Экономика

Кватэры ў каркасных дамах у Мінску патаннелі на 10-15 тысяч даляраў. Што адбываецца?

Калі раней аднапакаёўку з рамонтам у новым доме каля метро прадавалі за 75 тысяч даляраў, то цяпер гатовы аддаць за 60 тысяч. Пра новую тэндэнцыю на рынку нерухомасці Нашай Ніве расказвае эксперт Наталля Літоўская.

Што адбываецца? У каркасных дамах каля метро, здадзеных пасля 2008 года, сталі выстаўляць на продаж аднапакаёўкі з чарнавой аддзелкай ад 56 тысяч даляраў. З рамонтам, гатовыя да пражывання — ад 60 тысяч. Размова пра кватэры плошчай 40-43 квадратныя метры.

Па назіраннях эксперта, у маі такія цэны былі толькі ў панэльных дамах. Аднапакаёўкі ў каркасных з будаўнічай аддзелкай выстаўлялі за 65 тысяч даляраў, а з рамонтам — за 75-80 тысяч. Каб не было ілюзій — такія прапановы ёсць і цяпер, не ўсе скідваюць суму.

— Па цэнах крыху вышэйшых, чым у дамах, якія будуюцца, у гатовых прадаюць тыя, каму патрэбна тэрмінова прадаць, — тлумачыць Наталля Літоўская. — Бо стаміліся чакаць. Занадта доўга не бралі іх нерухомасць, бо ў новабудоўлях побач з блізкім тэрмінам здачы было танней.

Не выключана, што прадаюць, каб дакласці крыху ці дакрэдытавацца, пакуль ёсць крэдыты, і купіць кватэру большай плошчы ў суседняй новабудоўлі. Наогул такі разумны ход — прадаў за 60 тысяч, узяў крэдыт на 20, пабудаваў еўратрошку і атрымаў ключы ў наступным годзе.

Эксперт заўважае, што гэта яшчэ не цэнапад — зрух намеціўся толькі па адным сегменце другаснага жылля:

— У іншых трэнд на зніжэнне захоўваецца, але з якой хуткасцю цэны будуць змяншацца, ніхто не прадкажа.

А вось па новабудоўлях сітуацыю прагназаваць складана:

— Попыт на іх высокі, і нейкіх змяненняў цэн, пакуль ёсць крэдыты, чакаць не варта. Але можна чакаць старту новых праектаў. Там на стадыі катлавана звычайна цэны на 15-20% ніжэйшыя за тыя, што будуць у тым жа доме бліжэй да здачы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)