Филин

Міхаіл Мішкін

Класкоўскі: «За гады кіравання Лукашэнкі створаны рэжым, для якога грыф сакрэтнасці стаў своеасаблівым фірмовым знакам»

Палітычны аглядальнік — пра тое, да чаго вядзе маляванне прыгожай карцінкі стабільнасці.

На Нацыянальным прававым партале 1 лістапада з'явіўся чарговы ўказ, які тычыцца эканомікі. Дакумент, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, дапаўняе і змяняе сакавіцкі ўказ «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі», які забараняў замежным інвестарам з «несяброўскіх краін» распараджацца без дазволу дзяржавы сваімі акцыямі беларускіх кампаній (у пералік увайшлі больш як 190).

Цяпер спіс забарон пашырыўся: нельга ні рэарганізоўваць, ні выйсці без дазволу Саўміна са складу юрыдычнай асобы, а дзяржорганы больш не могуць рэгістраваць новыя юрыдычныя асобы з удзелам «несяброўскіх» інвестараў.

Але асаблівую ўвагу прыцягвае нават не факт забароны, а афармленне дакумента: чатыры з шасці пунктаў указа пазначаныя як «для службовага карыстання», то бок засакрэчаныя для абсалютнай большасці беларусаў.

— Натуральна, у кожнай дзяржавы ёсць свае сакрэты, якія закрываюцца ад шырокай грамадскасці, — зазначае ў інтэрв’ю «Филину» палітычны аглядальнік праекта Позірк Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі

— Гэта звязана, напрыклад, з нацыянальнай бяспекай — вядома, што шпіёны большую частку інфармацыі чэрпаюць з адкрытых крыніц.

І натуральна, што кожная дзяржава свае сакрэты абараняе. Але калі гаворка ідзе пра рэжым аўтарытарны, то гэтай неабходнасцю — закрываць пэўную інфармацыю — улады відавочна пачынаюць злоўжываць. Бо ў грамадства няма належных магчымасцей патрабаваць ад чыноўнікаў празрыстасці — праз дэпутатаў, медыя, арганізацыі трэцяга сектара, як гэта робіцца ў дэмакратычных краінах.

Пад вялікім сакрэтам

Пад грыф сакрэтнасці ў апошнія гады трапляюць самыя розныя звесткі — прычым некаторыя з іх складана аднесці да сферы дзяржаўных таямніц, проста ведамствы раптам перастаюць публікаваць такую інфармацыю.

Так, Нацбанк у рэгулярным аглядзе інфляцыі з 2022 года перастаў публікаваць звесткі пра інфляцыйныя чаканні бізнесу і насельніцтва. Белстат засакрэціў стан знешняга доўгу, звесткі аб міграцыі, пашыраную працоўную статыстыку. Мытны камітэт не дае звестак па знешнім гандлі. З «лёгкай» рукі Міністэрства фінансаў улетку знікла з адкрытага доступу інфармацыя аб выкананні бюджэту, яшчэ раней беларускія ўлады засакрэцілі экспарт і імпарт цэлага шэрагу тавараў з галін, якія трапілі пад санкцыі. А, напрыклад, статыстыка смяротнасці ў Беларусі застаецца сакрэтнай ажно з чэрвеня 2020 года.

Гэтая тэндэнцыя, падкрэслівае аналітык, пачалася ў Беларусі не год і не два таму:

— За гады кіравання Лукашэнкі створаны рэжым, для якога грыф сакрэтнасці, пазнака «для службовага карыстання» сталі своеасаблівымі фірмовымі знакамі.

Празрыстасць дзейнасці ўладаў — гэта адна з рыс дэмакратыі. А паколькі дэмакратыі ў Беларусі няма, то няма і гэтай празрыстасці.

І самае галоўнае, з-за чаго ўзнікла сітуацыя 2020 года,— няма празрыстага падліку галасоў на выбарах. Чаму выбухнулі пратэсты? Таму што многія людзі галасавалі за Святлану Ціханоўскую, за змену ўлады. Калі яны ўбачылі тыя вынікі, якія абнародаваў Цэнтрвыбаркам, то адбыўся натуральны выбух грамадскага абурэння.

