Общество

Кузняцоў: «У доўгатэрміновай перспектыве выжыць гэты рэжым не можа»

Стваральнік «Моцных навін» — пра тое, чаму застаецца ў Беларусі, и пра галоўны фактар небяспекі ў краіне.

Фрагменты з інтэрв’ю Нашай Ніве.

— За гэты год вы пачалі весці ўласны аналітычны блог, ён хутка набыў папулярнасць. Чаму раптам пачалі гэтым займацца і ці не страшна пісаць свае думкі ў часы, калі любое слова можа абярнуцца крыміналкай?

— Натхніла неабходнасць нешта казаць пра рэчы, у якіх, на тваю думку, штосьці разумееш.

Раней я неяк не адчуваў у гэтым блогу патрэбы: мне падавалася, што наша грамадства спіць, што няма попыту на такое. Было тры-чатыры каментатары на ўсю інфармацыйную прастору, і гэтага было досыць.

А цяпер, калі грамадства ажыло, пачало цікавіцца працэсамі, якія адбываюцца, людзі пачалі асэнсоўваць гэтыя падзеі. Мне падалося, што ёсць патрэба ў тым ліку і ў дыскусіі, ёсць патрэба ў матэрыялах для разваг, трэба больш пытанняў для пошуку адказаў.

І я завёў канал падчас першай хвалі кавіду, калі якраз пачала ажываць грамадская думка, проста каб выказвацца і заахвочваць дыскусіі, заахвочваць грамадства мысліць.

А наконт страха… Не ведаю. Напэўна, страшна, бо даводзіцца ўсё ж асцярожнічаць і падбіраць словы. На маю думку, галоўны фактар небяспекі ў сённяшняй Беларусі — не падбіраць словы.

Можна выказацца пра адно і тое ж, але ў розных фармулёўках, і пасля чалавек, які выкарыстаў «недыпламатычную» фразу, пойдзе ў турму. Бо беларуская ўлада — яна вельмі эмацыйная і імпульсіўная.

Увесь час маёй працы ў грамадскім сектары і медыя я сыходзіў з таго, што калі працуеш публічна і хочаш мінімізаваць рызыкі, то трэба не дапускаць асабістай варожасці да канкрэтных людзей, трэба быць узважаным.

Па-дурному, знаходзячыся ў Беларусі, казаць, што я не адчуваю ніякага страху, што нічога не здарыцца. Але, мяркую, усе людзі адчуваюць страх. Галоўная задача чалавека і грамадзяніна — каб страх цябе не паралізаваў, каб ты не страціў магчымасць рухацца, дыхаць, жыць і дзейнічаць.

Універсальнага рэцэпта, як захаваць сябе ў такіх умовах, няма, бо ўсе ж розныя людзі. Мне дапамагае падтрымка блізкіх, таксама мая здольнасць пераключацца і адключацца ад гэтай штодзённасці.

І таксама здольнасць думаць раней, чым панікаваць, шукаць тлумачэнні з’явам і спрабаваць разумець, якую небяспеку гэтыя з’явы нясуць непасрэдна мне і, зыходзячы з таго, прымаць рашэнні.

— У вашым блогу вы часта пішаце, што падзеі — агонія рэжыму, што гэта дэградацыя і набліжэнне канца. Але ж гэтая агонія, па-першае, паспяхова адбірае і працу, і волю ў вялікай колькасці людзей. А, па-другое, яна ж можа зацягнуцца на гады, калі не на дзесяцігоддзі.

— Я ўпэўнены, што гэта агонія. І дэградацыю бачна ва ўсім, тое, што казалі летась, актуальна і сёння: што рэжым не зможа існаваць у такім стане доўга, бо гэта стан звышмабілізацыі ў сітуацыі вялікага недахопу рэсурсаў — і чалавечых, і інфармацыйных, і матэрыяльных.

Але і праўда, што гэта можа расцягнуцца, і праўда, што гэты рэжым наносіць вялікія страты грамадству.

Аднак, у нейкім сэнсе, гэта таксама гістарычная заканамернасць, бо беларускаму грамадству не ўдалося пераламіць сітуацыю ў 2020 годзе.

І праз гэта ў рэжыму з’явіўся вялікі люфт часу, калі ён можа шмат чаго нарабіць. На жаль, гэта вельмі негатыўна цяпер адбіваецца на ўсім у Беларусі, бо людзі рэжыму разумеюць, ад чаго залежыць іх існаванне як адзінай магчымай улады ў Беларусі.

І яны робяць усё, каб не з’явілася ніякай сілы, каб нехта прыйшоў ім на змену. Вось толькі гістарычнай перспектывы ў гэтым няма, хіба толькі наступствы для краіны будуць цяжэйшымі. Але ў доўгатэрміновай перспектыве выжыць гэты рэжым не можа. Ён не зможа рэалізаваць сваю мару аб манархічным транзіце ўлады, ці пра што там мараць.

— Чаму засталіся ў Беларусі?

— Магчымасцяў з’ехаць хапае. Але не бачу, чым мне займацца па-за Беларуссю. Я не веру ў перспектывы пабудовы эфектыўнага медыясектара па-за межамі ці па перыметры Беларусі. Ды і шмат хто паехаў, думаў, што на два месяцы, а цяпер невядома, як вернецца.

Я застаюся, бо ўсё ж веру, што з’явяцца ўмовы, каб нешта добрае рабіць, і тыя, хто застаўся, змогуць гэтым скарыстацца. А калі хтосьці з’ехаў, то вярнуцца можа быць цяжкім пытаннем па вялікім шэрагу прычын.

Не хачу гучных слоў, але можа стацца і так, што тыя, хто эміграваў, хаця мог застацца, трапілі ў такую сітуацыю, пра якую я казаў, што трэба старацца думаць раней, чым панікаваць.

Ёсць верагоднасць, што людзі, якія з’ехалі ў эмацыйным стане, маглі б ператрываць і застацца, бо пасля, магчыма, у іх не атрымаецца вярнуцца ў Беларусь у тым жа амплуа, у якім яны краіну пакідалі. І гэта будзе вялікай стратай для нашага грамадства.

І я веру, што пакуль я тут, я хаця б захоўваю сябе ў гэтай краіне і для гэтай краіны. І гэтую краіну для сябе. Бо нідзе больш акрамя Беларусі я свайго жыцця не бачу.

Перспектыва пасадкі маячыць тут перад усімі. Але ж невядома, наколькі гэта рэальна ці смяротна небяспечна. Гэта рызыкі, але ж і рызыка трапіць пад аўто таксама існуе.

Я не веру ў магчымасць таго, што можна пабудаваць жыццё так, каб не было ніякіх рызык. Гэта наша жыццё. У свеце можна нейкі «залаты мільярд» жыве з мінімальнымі рызыкамі, астатні свет жыве так жа, з рызыкамі штодня. Ды і тут, дзякуй богу, пакуль не ЦАР, яшчэ галовы не рэжуць — хаця можа быць і такое. Але тут я ў пэўным сэнсе фаталіст.

Было б вельмі крута жыць спакойна і не рызыкуючы, але ж у тых, хто з’язджае, з’яўляюцца свае праблемы, і я зусім не ўпэўнены, што яны больш шчаслівыя, чым той жа экс-следчы Юшкевіч, які сядзіць у СІЗА і кажа, што ўсё роўна не стаў бы з’язджаць, хоць у выніку знаходзіцца за кратамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(55)