Общество

Леанід Судаленка: «Прыемна чуць, як людзі ў судзе кажуць «дзякуй», звяртаючыся да мяне ў клетку»

Стала вядома, колькі пракуроры запрасілі для гомельскага праваабаронцы і валанцёрак «Вясны».

Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Марыя Тарасенка

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля з трэцяга верасня ідзе судовае разбіральніцтва над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі «Вясны» Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка, паведамляе spring96.org.

Усіх іх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

Стала вядома, што пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакаранне палітвязням: для Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы — тры гады пазбаўлення волі, Марыі Тарасенка — два з паловай гады калоніі.

Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыедзе, а Леанід і Таццяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня адпаведна. Прысуд будзе абвешчаны суддзёй Сяргеем Салоўскім у хуткім часе.

Леанід Судаленка з-за кратаў распавёў «Вясне», што адбываецца на закрытым судзе.

Усяго па крымінальнай справе было дапытана каля 200 чалавек. Па інфармацыі Леаніда, на судзе былі дапытаныя 61 чалавек — у асноўным, гэта кліенты, якія звярталіся да праваабаронцы па прававую дапамогу:

— Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць «дзякуй», звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда.

Нагадаем, Леанід Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца пад вартай у СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Таццяна Ласіца. У дачыненні да Марыі Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і падпіскі аб нявыездзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)