«Купалаўцы» паставілі спектакль паводле рамана Сяргея Пясецкага

Прэм’ера адбудзецца ўжо 4 снежня.

Прэм’ера адбудзецца ўжо 4 снежня на фестывалі ў Кракаве.

Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» адкрые другі сезон спектаклем «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле аднайменнага раману Сяргея Пясецкага.

Прэм’ера адбудзецца жыўцом у межах фэсту «Боская камедыя» на пляцоўцы «Małopolski Ogród Sztuki» ў Кракаве. А праз месяц пастаноўку змогуць убачыць беларусы па ўсім свеце – анлайн на ютуб-канале вольных Купалаўцаў.

«Запіскі…» – самы вядомы раман афіцэра, публіцыста і пісьменніка Сяргея Пясецкага – убачылі свет у 1948 годзе ў Вялікабрытаніі.

Кніга, якая лічыцца прыкладам жорсткай сатыры, апісвае падзеі Другой сусветнай вайны ў Вільнюсе і Гродне, з досыць чорным гумарам перадаючы сутнасць савецкай ідэалогіі  і светапогляд «хома савецікус». Ажно да 1990 года раман быў забаронены ў Польшчы.

На беларускую мову кнігу пераклаў Алесь Астраўцоў, пастаноўку зрабіў рэжысёр Мікалай Пінігін, сцэнаграфію – мастачка Кацярына Шымановіч.

У новым спектаклі купалаўцаў занятыя Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Ігар Сігоў, Сяргей Чуб, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Аляксандр Паўлаў і іншыя акцёры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)