Мае праблемы з вачыма, разьбіраецца з падатковай. Праваабаронца Судаленка сустрэўся ў СІЗА з жонкай

Палітзьняволены кіраўнік Гомельскага аддзяленьня «Вясны» Леанід Судаленка днямі сустрэўся з жонкай Аксанай. Спатканьне ў СІЗА пары далі нечакана, заяву разгледзелі апэратыўна, паведамляе Радыё Свабода.

Леанід Судаленка. Фота baj.by

«Я зьдзіўлены, што ты прыйшла. Як табе далі спатканьне?

Аксана Судаленка расказала «Вясьне», як прайшла сустрэча з мужам.

«Я не чакала, што так хутка разгледзяць нашую заяву і дадуць нам спатканьне, бо ўсе спатканьні, якія былі да гэтага, мы атрымлівалі з боем. Муж таксама не чакаў і быў зьдзіўлены, што нам дазволілі сустрэцца. Ён так і сказаў: «Я зьдзіўлены, што ты прыйшла. Як табе далі спатканьне?» Вось, відаць, зрабілі ласку», — кажа Аксана.

Сустрэча мужа і жонкі доўжылася дзьве гадзіны ў адмыслова абсталяваным пакоі праз шкло, з дапамогай тэлефонных трубак.

«Муж трымаецца малайцом, ён барацьбіт. Акрамя таго, і мяне ўсяляк імкнецца падтрымаць, таму што я засталася адна з усімі сямейнымі справамі і праблемамі», — кажа Аксана.

Мае праблемы з вачыма, сукамэрнікі кураць

Зь ейных словаў, Леанід выглядае крыху стомленым, у яго вялікая нагрузка на вочы.

«У яго са зрокам не зусім усё ў парадку было і на волі, а цяпер яму патрэбнае больш яркае сьвятло: ён адказвае шмат якім людзям на лісты, сам піша разнастайныя хадайніцтвы. Мне муж асабліва ня скардзіцца ні на што», — кажа жонка праваабаронцы.

Ён папрасіў перадаць яму ў СІЗА пэўныя лекі.

Леаніда Судаленку перавялі ў іншую камэру: раней ён быў у камэры на чатыры чалавекі, а цяпер — на дзесяць. Большасьць сукамэрнікаў кураць.

Родныя, сябры, калегі і неабыякавыя людзі пішуць праваабаронцу лісты, але ня ўсе зь іх яму перадаюць.

«Нават мае лісты, якія дасылаю праз платны сэрвіс «Белпошты», даходзяць з затрымкай. Штосьці прытрымліваюць, штосьці не аддаюць — цэнзура як працавала, гэтак і працуе. У пляне атрыманьня карэспандэнцыі сытуацыя нездавальняльная», — падкрэсьліла Аксана Судаленка.

Лістуецца з падатковай інспэкцыяй

Падатковая інспэкцыя запатрабавала дэклярацыю аб даходах праваабаронцы за 2014–2020 гады, падаць якую ва ўмовах СІЗА нерэальна: няма доступу да дакумэнтаў, чэкаў, каб можна было давесьці, што ўсе падаткі сплачаныя.

Праваабаронца пачаў ліставацца з падатковай інспэкцыяй зь СІЗА — удакладняе, як падаць дэклярацыю.

«І наогул, мы не разумеем, чаму падатковая накіравала запыт, калі за апошнія прынамсі тры гады муж падаваў дэклярацыі, а за 2020 год я сама асабіста падавала. Чаму гэтыя гады таксама ўключылі? Магчыма, ёсьць нейкая замова. Але цяпер ня толькі ў мужа патрабуюць гэтую інфармацыю, па краіне шмат якія людзі сутыкаюцца з падобнай праблемай. З адзіным «але»: калі ў чалавека ёсьць хоць самае малое права атрымаць, прагледзець, праверыць інфармацыю і пераканацца, што сапраўды штосьці дзесьці не было ўлічана, то ў майго мужа такой магчымасьці няма, — шкадуе жанчына.

«Муж штогод выступаў Дзедам Марозам і ладзіў Новы год»

Судаленкі падчас сустрэчы абмеркавалі пытаньні сям’і і навагодніх сьвятаў.

«У нас ёсьць традыцыя: муж штогод выступаў Дзедам Марозам і ладзіў Новы год. Мы абмяркоўвалі падарункі, каго і як павіншаваць, што лепш зрабіць», — расказвае жанчына.

Аксана адзначыла, што мужа цікавіць усё, што адбываецца ў краіне. Аднак ён у інфармацыйным вакуўме, бо з газэт атрымлівае толькі «СБ: Беларусь сегодня», «Гомельскую праўду» і «Народную газету».

«Муж верыць, што рана ці позна ўсё павінна зьмяніцца, скончыцца — і надыдзе пераломны момант. Я ведаю свайго мужа, ён не пакіне гэтую палітычную справу ў адносінах да сябе — гэта дакладна. Бо ён любіць абараняць простых людзей, дапамагаць ім парадай, справай, усім, чым заўгодна», — мяркуе жанчына.

Яна думае, што і цяпер за кратамі ён падказвае іншым, як і што лепей зрабіць для абароны сваіх правоў.

«І тыя незаконныя палітычныя артыкулы, якія людзям былі інкрымінаваныя, і тая сытуацыя, у якой мы таксама аказаліся, — мой муж не пакіне ўсё гэта проста так і ўсё-ткі даможацца справядлівасьці. Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць і верне яго сабе назад», — упэўненая Аксана Судаленка.

Трэцяга лістапада праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучаньне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне» (ч. 2 арт. 342 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Напісаць ліст праваабаронцу можна на адрас: СІЗА № 3, 246003, Гомель, вуліца Кніжная, 1А, Леаніду Леанідавічу Судаленку.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:5)