Истоки

Вераніка Бялова

Красулін: «Дыктатура Лукашэнкі — гэта не тое, што мы самі стварылі сабе на пустым месцы»

Як стала магчыма з’яўленне дыктатуры ў нашай краіне? Хто ў гэтым вінаваты і што не так з беларусамі? І галоўнае — як скінуць тырана і пры гэтым не паставіць на яго месца іншага?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы спрабуем знайсці ў межах нашага спецпраекту Вытокі. У інтэрв’ю «Салідарнасці» гісторык Яўген Красулін расказаў, у чым асаблівасць беларускай дыктатуры і як з гэтым змагацца.

Яўген Красулін. Фота: Генадзь Верацінскі, з асабістага архіаву Яўгена Красуліна

— Хацелася б зразумець, як стала магчымым з'яўленне дыктатуры ў Беларусі. Ці быў нейкі адмысловы падмурак для таго, каб яна ўзнікла?

— Уласна кажучы, дыктатура можа з’явіцца ў любой краіне: няма такой нацыі, якая б мела прышчэпку ад дыктатуры. Яшчэ з антычнасці людзі спрабавалі ўвесці законы, каб абараніць сябе ад з’яўлення новых тыранаў, і ўсё роўна пазбегнуць гэтага было немагчыма. Гэта ў чалавечай прыродзе.

Вось, здаецца, Еўрапейскі звяз — ну адкуль там ўзяцца дыктатуры? А тут, бачыце, праз асфальт прабіваецца гэтак званы «арбанізм» на Вугоршчыне. І там ужо адкрытым тэкстам кажуць, што краіна скатваецца да аўтарытарызму. Ды і ў іншых краінах Еўропы можна адсачыць такія непрыемныя моманты.

Што можа быць падставай для ўзнікнення дыктатуры? Тут мы кажам не пра барацьбу паміж дабром і злом, а паміж рацыянальным і эмацыянальным. Дыктатар — гэта найчасцей за ўсё дэмагог, то бок у яго такая палітычная манера паводзін, што ён апелюе да эмоцый, а не да розуму. Розум, крытычнае мысленне — гэта якраз тое, што працуе супраць яго.

А эмоцыі могуць быць выкліканы розным фактарамі. Напрыклад, нянавісцю да якой-небудзь групы. Дэмагог заўсёды будзе выдзяляць групу чужых: «клятыя апазіцыянеры», «агенты Крамлю» ці што-небудзь падобнае, што будзе эмацыйна мабілізаваць яго аўдыторыю і накіроўваць гэтыя негатыўная эмоцыі супраць чужога.

Людзьмі, якія арыентуюцца на эмоцыі, вельмі лёгка маніпуляваць. А маніпуляцыя — гэта, лічы, дыктатура. Бо ўжо не логіка, не розум, не закон кіруе, а эмоцыя, якая дазваляе выключыць усе астатнія чыннікі.

У дыктатуры людзі бачаць заступніцтва, абарону ад чагосьці, чаго яны страшацца. Страх таксама вельмі моцная эмоцыя. Людзі прагнуць спакою, і яны бачаць ў такім патэнцыйным дыктатары, які прамаўляе патрэбныя слыху рэчы, таго, хто прымае рашэнні і хто ў выніку абароніць іх жыцці. І ў абмен на гэтую абарону яны гатовы ахвяраваць на карысць вось гэтага «абаронцы» некаторымі сваімі правамі. Для пачатку гэта можа быць права выбару.

А калі вельмі хутка інтарэсы грамадства і дыктатара пачынаюць разыходзіцца і наступае расчараванне, то часта ўжо бывае запозна. І ўжо, каб пераадолець гэтую ўсталяваную дыктатуру, патрэбныя вялікія высілкі і вялікія ахвяры. І зноў грамадства пачынае шукаць розныя варыянты рашэння і ў выніку далёка не ўсе краіны без вялікіх страт выходзяць з гэтых сітуацый.

