыя сябры і калегі, якія глыбока суперажывалі Дакальскай. Актрыса працягвала рабіць тое, што любіла і ўмела лепш за ўсё — граць у тэатры. Яшчэ падчас эвакуацыі яна была задзейнічаная ў спектаклі «Паўлінка» ў масоўцы — але аднойчы з-за хваробы вядучай актрысы ёй прапанавалі паспрабаваць сябе ў галоўнай ролі, і пасля адной толькі рэпетыцыі Бірута «ўжылася» ў гераіню.
Акурат 70 год таму, у сезоне 1953/54, гледачы ўбачылі новую Паўлінку. У Дакальскай яна была музычная, пявучая, жвавая, бойкая, і адчувальна з характарам. А яшчэ фактычна рэкордная: у гэтай ролі актрыса выходзіла на сцэну больш чым 450 разоў (і больш як 40 год жыцця аддала менавіта Купалаўскаму тэатру).
«Яна была маёй блізкай сяброўкай, нават звала мяне — дачушка. Наогул, гэта чалавек, аб якім можна ўспамінаць толькі светла, які ўмеў жыць для другіх. Калі ў каго-небудзь здаралася няшчасце, ці не было з кім пакінуць дзіця, ці яшчэ нешта — Бірута была першай памочніцай, нікому не адмаўляла», — прыгадвала актрыса Марыя Захарэвіч у дакументальным фільме, прысвечаным Дакальскай.
Акрамя Паўлінкі, былі глыбокія драматычныя ролі — Тэкля («Адкуль грэх?» Петрашкевіча), Сцепаніда Моўчан («Амністыя» Матукоўскага), мадмуазель Куку («Безыменная зорка» Себасцьяна), былі Таццяна ў «Салаўі» Змітрака Бядулі і Марыля ў «Пінскай шляхце» Дуніна-Марцінкевіча, Дар’я ў «Дзядзечкавам сне» Дастаеўскага.
Тэатр вылучаў Дакальскую на званне заслужанай артысткі БССР — але гэта званне ёй так і не далі, а сама яна, чалавек глыбока інтэлігентны і далікатны, «прабіваць» нейкія плюшкі для сябе не ўмела.
А яшчэ былі ролі ў кіно, што праўда, эпізадычныя: «Руіны страляюць…» (1971-72), «Мы — хлопцы жывучыя» (1974), «Час выбраў нас» (1978), «Задача з трыма невядомымі» (1979), «Чорны замак Альшанскі» (1983), «Асабісты інтарэс» (1986) — на яе рахунку больш як паўтара дзясятка кінастужак.
З-за ўзросту рэжысёры бачылі ў Біруце Дакальскай вясковых бабулек — а калі б на яе звярнулі ўвагу раней (у Дакальскай быў цудоўны голас, у дадатак да акцёрскага выбітнае вакальнае майстэрства яе адзначалі і гледачы, і калегі), хто ведае, ці не загарэлася б яе кіназорка?
Амаль галівудская гісторыя
Зрэшты, самы нечаканы зігзаг адбыўся з ёй не на сцэне, а ў жыцці, — і звязаны ён з гісторыяй старэйшай сястры Біруты, Галіны (Оны) Дакальскай-Пашкевіч.
Галіна таксама абрала «інтэлігенцкую» прафесію — яна стала мастачкай, і пасля заканчэння Віцебскага мастацкага тэхнікума стала запатрабаванай мастачкай-карыкатурысткай — яе прынялі ў Беларускі саюз мастакоў, яе работы друкаваліся ў газеце «Чырвоная змена» і часопісе «Літаратура і мастацтва». Выстаўлялася яна і з Маскве ў Траццякоўскай галерэі, аднак вярнулася ў Беларусь, выйшла замуж за даволі вядомага на той час мастака Мікалая Пашкевіча.
Напачатку вайны ім разам з маленькай дачкой Біруты ўдалося з’ехаць з Мінска ў Коўна, — літаральна цудам Мікалай Пашкевіч пазбег арышту, бо нямецкая камендатура пільна да яго прыглядалася. А ў 1944-м сям’я з’ехала і з Літвы далей на Захад — з вельмі простай прычыны, бо засцерагаліся, што «самая справядлівая» савецкая армія не будзе разбірацца, а палічыць усіх, хто быў у акупацыі, «здраднікамі», і ў лепшым выпадку іх сашлюць, а ў горшым — расстраляюць.
У 1949 годзе Дакальскія-Пашкевічы пераехалі ў ЗША — дачушку сястры яны ўсынавілі. У Штатах Галіна Дакальская адкрыла ўласную мастацкую галерэю, Мікалай Пашкевіч працаваў у графічным дызайне, іхняя дачка Алія стала мастачкай у кампаніі Уолта Дзіснэя, Рута (Бірутэ Зуйовіч) — мастацкім крытыкам. А знайшліся і ўбачыліся адзін з адным блізкія людзі толькі праз паўстагоддзя — у 1990-м.
Бірута Дакальская прыехала ў ЗША і перажыла, бадай, самыя шчаслівыя моманты ў жыці, бо наноў пазнаёмілася з дачкой. Тая прапаноўвала застацца, але актрыса адмовілася і вярнулася ў Мінск. Сюды ж у 1993-м прыехала Галіна Дакальская з выставай сваіх карцін, якую прыняў Нацыянальны мастацкі музей.
А потым актрыса зноў засталася адна. Як згадваў у праграме «Святло далёкай зоркі» журналіст Аляксандр Дамарацкі, дом, у якім яна жыла, прыватызаваў банк, яе перасялілі — у новую кватэру, але ў раёне на ўскрайку Мінска. Падводзіла здароўе (а Дакальская да таго ж паліла, прычым не дамскія цыгарэты, а «Беламор»), сыходзілі з жыцця сябры…
Да свайго 80-годдзя яна не дажыла ўсяго некалькі месяцаў — Біруты Дакальскай не стала ў красавіку 1996-га. Старэйшая сястра перажыла яе на 10 год. І па жорсткай іроніі лёсу, нават у пасмерці яны засталіся вельмі далёкімі адна ад адной, геаграфічна і культурна: беларуская актрыса Бірута Дакальская пахаваная на мінскіх могілках, амерыканская мастачка літоўскага паходжання Она Дакальская-Пашкевіч — на каліфарнійскіх.
Читайте еще
Избранное