Аляксандр Класкоўскі нагадвае: у выбарчыя камісіі і раней амаль што не дапускалі апазіцыю, а у 2020-м канчаткова адсеклі і ад удзелу ў камісіях, і ад назірання (пад маркай эпідэміі каранавірусу) усю «непажаданую» публіку, пакінуўшы толькі «сваіх» людзей.

— Выбары сталі гэтакай чорнай скрыняй, рэччу ў сабе. І гэта абсалютна ненармальна і выклікае ў вялікай часткі электарату падазрэнні, цалкам абгрунтаваныя, у тым, што ўлада проста махлюе, малюе вынікі гэтых выбараў,— канстатуе аглядальнік.

А калі паглыбіцца ў гісторыю, то з самага пачатку кіравання Лукашэнкі паслядоўна рабіліся гэтыя захады, каб абмежаваць сферу галоснасці, публічнасці ў тым, што тычыцца дзейнасці ўладаў. Я згадваю рэферэндум 1996 года: там, у прыватнасці, было пытанне «Ці згодныя вы, што фінансаванне ўсіх галін улады павінна здзяйсняцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту?» Па афіцыйных звестках нібыта дзве траціны беларусаў прагаласавалі супраць. Хоць гэта не ўкладваецца ў галаве, не верыцца, што электарат добраахвотна адмовіўся ад кантролю за выдаткамі ўлады.

Чым далей, тым падобных рэчаў было болей. Нават у тыя часы, калі незалежная прэса яшчэ магла існаваць у Беларусі, мы бачылі, як журналістаў сістэматычна адсякалі ад інфармацыі: кожнае ведамства ўводзіла нейкія свае інструкцыі, якія насамрэч былі бар'ерам ад цікаўнасці прэсы, па многіх пытаннях наогул не давалі каментароў альбо патрабавалі пісьмовыя запыты, але праз месяц гэтыя адказы ўжо страчвалі актуальнасць і не былі нікому патрэбныя…

Тлумачэнне ўсяму гэтаму простае, гаворыць Аляксандр Класкоўскі: створаная Лукашэнкам сістэма баіцца празрыстасці. Рэжыму даспадобы цішком рабіць свае справы, якія ў дэмакратычнай краіне маглі б выклікаць скандал і адстаўку кіроўнай вярхушкі. Ужо відавочна, што гэтак жа цішком, у вузкім наменклатурным коле, будзе фармавацца так званы Усебеларускі народны сход, які будзе абіраць старшыню (на гэту пасаду меціць Лукашэнка): «Сістэма акукліваецца і сама сябе абслугоўвае, а народ застаецца па-за гульнёй».

Пасля ўвядзення супраць Беларусі санкцый у 2021–2022 гадах уразанне інфармацыі набыло яшчэ большы размах, і многія аналітыкі мяркуюць, што такім чынам улады маскіруюць шляхі абыходжання санкцый.

— У плане ўтойвання звестак беларускі і расійскі рэжымы роднасныя, — дадае Аляксандр Класкоўскі. —У нядаўнім указе Пуціна пра «частковую мабілізацыю» таксама быў сакрэтны пункт — паводле незалежных медыя, якія нібыта раскапалі змест гэтага пункта, дазвалялася мабілізаваць не 300 тысяч, а мільён чалавек. Так гэта ці не, але мы бачым, што ўлада «шыфруецца». І логіка Пуціна зразумелая: ён не хоча паказаць, што «спецаперацыя» забуксавала і патрабуе вельмі шмат гарматнага мяса.

Яшчэ адзін момант, які адзначае суразмоўца «Филина», — кпіны прапагандыстаў з прэзідэнта ЗША Джо Байдэна: той, маўляў, з ровара зваліўся, на трапе самалёта спатыкнуўся, а нашы ж кіраўнікі ого-го ў якой спартыўнай форме. Але — вось парадокс! — як і ўсе іншыя амерыканскія прэзідэнты, Байдэн штогод праходзіць медычны агляд, і нацыя ў курсе ягонага стану здароўя, нават пра каланаскапію, вагу і ціск — 120/70.

