Маці-гераіня. Пяцёра дзяцей засталіся з бабуляй пасля затрымання бацькоў за палітыку
38-гадовая Вольга Залатар трапіла на Валадарку, на наступны дзень суддзя Кацярына Новікава адправіла на суткі яе мужа.
Вольга Залатар з мужам і дзецьмі. Фота са старонкі Вольгі Залатар у фэйсбуку.
18 сакавіка жыхарку Ждановіч Мінскага раёна Вольгу Залатар затрымаў ГУБАЗіК. Гэтае ўпраўленне міліцыі, якое мае займацца арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, за апошні год пераключылася на палітычныя справы. Па словах суседзяў, сілавікоў было каля дзесяці. «Мы з жонкай так адразу і зразумелі, што гэта за палітыку, бо Вольга была такая актыўная ва ўсім», — сказалі «Нашай Ніве» суседзі.
«Дзякуй. Нічога не трэба. Можа сёння адпусцяць», — адказаў удзень 18-га муж Вольгі Сяргей Ганкевіч іншаму суседу, які спытаў, ці трэба ім нейкая дапамога.
Не толькі не адпусцілі жонку, але а 23-й гадзіне вечара затрымалі і самога Сяргея.
І пра Вольгу, і пра Сяргея суседзі гавораць з павагай. Гэта шмат у чым тыповая сям'я «працавітага сярэдняга класа». Як і большасць жыхароў мінскіх прыгарадаў, яны працуюць у прыватных прадпрыемствах або на сябе. Збудавалі сабе дом.
Але сям'я Ганкевіча і Залатар вылучаецца колькасцю дзяцей. Іх у сям'і пяцёра. Чатыры дачкі, старэйшай з якіх 17 гадоў, і сын, меншанькі, яму 4 гады. Па словах суседзяў, Вольгу затрымалі ў аўтамабілі, калі яна везла 10-гадовую дачку на заняткі па цымбалах.
38-гадовая Вольга Залатар стала добра вядомай у Ждановічах пасля мінулага года. Яна была назіральніцай на мясцовым участку для галасавання.
«У нас чалавекі тры ці чатыры пайшлі ў назіральнікі, подпісы збіралі за гэта. Вольга была самая актыўная сярод іх. У яе характар такі, лідарскі, і пачуцце справядлівасці. Гэтая б ужо наша дэпутатка была, калі б была дэмакратыя», — кажа жыхарка пасёлка, маладая пенсіянерка.
Вольга Залатар. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку.
Да назірання на ўчастку Вольгу Залатар так і не дапусцілі, там засядалі толькі назіральнікі ад пралукашэнкаўскіх арганізацый. Назіральнікі ж з ліку жыхароў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, вымушаныя былі заставацца ў двары ўчастка, размешчанага ў школе-інтэрнаце для людзей з парушэннямі слыху і ўкамплектаванага яго супрацоўнікамі.
«Адна наша жанчына ў камісію вылучалася, мы подпісы за яе паставілі. Не ўзялі! А нашы назіральнікі на парозе назіралі. Ну нам усё ясна стала пра гэтыя выбары, — кажа суседка-пенсіянерка. — У нас напісалі 40, здаецца, працэнтаў Ціханоўскай, а на суседнім участку ў Тарасаве ў Ціханоўскай было 90, там лічылі галасы не хаваючыся», — дадае яна.
Выбары былі момантам палітызацыі жыхароў не толькі Мінска, але і прыгарадаў. Палітычныя патрабаванні тут, як і скрозь, наклаліся на сацыяльныя. Людзі групіраваліся ў мясцовых чатах — спачатку ў вайберы, пасля — у тэлеграме.
«Паглядзіце, якія ў нас вуліцы. Гэта ж жах — як у Афрыцы. Паўзеш сярод ям. Дык гэта яшчэ вуліца Беларуская, яна лічыцца ў нас цэнтральнай, па ёй маршрутка ездзіць. А на Маладзёжную, Светлую, Чыстую, Заходнюю, Дружную вясной у гумовых ботах толькі заходзь», — кажа нам мужчына.