Калі паглядзець на Беларусь і прыгадаць сітуацыю першай паловы 90-х, то тады эмоцыі даволі моцна прысутнічалі ў грамадстве і іх штучна разганялі. Беларусы прагнулі абароны, бо іх палохалі з тых жа масмедыя, што ўсё ляціць у бездань, жыць цяжка, гарантый ніякіх, будучыня знікла (зразумела, так думалі не ўсе). А людзям трэба была стабільнасць, каб нехта абараняў, каб нехта даў рады гэтым карупцыянерам, чыноўнікам, палітыканам, бізнесоўцам, якія нас рабуюць.

І ў выніку мы маем гэтую самую дыктатуру.

— З якога перыяду, як вам здаецца, мы звярнулі з дэмакратычнага шляху. З чым гэта звязана, хто вінаваты?

— Пакуль мы асабліва і не заходзілі на гэты шлях. Уласна кажучы, дыктатура Лукашэнкі — гэта наступствы дыктатуры Саветаў, пачынаючы з дыктатуры пралетарыяту. Мы перажываем цяпер тое, праз што нам давялося прайсці за гэтыя апошнія сто год. А калі будзем браць пачатак з акупацыі Расійскай імперыяй — за апошнія 200 з лішкам год.

То-бок цяпер мы выкарабкваемся з гэтага правалу. І дыктатура Лукашэнкі — гэта хутчэй афтэршок, гэта не тое, што мы стварылі сабе на пустым месцы.

Так адбылося таму, што савецкая дыктатура не дазволіла нам сфармаваць палітычную культуру і неабходныя веды, каб мы выскачылі з гэтага. Пасля савецкая перыяду мы не маглі проста так адысці ад дыктатуры. Бо ў эмацыйнасці засталася гэтая патрэба абароны і вера, што ёсць людзі больш разумныя, больш здольныя, небажыхары, якія ўсё ведаюць (як савецкая наменклатура і партыйныя дзеячы).

Гэта потым уплывала на наш выбар. І тут ніякі нацыянальны характар і асаблівасці беларусаў ролі не адыгралі.

Наадварот, тое, што я назіраў нават з 90-х гадоў, а далей толькі болей пераконваўся, — беларусы выступалі супраць дыктатуры, у іх не было прыняцця яе. Адзінае, што людзі не былі ўпэўнены, што яны ў большасці. Што вялікага даў 2020 год — дык гэта разуменне, што нас большасць.

З гэтым зараз зацята змагаюцца.

Але людзі бачылі, яны гэта памятаюць і цяпер не так проста пераканаць, што большасць беларусаў выступае за дыктатуру. Хоць такія спробы будуць ажыццяўляцца. І трэба быць гатовымі і разумець, што гэта не болей чым маніпуляцыя, каб перамагчы нас і пакінуць у тым стане, у якім знаходзімся.

— Калі зазірнуць у гісторыю, якой, з прававога пункту гледжання, была наша дзяржава ў розныя перыяды свайго развіцця? Ці адрозніваліся мы нечым ад суседзяў?

— Калі возьмем эпоху Полацкага і іншых княстваў, то суседзі былі, бадай, такія ж. Увогуле, калі казаць пра палітычную сітуацыю на нашых землях ў 10-11 стагоддзі, то гэта мне больш за ўсё нагадвае ўтварэнне дзяржавы праз рэкет: ёсць шобла, банда, якую прыгожа клічуць князем з дружынай, якая ездзіць і «крышуе» навакольных сялян, у яе ёсць свая тэрыторыя, яна яе абірае, а калі нейкі суседні князь са сваёй бандай-дружынай туды лезе, то абараняе ад іх сваю тэрыторыю.

Уласна кажучы, так і ўтвараецца паступова дзяржаўнасць. Астатнія дзяржавы-княствы выглядаюць у той перыяд прыкладна такім жа чынам.

У ВКЛ сітуацыя пачынае выглядаць іначай. Недзе з пачатку 15 ст. дзяржава пачынае больш-менш трывала арыентавацца на Захад. Мы паступова набліжаемся да заходнееўрапейскай сітуацыі з правамі.