— Амерыканцы ведаюць, што іх прэзідэнт, нягледзячы на сталы ўзрост, здаровы. А вось што тычыцца здароўя аўтарытарных лідараў, тут узнікаюць вялікія сумневы. І частка каментатараў задаецца рытарычным, а мо і не, пытаннем: ці ўсё ў парадку з псіхікай у людзей, якія прымаюць абсалютна неадэкватныя рашэнні?

Напрыклад, калі чалавек на чале краіны, якая мае ядзерную зброю, адарваўся ад рэальнасці і не зусім цвяроза яе ўспрымае, гэта можа пагражаць катастрофай усяму свету. І ў гэтым плане дэмакратыі таксама выгадна адрозніваюцца ад аўтарытарных рэжымаў.

У кокане стабільнасці

Беларускаму рэжыму з самага пачатку вельмі не падабалася, калі хтосьці спрабаваў скінуць покрыва сакрэтнасці з ягоных спраў. І як у 2002-м, неўзабаве пасля стварэння, улады пачалі пераследаваць выданне «БДГ. Для служебного пользования», дзе выходзілі журналісцкія расследаванні, так праз 20 год, не разменьваючыся на дробязі, абвясцілі прадукцыю «Беларускага р*сследвальніцкага цэнтра» і ўсе ягоныя лагатыпы «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

— Ці не складзецца, у рэшце рэшт, такая сітуацыя, што ў памкненні намаляваць прыгожую карцінку стабільнасці і «схаваць» нязручную рэчаіснасць рэжым абхітрыць сам сябе і занадта паверыць у Беларусь, якую паказваюць па тэлевізары?

— Тое, што пераследуюць незалежныя медыя і расследавальнікаў, — цалкам зразумела. Бо ў гэтых матэрыялах паказваюцца ценявыя бакі жыцця так званай «эліты» і набліжанага да яе бізнесу. І той, хто знаёміцца з публікацыямі, бачыць, што ўсе словы пра «народную ўладу» і бескарыслівае служэнне грамадству насамрэч не вартыя выедзенага яйка, што людзі, якія дарваліся да ўлады, мякка кажучы, сябе не абдзяляюць.

А калі задацца пытаннем, ці не перахітрыць рэжым сам сябе — такое можа быць. І тут прыклад — Савецкі Саюз, дзе таксама засакрэчвалі што трэба і што не трэба, ствараючы паралельную прапагандысцкую рэальнасць. Тое ж самае адбываецца і ў нас, як у тым анекдоце: «Хачу жыць у той Беларусі, якую паказваюць па тэлевізары».

Да пары да часу гэта нібыта цешыць уладу. Але ж народ таксама не дурны: чым далей, тым горай «заходзіць» прапаганда. Плюс небяспека для кіроўнай вярхушкі ў тым, што людзі «наверсе» і самі індуцыруюцца гэтым фальшам і пачынаюць часткова, а можа і цалкам, верыць у створаныя міфы.

Звыш таго, падначаленыя правадыра, спецслужбы, што кладуць яму на стол даклады, таксама пачынаюць фільтраваць інфармацыю, прыхарошваць ці, наадварот, дэманізаваць нейкія з’явы, утойваць тое, што можа раззлаваць шэфа.

Усё гэта вядзе да адрыву кіроўнай вярхушкі ад рэальнасці, страты зваротнай сувязі, што на нейкім этапе прыводзіць да непрадуманых, валюнтарысцкіх рашэнняў, кшталту сумна вядомай дырэктывы пра цэны — нават Лукашэнка, хоць робіць выгляд, што не адступіў, пакрысе вымушаны адкручваць назад і вяртацца да больш гнуткай сістэмы рэгулявання.

Жыццё ў паралельнай рэальнасці, рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі, з цягам часу вядзе да сістэмных памылак улады і ў выніку можа на нейкім этапе прывесці да яе крушэння.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)