Сапраўды, вуліца, на якой стаіць дом Вольгі Залатар, — уся ў ямінах.
Вуліца Беларуская — цэнтральная ў гэтай частцы Ждановіч, па ёй ездзіць маршрутка.
Вольга Залатар — беларускамоўная па жыцці, муж у яе рускамоўны. Вольга скончыла Ліцэй БДУ і Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ.
Пасля выбараў, глыбока ўражаная бесцырымоннасцю таго, што адбывалася на ўчастках, Вольга Залатар працягнула грамадскую дзейнасць. Суседзі кажуць, што яна «і каля турмаў валанцёрыла, і многа чаго рабіла». Па іх словах, Вольгу тройчы затрымлівалі.
«Першы раз быў пратакол за чаяпіцце, — расказвае суседка-пенсіянерка. — Тады не затрымлівалі, але быў суд і штраф. Ну, паказвалі так: за што хочаш будзем вас штрафаваць. За чаяпіцце — штраф! Панімаеце — што там сабраліся і чай пілі, маўляў, незаконна. Людзі стараліся аб’ядноўвацца — дык страшылі, каб не аб’ядноўваліся».
Другі раз Вольгу разам з яшчэ адной жанчынай з суседняй вуліцы затрымалі каля «мурала Паўла Латушкі».
Паводле версіі міліцыі, яны прыйшлі адмываць фарбу з замаляванай днямі выявы Паўла Латушкі на сцяне электрашчытавой. Там іх чакала засада, пісалі ў мясцовым чаце.
Павел Латушка — кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, былы міністр культуры і адзін з лідараў апазіцыі. Да эміграцыі ў жніўні ён жыў у Ждановічах. Яго выява пратрымалася на той сцяне ў Ждановічах каля пяці месяцаў, пасля чаго «невядомыя» яе сказілі. Але аўтары выявы загадзя пакрылі яе сіліконам, таму людзі некалькі разоў змывалі наслаенні фарбы. Цяпер на яе месцы — крывы чорны прастакутнік.
«Трэці раз яе затрымалі ў горадзе зімой», — працягвае сусед.
У тэлеграм-канале Spiski_Okrestina ёсць інфармацыя пра затрыманне Вольгі Залатар 31 студзеня. У той дзень некалькі соцень чалавек зладзілі гулянні па праспекце Незалежнасці без сімволікі напярэдадні «Усебеларускага народнага сходу». Некалькі дзясяткаў з іх затрымалі.
«Помню, мы з мужам у той дзень заказалі торт у «Е-дастаўцы», дагаварыліся аднесці адной суседцы, якую перад тым затрымлівалі. Увечары пішам ёй у тэлеграме, што мы вам торт прынясём. А яна піша: «аднясіце лепш Вольжыным дзецям». А што ж такое? «А вы не чыталі? Яе ж затрымалі сёння ў горадзе». Ну аднеслі мы тым дзецям», — расказвае іншая жыхарка Ждановіч.
2 лютага суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Пірожнікава прысудзіла Вользе 50 базавых штрафу.
«Вольга актыўнічала, а Сяргей, яе муж — то не, ён быў цалкам загружаны працай. Пяць дзяцей усё-такі», — кажуць суседзі.
Суседзі кажуць таксама, што Вольга Залатар ім расказвала, што ў іх з мужам на 19 сакавіка былі білеты ў Турцыю. Яны збіраліся на час веснавых канікул трохі адключыцца і адпачыць.
У 14:30 18 сакавіка Сяргей прыехаў з працы дадому, дзе пасля затрымання мамы заставалася толькі 10-гадовая дачка. У 23:00 яго выклікалі ў РУУС, дзе азнаёмілі з пратаколам, у якім было пазначана, што Сяргей «у 13:50 у акне прыватнага дома на агульны агляд вывесіў незарэгістраваны БЧБ-сцяг, тым самым правёў пікетаванне».
Аб пратаколе па арт. 24.23 КаАП мужчына даведаўся толькі ў РУУС, куды яго выклікалі каля 23:00 для допыту, адзначаюць праваабаронцы.
