Коктейль

Максім Знак працуе ў калоніі на швейнай вытворчасці

Бацька юрыста падзяліўся з Народнай Воляй апошнімі навінамі.

Каля месяца таму юрыста штаба экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі перавялі з СІЗА ў папраўчую калонію №3, што ў Віцебскай вобласці.

Нагадаем, што Максіма Знака асудзілі да 10 гадоў калоніі за «заклікі нашкодзіць бяспецы Рэспублікі Беларусь», «змову з мэтай захопу ўлады» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». Разам з ім асудзілі Марыю Калеснікаву – на 11 гадоў зняволення.

– Максім здаровы, – распавядае Аляксандр Знак, бацька юрыста. – Размеркавалі ў атрад, працуе на швейнай вытворчасці. Лісты ён атрымаў і ад блізкіх людзей, і ад тых, з кім незнаёмы. Адказвае ўсім, але трэба яму чысты канверт адпраўляць, калі жадаеце атрымаць адказ.

Паведаміў, што днямі яму нават удалося зрабіць некалькі прабежак на мясцовым стадыёне. А вось часу чытаць зараз мала.

У сваіх лістах на волю Максім Знак паведамляе пра тое, як адаптуецца да новых умоў у калоніі, дзеліцца атрыманым турэмным досведам і дробнымі радасцямі жыцця.

«Вы ўмееце запраўляць пасцель правільна? Забудзьце, гэта ўжо не модна! – піша Максім у адным з апошніх лістоў. – Калі мы запраўляем пасцель, то адбіваем канцік драўлянай палічкай. Гэта – па-еўрапейску, модна, сучасна.

А яшчэ я навучыўся мятлой вычэрпваць лужыны і магу хутка даведацца, ці ўмее гаспадыня мыць посуд. Для гэтага дастаткова ў яе спытацца, пры якой тэмпературы і на колькі хвілін яна замочвае посуд у хлорцы.

Таксама днямі мы хадзілі ў мясцовы гіпермаркет. Вочы разбягаліся ад тавараў, хаця часу на іх набыццё было няшмат. Купіў сабе розныя тавары для гаспадаркі, з ежы ўзяў памідоры са смятанай, тварог… О, які гэта кайф – памідоры са смятанай! Еў, ажно за вушамі хрумсцела!

Так што жыццё неблагое. Кажуць, што краму мы зможам наведваць прыкладна раз на 10 дзён…»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(7)