Политика

Наталля Север

Класкоўскі: «Думаю, што Лукашэнка змяніў начальніка Генштаба на ўсялякі выпадак, рыхтуючыся да горшага»

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі — пра новага начальніка Генштаба Беларусі.

Павел Муравейка прызначаны новым начальнікам Генштаба РБ. Ці звязана гэта з расійскімі кадравымі перастаноўкамі ваенных, спыталі ў палітычнага аналітыка.

Аляксандр Класкоўскі

— Я наўпроставай сувязі з маскоўскімі навінамі ў кадравай галіне не бачу, — адказаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» Аляксандр Класкоўскі. — У Пуціна свая логіка, ён за кошт гэтых кадравых перастановак вырашае дзве задачы.

Па-першае, чысціць ведамства ад карупцыі, якая там зашкальвала. Эксперты кажуць, што 40% таго, што ішло на вайну, да фронту не даходзіла.

— Ну дык дзякуй ім.

— Гэта так. Дарэчы, можна ўзгадаць сарваны наступ на Кіеў у 2022 годзе. Канешне, тады і ўкраінцы папалілі шмат танкаў, але, вядома, што вялікая іх частка проста не магла ехаць, бо гэта быў металалом на гусеніцах.

Разам з гэтай задачай перад Пуціным стаіць яшчэ адна — падрыхтоўка да зацяжной вайны. Эксперты кажуць, што задача новага міністра абароны Белавусава — менавіта перавесці эканоміку на ваенныя рэйкі.

Думаю, што Лукашэнка адсочвае гэтыя матывы Пуціна і робіць для сябе высновы. У сухой астачы яму зразумела, што супрацьстаянне з Украінай і Захадам надоўга. І хаця сам ён у бой не рвецца, цвердзіць, што мы тут рускіх братоў лепш са спіны прыкрыем, але разумее, што на пэўным этапе Пуцін можа яго ўцягнуць.

Вось тут мы падыходзім да персоны Муравейкі. У 2022 годзе, калі расійскія войскі ўварваліся ва Украіну, па інфармацыі незалежных СМІ беларускае кіраўніцтва абмяркоўвала з генераламі, у якім фармаце ўдзельнічаць у гэтай вайне.

Былі ястрабы, кшталту Церцеля і Вальфовіча, якія выступалі за наўпроставы ўдзел самам актыўным чынам. А вось тагачасны начальнік генштаба Віктар Гулевіч быў супраць. Ён разумеў рызыкі, тое, што беларускае войска неабстралянае, колькі яно пратрымаецца.

— Фармальна Гулевіча звольнілі па ўзросце.

— Заканадаўства дазваляе Лукашэнку, як галоўнакамандуючаму, прымаць розныя рашэнні. То-бок пры жаданні ён мог пакінуць Гулевіча. Пры гэтым Муравейка ўсяго на два гады маладзейшы за яго, таму пра амаладжэнне кадраў гаворка, відавочна, не ідзе.

Думаю, што Лукашэнка зрабіў гэта прызначэнне на ўсялякі выпадак, рыхтуючыся да горшага.

Павел Муравейка

Варта падкрэсліць, што Муравейка вядомы скандальнымі ваяўнічымі выказваннямі. Самае гучнае летась прагучала ў бок Літвы.

Гэта такі чалавек з ястрабіным мысленнем, чалавек, які надта не разважае над рызыкамі, ён гатовы выконваць тое, што скажа галоўнакамандуючы.

І на той горшы выпадак, калі Пуцін выкруціць рукі і прымусіць удзельнічаць у вайне на зямлі, Лукашэнку трэба мець менавіта такога.

— То-бок Лукашэнка ўсё ж такі разглядае варыянт прамога ўдзелу?

— А Пуцін у яго надта не спытае. Цяпер, канешне, нерэальна, што Пуцін заўтра нападзе на Літву ці Польшчу. Яму зараз і ва Украіне хапае праблем. Але мы мусім пралічваць і аналізаваць далей, наколькі магчымая вайна Расіі супраць НАТА, у выпадку якой, канешне, Беларусь будзе ўцягнута.

І калі ўявіць сабе, што Пуцін даcягне нейкіх поспехаў ва Украіне, то не выключана, што будзе нейкае спыненне агню на нявыгадных для Кіева ўмовах. Бо сёння сітуацыя для ўкраінскага боку складваецца не найлепшым чынам.

Магчыма, што ў выніку Кіеў будзе змушаны на нейкім этапе заключыць такое перамір’е па карэйскім варыянце, то-бок па сённяшніх межах.

Тады Пуцін атрымае перадышку, каб той самы Белавусаў канчаткова перабудаваў эканоміку на вайсковы лад, каб узмацніць свой патэнцыял. І тады нельга выключаць, што праз некалькі гадоў Пуцін захоча паспрабаваць на зуб НАТА.

Пакуль гэта не вельмі імаверна, але Лукашэнка востра адчувае небяспеку і рыхтуецца да горшых варыянтаў развіцця.

І ў гэтым кантэксце лагічна прызначаць ястрабаў, а не тых, хто мысліў як Гулевіч і перасцерагаў ад накіравання беларускага войска ў гэтую мясарубку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(11)