У адрозненне ад таго, што адбываецца на ўсход ад нас. Сітуацыю там можна прасачыць у ліставанні рускага палкаводца Андрэя Курбскага і Івана 4 Жахлівага. Там Курбскі даволі паслядоўна апісвае, што не так у Маскоўскай дзяржаве ў параўнанні з нашымі землямі. Ён піша, што ў ВКЛ ёсць свабоды, ёсць правы — тое, чаго няма ў Масковіі, дзе жорсткая іерархія і кожны вышэйшы прыступак валодае практычна абсалютнай ўладай у дачыненні да тых, хто ніжэй за яго.

Прыкладна так выглядала сітуацыя на нашых землях ў пачатку Новага часу, 16-17 стагоддзях. Ну а потым мы трапляем у склад Расійскай імперыі. У ВКЛ дыктатур не было, а Расійская Імперыя — скрозь дыктатура.

— Першы Статут ВКЛ з'явіўся амаль 500 гадоў таму, зрабіўшы ВКЛ прагрэсіўнай прававой дзяржавай. Чаму вось так проста мы адмовіліся ад тых прынцыпаў і свабод, якія былі нам дадзены тады?

— Падаецца, Статут ВКЛ дзейнічаў на нашых землях яшчэ да 1840 года. І, дарэчы, ён быў таксама падмуркам ідэнтычнасці для нас — гэта тое, што аб’ядноўвала людзей вакол ідэі, што яны не ўсходнія маскавіты ці расейцы, што ў іх ёсць сваё заканадаўства, ёсць правы, прапісаныя ў гэтым заканадаўстве.

Хаця, дзеля справядлівасці скажам, што ніжэйшыя слаі ўсё ж былі мала абароненымі, бо ВКЛ — саслоўная дзяржава. Але ў любым разе Статут ВКЛ ішоў у рэчышчы агульных еўрапейскіх трэндаў таго часу. Гэта было карысным ў тым ліку для выхавання ў грамадзян карціны свету і самаадчування ў гэтым свеце, дзе чалавек асэнсоўвае сябе не нейкай бяспраўнай жывёлай, як, напрыклад, у суседняй краіне на ўсходзе.

Ну а потым, пасля далучэння нашых земляў да Расійскай імперыі, усё панеслася да ўніфікацыі. І цяпер чыноўнікі лукашэнкаўскай Беларусі і Расіі спрабуюць уніфікаваць нашы заканадаўствы. Але, паколькі гэта не атрымалася цягам папярэдніх стагоддзяў, думаю, не атрымаецца і цяпер.

Мяне ў свой час уразіла прадмова да Статуту 1588 года. Там гаворыцца ў першую чаргу якраз пра свабоду чалавека, на якую ніхто не можа пасягнуць. Прычым падкрэсліваецца, што не толькі вонкавы вораг, але і ўнутраны, і дзеля таго, каб абараніць гэтую свабоду, патрэбнае вось гэтае верхавенства права. Гэта тое, што, дарэчы, супярэчыць любой дыктатуры.

Бо квінтэсэнцыя дыктатуры — гэта калі табе заяўляюць: «Я стаю вышэй за закон». Ідэя вельмі даўняя, вядомая яшчэ з утварэння першай кітайскай імперыі.

Самі ведаеце, хто у нас так кажа. І, дарэчы, сярод беларусаў таксама ёсць тыя, хто сёння бароніць тэзіс, што часам не да законаў і калі той бок так робіць, то і мы мусім пляваць на закон. Не, не мусім. Інакш не будзе ніякай розніцы паміж намі і дыктатурай, з якой мы змагаемся.

І ўсё ж жыццё на працягу стагоддзяў у прававой дзяржаве моцна на нас паўплывала. Гэта вельмі істотна сфарміравала мадэль паводзін і самаадчуванне жыхароў Беларусі. Тлумачыць, чаму мы менавіта такія, чаму прагнем свабоды, паважаем закон і выступаем за яго верхавенства.

— Але разам з тым, кажучы пра беларусаў, многія часта згадваюць такія характарыстыкі менталітэту, як пакорлівасць, памяркоўнасць, нежаданне высоўвацца, нерашучасць. Усё гэта вельмі мала падобна на характарыстыку людзей, якія сотнямі год жылі ў прававой дзяржаве, абаранялі сваю зямлю са зброяй у руках і не былі рабамі.