Справу Ганкевіча, паведамляе тэлеграм-канал «Вясна назірае», разглядала суддзя Мінскага раёна Кацярына Новікава. Вось як апісваюць суд праваабаронцы-вясноўцы:
«Суду Сяргей растлумачыў, што сцягоў дома ў іх не было, а тым больш яны не віселі на акне. Таму ён выказаў здагадку, што самі супрацоўнікі вывесілі яго, каб мець падставы для затрымання.
У пратаколе пазначана, што пікетаваў Сяргей у доме …8, вось толькі ён пражывае ў доме …6. У матэрыялах справы ёсць фота сцяга на акне, але Ганкевіч звярнуў увагу суда, што фота зроблена з двара, а не з вуліцы.
З вуліцы вокнаў дома на першымі паверсе не відаць, таму што агароджа вакол дома вышынёй 2,2 метра.
На судзе дапыталі і маму Вольгі Залатар Яніну, па словах якой, Сяргей катэгарычна забараняў трымаць у доме БЧБ-сцяг і казаў, што ён апалітычны, бо яму трэба карміць пяць дзяцей.
Яніна Залатар таксама сказала, што Вольга перастала выходзіць на сувязь яшчэ раніцай. Яна павінна была адвезці дачку а 10-й на занятак па цымбалах, але выкладчыца паведаміла, што дзяўчынка ў школе не з'явілася. Пазней ёй стала вядома, што дома праводзілі ператрус каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа.
Рапарт складаў сведка-міліцыянт Павел Юхіменка. На судзе ён сказаў, што ўказаны ў пратаколе дом …8 — гэта толькі тэхнічная памылка.
З допыту сведкі-міліцыянта:
— Вы можаце указаць, што канкрэтна Сяргей размясціў сцяг на акне?
— Не.
— Што адбылося са сцягам, дзе ён?
— Супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі.
— Дазвол на фатаграфаванне ў доме давалі?
— Не.
— Сцяг з вуліцы бачны?
— Плот вышэйшы за мяне (2,2 метра), але я магу падскочыць, каб убачыць акно першага паверха».
Суддзя Новікава мела фармальныя падставы адправіць пратакол на дапрацоўку, але не палічыла гэта патрэбным і асудзіла Сяргея на 10 сутак арышту.
Так пяцёра дзяцей засталіся без нагляду бацькоў.
Расцэньваць вывешаны ў акне ці на балконе сцяг ці выяву як пікетаванне пачалі ў 2020 годзе. На думку праваабаронцаў, такая інтэрпрэтацыя — гэта юрыдычны нонсэнс, а пакаранні на яе аснове — беззаконныя.
Паводле інфармацыі суседзяў, якія спасылаюцца на адваката, Вольга Залатар падазраваная па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса. Гэта самы агульны артыкул, які выкарыстоўваецца супраць палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі: «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Па тым самым артыкуле праходзяць, да прыкладу, сябры прэзідыума Каардынацыйнай рады.
Мы не змаглі звязацца з адвакатам, каб праверыць, ці гэта сапраўды так. Што канкрэтна ставіцца ў віну Вользе Залатар, пакуль невядома. Па словах сваякоў, яна знаходзіцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
За сітуацыяй з Вольгай Залатар сочыць супольнасць выпускнікоў Ліцэя БДУ, а таксама каталікі Ждановіч (сям’я Вольгі Залатар — вернікі, належаць да мясцовай парафіі).
Па словах мясцовых жыхароў, усяго ў пасёлку Ждановічы некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі праз палітычныя затрыманні і штрафы. Прынамсі адзін мясцовы жыхар прызнаны палітвязнем — гэта Аляксей Беразінскі, асуджаны на 3,5 года калоніі.
Трое сутак пасля затрымання 38-гадовай Вольгі Залатар сканчаюцца заўтра, у нядзелю. Стане ясна, ці застанецца ў турме маці-гераіня з мінскага прыгарада.
Читайте еще
Избранное