Мяркую, ён сапраўды адчувае ў Трампе такую роднасную душу, бо Лукашэнка і сам як той бульдозер. Вось ён і думае, што два бульдозеры могуць знайсці агульную мову.
Класкоўскі: Легітымнасць Лукашэнкі, можа, і не прызнаюць на Захадзе, але гэта не зашкодзіць дэ-факта будаваць адносіны
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі — пра тое, чаму правіцель раздае кампліменты Трампу, і ці ёсць у яго шанцы перагарнуць старонку ў стасунках з ЕС і ЗША.
У дзень так званых «выбараў» Лукашэнка некалькі разоў падкрэсліў, што ён ставіцца абыякава да рэакцыі Захаду.
Але падзеі апошняга перыяду сведчаць пра іншае: хуткасць, з якой была праведзеная кампанія, метады яе правядзення, частковае вызваленне палітвязняў ды і сама рыторыка, калі чалавек пастаянна, да месца і не, стараецца ўставіць, як жа яму абыякава.
— Калі Лукашэнка заяўляе, што яму абсалютна фіялетава, як Еўрасаюз ацэніць гэтыя выбары, ён, канешне, бравіруе. Насамрэч яму гэта не абыякава і не фіялетава, — пагаджаецца ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» Аляксандр Класкоўскі. — І сёння ён таксама падкрэсліў, што ўсё ж такі гатовы аднаўляць стасункі з Еўрасаюзам.
Іншая рэч, што рабіць гэта ён хоча без усялякіх саступак, на сваіх умовах. Увогуле патрэба такая ў яго ёсць з дзвюх прычынаў. Па-першае, санкцыі ствараюць дыскамфорт. Па-другое, Масква па кавалках з’ядае беларускі суверэнітэт.
Нельга не заўважыць, што залежнасць Беларусі ад Расіі павялічылася ў значнай ступені. Таму, безумоўна, Лукашэнка быў бы не супраць вярнуцца да сітуацыі, калі ў яго была нейкая свабода геапалітычнага манеўру.
І тут у яго, і гэта таксама сёння прагучала на прэс-канферэнцыі, асноўная надзея на прыход Трампа. Ён раздае таму кампліменты, параўноўвае яго з «бульдозерам», называе подзвігам ягоны прыход да ўлады ў Злучаных Штатах.
Зараз ён не хавае злараднасці і карэспандэнту ВВС паабяцаў, што Штаты пры Трампе яшчэ паставяць Еўропу ў позу. Бо ў яго ёсць надзея, што Трамп задасць новы трэнд у сусветнай палітыцы, калі панаваць будзе такі цынічны бізнэс-падыход. Дарэчы «здзелка» —улюбёнае слова амерыканскага прэзідэнта.
Пры гэтым Трамп, можа, нават не знойдзе на карце тую Беларусь, найперш ён хоча размаўляць з Пуціным, але Лукашэнка спадзяецца, што ў нейкім прычапным вагончыку можа таксама трапіць на маючыя адбыцца перамовы.
Для яго гэта азначае хоць неяк засведчыць сваю палітычную суб’ектнасць, упісацца ў новы светапарадак.
Між тым, адзначае суразмоўца, шэраг аналітыкаў трывожыць тое, што паміж Трампам і Пуціным сапраўды можа адбыцца новая геапалітычная ўгода.
— З’явіўся нават такі тэрмін — «Ялта 2:0». Эксперты асцерагаюцца, што адбудзецца цынічны падзел свету на сферы ўплыву. Падчас яго Пуціну ў распараджэнне, як бы мовіць, могуць аддаць Беларусь.
Для Лукашэнкі, з аднаго боку, гэта плюс, бо ёсць расійскі ядзерны парасон і эканамічная падтрымка. Але з іншага боку, паўтару, Масква за гэта забірае кавалкі беларускага суверэнітэту.
Ну і калі казаць пра выбар Лукашэнкі, то ён яго прадэманстраваў яшчэ ў 2020 годзе. Ён кінуўся тады ў ногі Пуціну і прасіў яго аб падтрымцы.
Гэта значыць, што калі гаворка ідзе пра альтэрнатыву — ці рабіць нейкія вялікія саступкі Захаду, ці павялічваць залежнасць ад Масквы і тым самым захоўваць сваё крэсла — тут выбар Лукашэнкі відавочны.
Ён разлічвае на тое, што на яго век хопіць таго суверэнітэту і што лепей паступіцца нейкімі момантамі палітычнай суб'ектнасці, але захаваць сваю ўладу.