Штосьці змянілася з таго перыяду? Ці, можа, вы не згодныя з гэтымі азначэннямі?

— Думаю, тут лепш казаць пра культуру паводзін, чым пра менталітэт. Я б увогуле не казаў, што існуе нейкі нацыянальны характар, які вызначаецца генамі ці яшчэ чым. Усё гэта канструкты, якія мы прыпісваем іншым і сабе. У межах аднаго народу можна знайсці больш розніцы, чым паміж прадстаўнікамі розных народаў.

Іншая справа — гэта культура. Культура, якая дае тыя мадэлі паводзін, якія лічацца прымальнымі ці непрымальнымі ў дадзеным грамадстве.

Ва Украіне мяне, напрыклад, уражвала вось гэтае смецце паабапал трасы, у Расіі – тое ж самае. Дарэчы, яшчэ адзін момант культуры, на які я звярнуў увагу і які адрознівае людзей ў розных краінах, — гэта паводзіны кіроўцаў на дарогах. Украіна і Расія — гэта жах. А вось Беларусь — як Нямеччына, усе паказваюць павароты, перастраенне па правілах.

Гэта не менталітэт ці асаблівасць нацыі, гэта культура, тое, што дадзенай супольнасцю лічыцца прымальным ці не.

Магу ў якасці прыкладу прывесці бацькоў маёй жонкі, якія прыехалі ў Беларусь з Расіі і пачалі раптам перад домам рабіць кветнік. Жонка здзівілася, бо раней яны такога не рабілі. А тыя апраўдваюцца, што, маўляў, тут у кожнага ёсць кветнік, і мы падумалі, што, калі мы не зробім гэтага, нас паб’юць.

Вось сутыкненне культур! Для беларусаў істотна кветнік зрабіць, бо гэта эстэтыка. Дарэчы, яшчэ адно наша адрозненне — стаўленне да эстэтыкі, бо чым далей ты прасоўваешся на усход Расіі, тым менш сутыкаешся з эстэтыкай.

Пакорлівасць, цярплівасць?.. Мая жонка, якая прыехала ў Беларусь, дагэтуль, чуючы такое, крычыць: «Пакорлівасць? Цярплівасць? Вы беларусаў калі-небудзь бачылі?»

Думаю, гэта спроба намаляваць карціну нацыянальнага характару, якая не адпавядае рэчаіснасці. Тое, што беларусы памяркоўныя — маніпуляцыя. Я памятаю, як гэта ўтваралася ў 90-я. Маўляў, сядзіце, не высоўваецеся, слухайце свае «Валёнкі», размаўляйце на сваёй расійскай мове, не лезьце ў палітыку.

Нашы суседзі вельмі гэтым грашаць. Яны часта даводзяць, што беларусы зусім злякаліся і нават абутак здымаюць перад тым, як на лавачкі залезці, што нібыта характарызуе нас як рабоў.

Пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе

А на мой погляд, у новай Беларусі гэтым людзям, які знялі абутак перад лавачкай у час пратэстаў 2020 года, трэба помнік паставіць. І неабходна паціху даводзіць іншым народам, што мы гэта робім менавіта таму, што мы паважаем закон, мы паважаем іншых, мы ведаем, што лавачка — гэта не наш вораг, мы не з лавачкамі змагаемся. Лавачка — гэта не дыктатар, гэта элемент нашага камфортнага жыцця і стаўлення да іншых.

І мы таксама не ваюем з нашымі суайчыннікамі. І ўвогуле не разглядаем гвалт, як той інструмент, які вядзе нас да лепшага жыцця. Хоць вельмі шмат хто сёння спрабуе пераканаць нас, што менавіта гвалт ёсць наш паратунак.

Дыктатарскі рэжым якой краіны найбольш падобны на беларускі і чым там усё скончылася? Чаму так небяспечна звяржэнне дыктатуры сілай і як зноў не выбраць чарговага дыктатара? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні — у працягу інтэрв’ю, якое з’явіцца неўзабаве.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі ў межах праграмы Transiton Promotion.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(36)