— Дарэчы шмат казалі, што Лукашэнка асабліва спадзяецца ў выніку гэтых «выбараў» вярнуць часткова ці цалкам сваю легітымнасць. А якія ў яго ёсць падставы для таго, каб на нешта разлічваць?
— Ён разлічвае, што спрацуе шэраг чыннікаў і ў адносінах з беларускім грамадствам, і ў стасунках з Захадам, якія дапамогуць яму, як ён кажа, перагарнуць старонку.
Тут варта звярнуцца да шырэйшага кантэксту. Глядзіце, у Азербайджане няма дэмакратычных выбараў, як і ў Казахстане, я ўжо не кажу пра Туркменістан і гэтак далей.
Але заходнія краіны па вялікім рахунку прымаюць тамтэйшыя рэаліі і прагматычна будуюць адносіны з тымі, у каго ў руках рэальная ўлада.
У тым жа Казахстане, напрыклад, шырока прысутнічае амерыканскі капітал. Зразумела, што там нафта і газ.
А Беларусь мае транзітны патэнцыял, гэта стратэгічны балкон Расіі, і Захаду лепей зняць тут напружанасць. І ў іх сапраўды ёсць гэтыя фобіі адносна ядзернай зброі ці Сувалкскага калідору. Варта ўлічваць і ўвогуле стомленасць Еўропы ад вайны ва Украіне.
Таму трэба шчыра казаць, што заходнія палітыкі прымаюць рэзалюцыі, называюць «выбары» фальшывымі, але ўсё ж гэта дэкларатыўныя рэчы.
На практыцы заходнія палітыкі мусяць азірацца на свой электарат, які стаміўся ад падтрымкі Украіны і бачыць, што санкцыі — гэта палка з двума канцамі.
— То бок у Лукашэнкі сапраўды ёсць падставы спадзявацца на тое, што да яго зменяцца адносіны на Захадзе?
— На тое, што Захад у пэўнай ступені змірыцца з рэаліямі. Пяць гадоў прайшло, уся рамантыка 2020 года выветрылася, ужо зразумела, што Ціханоўская і яе каманда не маюць ніякага ўплыву на сітуацыю ў Беларусі.
Не выключаю, што Захад будзе падумваюць пра вяртанне амбасадараў і пра нейкія іншыя рэчы. Тым больш, што Лукашэнка пэўныя сігналы дае па тых пытаннях, якія для Захаду з’яўляюцца важнымі. Гэта і вызваленне палітвязняў, і аслаблены ціск на мяжы пры дапамозе нелегальных мігрантаў.
Ён паказвае, што можа сесці за стол перамоваў і пра нешта дамовіцца. Толькі вы там не лезьце з гэтымі сваімі гнілымі дэмакратычнымі прынцыпамі, а прызнавайце рэаліі.
Падкрэслю, у яго вялікая надзея на тое, што Трамп прымусіць Еўропу, і еўрапейцы нікуды не падзенуцца і прымуць рэал-палітык.
Не сказаць, што ў Лукашэнкі моцныя шанцы, але і не нулявыя. Яго легітымнасць, можа, і не прызнаюць, будзе, напэўна, нейкая заява Еўрасаюза, але гэта не зашкодзіць дэ-факта будаваць адносіны.
Асобнымі трэкамі будуць ісці рытарычная лінія і прагматычная рэал-палітык.
Тут можна правесці паралелі з разгонам Вярхоўнага Савета ў 1996 годзе, калі Лукашэнка прызначыў кішэнную Палату прадстаўнікоў. І вось да 2000 года, пакуль доўжылася кадэнцыя, апазіцыйных дэпутатаў сапраўды запрашалі на ўсялякія мерапрыемствы і слухалі.
Але пасля 2000 года пачалі запрашаць чарговую Палату прадстаўнікоў, змірыліся з рэаліямі. Бо электаральныя цыклы для еўрапейцаў маюць значэнне.
Ёсць яшчэ акалічнасць: у 2020 годзе былі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі, быў паралельны падлік галасоў, які паказаў, што дэ-факта перамагла Ціханоўская.
А цяпер няма нічога, знешне гэтыя бязвыбары, як іх называюць праціўнікі Лукашэнкі, пройдуць сапраўды гладка. Так, не дэмакратычна, але і ў Азербайджане, як я казаў, выбары праходзяць недэмакратычна, даўно заціснута апазіцыя, няма ніякіх вулічных пратэстаў, а з Аліевым маюць справу на Захадзе.
Так і Лукашэнка разлічвае, што калі не будзе знешніх зачэпак, у Захаду не будзе вялікіх падставаў для абурэння.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное