Общество

Iрына Дрозд

Кіраўнік хору «Унія»: «Я ўпэўнены, што наш хор будзе спяваць у сваёй краіне»

Артыкул, які можно не толькі чытаць, але і слухаць.

Міжнародны мужчынскі хор «Унія», аднавіўшыся ў 2020 годзе пасля шматгадовага перапынку, стаў адным з сімвалаў беларускага пратэсту. Яго моцныя прыгожыя галасы гучалі ў розных месцах Мінска і падтрымлівалі ў людзей баявы настрой ды ўздымалі дух свабоды.

Вядома, такі яркі ўдзельнік пратэстаў не мог быць незаўважаным уладамі. Праз распачатыя рэпрэсіі артысты хору былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі.

Сёння «Унія» адрадзілася зноў. Цяпер калектыў па-сапраўднаму міжнародны. Пра рэпрэсіі на радзіме, творчасць у новых умовах, любімую песню ВКЛ і гімн беларусаў «Салідарнасці» распавёў хормайстар Павел Гонца.

— Я сам прыйшоў у калектыў у 2004 годзе, а потым так адбылося, што «Унія» дасталася мне ў спадчыну, — расказвае Павел, вучань першага кіраўніка хору Кірыла Насаева, які пайшоў з жыцця некалькі гадоў таму.

У 2019 годзе Гонца збіраўся аднавіць любімы калектыў, што перастаў працаваць тады ж напачатку 2000-х.

— І пакуль я думаў, як зноў стварыць «Унію», надышоў легендарны 2020 год, пачаўся пратэст. Гэта быў такі сігнал. Адразу сабралася частка ўдзельнікаў былой «Уніі», таксама прышлі новыя хлопцы.

Наш першы выступ адбыўся на прыступках філармоніі ў жніўні. Потым мы далі вялікі канцэрт у Чырвоным касцёле, дзе праходзіла серыя дабрачынных мерапрыемстваў. У той жа час атрымалася зняць некалькі кліпаў, — кажа Павел.

Восенню 2020-га на калектыў пачаўся ціск, сталі затрымліваць удзельнікаў.

— Музыкі, спевакі сталі тымі, хто адлюстроўваў настрой людзей. Тым часам уся творчасць пачала вельмі раздражняць улады. І нашых музыкантаў сталі затрымліваць.  

Мяне той восенню затрымалі нібыта за ўдзел ў Маршы. Я прасядзеў трое содняў на Акрэсціна, атрымаў вялізны штраф і мяне адпусцілі.

У той час мы, можна сказаць, сядзелі лайтова, бо гэта было пасля смерці Рамана Бандарэнкі і яны неяк прыпынілі жорсткасць, не лютавалі. У нас былі матрацы, усім спачатку хапала месца. А потым надышла нядзеля, і ў камеру нагналі столькі людзей пасля чарговага маршу, што мы маглі толькі стаяць.

Шмат хто захварэў на кавід, у тым ліку і я. Але ўся «хата» была з палітычных, таму кампанія была прыемная, — успамінае суразмоўца.

Другі раз Паўла затрымалі летам 2021 года, і ў той раз умовы на Акрэсціна ўжо былі зусім іншымі, кажа ён.

— Мяне затрымалі на працы падчас генеральнай рэпетыцыі ў Вялікай зале філармоніі. Так у смокінгу і павялі. Прышлі за мной двое апероў.

Мне падалося, што яны не зусім ведалі, што са мной рабіць, мяне нават пакінулі на нейкі час аднаго ў кабінеце, але потым туды прыйшлі два супрацоўнікі КДБ. Спыталі, ці ведаю я штосьці пра «Вольны хор» і пра купалаўцаў. Я сказаў, што нічога не ведаю, і праз некалькі хвілін дапрос скончыўся.

У выніку мне прадʼявілі абвінавачванне … за непадпарадкаванне, відаць, зусім нічога не маглі на мяне знайсці. А потым ім падалося, што гэтага мала, і на Акрэсціна позна ўвечары прыйшоў следчы і дадаў мне яшчэ «дробнае хуліганства».

Мне здаецца, што большая частка затрыманняў супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў наогул была нейкай «спецаперацыяй», каб звольніць як мага больш людзей, бо бюджэтнікаў усё роўна трэба было скарачаць, — выказаў меркаванне Павел.

Другі раз яго таксама пакінулі на Акрэсціна на трое содняў, а пасля справу адправілі на дапрацоўку.

— Я дакладна ведаю, што мяне хацелі затрымаць яшчэ раз пасля гэтых трох содняў, але, напэўна, адбылася нейкая блытаніна і я паспеў сысці. Дзесьці праз тыдзень мяне выклікалі ў суд. Але я вырашыў з’ехаць. Дабіраўся ў Вільню навакольнымі шляхамі двое содняў.

— Як вы ставіцеся да тых артыстаў, якія працягваюць выступаць у Беларусі?

— Я не магу асуджаць музыкаў, якія засталіся ў краіне і цяпер дзесьці выступаюць. Музыкант — гэта прафесія, гэта спосаб зарабіць грошы. І людзям трэба карміць сямʼю. Не ва ўсіх ёсць магчымасць зʼехаць.

У нейкай ступені яны ўсе закладнікі рэжыму. А вось кіраўнікі ўстаноў культуры — гэта крыху іншае. Гэтыя людзі ўзялі на сябе пэўныя абавязацельствы перад уладай, і цяпер яны будуюць сваю карʼеру за кошт гэтых самых закладнікаў.

— Як склаўся ваш творчы шлях у Вільні?

— Спачатку я знайшоў сабе працу ў хоры Вільнюса. Потым сталі прыяжджаць другія музыканты, таксама вымушаныя пакінуць Беларусь праз рэпрэсіі, і я задумаўся аб аднаўленні «Уніі».

У новым складзе ў нас аказаліся не толькі беларусы, але і літоўцы, і палякі, і ўкраінцы — сабралі ўсіх і атрымалася ўнія ў прамым сэнсе. Не ўсе нашыя ўдзельнікі жывуць у Вільні, але напярэдадні канцэртаў мы збіраемся на рэпетыцыі. Зараз гэта сапраўдны міжнародны мужчынскі хор.

— Дзе вы выступаеце і хто вашыя слухачы?

— Выступаем на разных пляцоўках, асноўная — Віленская ратуша. Спяваем у дзяржаўных установах, амбасадах, дзе не толькі ладзім канцэрты, але і наладжваем культурныя і духоўныя сувязі, сустракаючыся з рознымі людзьмі. Апошні канцэрт быў у Польскай амбасадзе, зараз плануем гастролі па Польшчы.

Падчас усіх канцэртаў мы спяваем гімны нашых чатырох краін. У якасці беларускага выконваем гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», таксама вядомы як «Ваяцкі марш». Менавіта гэты твор зараз лічыць гімнам уся беларуская супольнасць. Ён гучыць на афіцыйных мерапрыемствах нараўне з літоўскім, польскім і ўкраінскім.

Мне таксама здаецца, што гэты твор падыходзіць на такую ролю больш за ўсё. «Магутны Божа» — усё ж духоўны гімн, а не свецкі. Гэта цалкам царкоўны твор, прычым як для каталікоў, так і для праваслаўных. Ён павінен гучаць у храмах як малітва.

«Пагоня» — занадта літоўская, не будзе зразумела, чый гэта гімн.

А вось самы папулярны твор, які заўсёды просяць выканаць і палякі, і літоўцы, і беларусы — гэта «Багародзіца», гімн ВКЛ.

На трэці дзень вайны мы, адны з першых, запісалі «Ой, у лузі червона калина», проста сталі і заспявалі, бо адчувалі, што павінны. Зараз гэта песня стала сапраўдным гімнам барацьбы. Нашыя ўкраінскія калегі цяпер у сябе дома. Вядома, мы хацелі б выступіць ва Ўкраіне, але зараз арганізаваць пераезд вялікага калектыву цяжка.

— Не было з боку вашых украінскіх калег у першыя дні вайны нейкіх прэтэнзій да беларусаў?

– Ні ў якім разе, што вы! Усе нашыя хлопцы добра ведаюць гісторыю сучасных падзей у Беларусі. Мы ўсе сябры і яны яшчэ ў 2020 годзе тэлефанавалі і падтрымлівалі нас.

— Ці збіраецеся вы вяртацца ў Беларусь і зноў выступаць у сваёй краіне?

— Так. Калі прыйдзе час, мы вернемся і, я ўпэўнены, што «Унія» будзе спяваць беларускі гімн у сваёй краіне. Не важна, якім ён будзе, але мы будзем яго спяваць! Я мару, што наш калектыў вернецца і на галоўную сцэну ў Дзяржаўную філармонію.

І яшчэ, што тычыцца новай Беларусі. Зараз мы назіраем, як у Літве пачынаецца раскол праваслаўнай царквы. Частка літоўскіх храмаў пераходзіць пад Канстанцінопальскі Патрыярхат. Мы працуем над тым, каб і ў новай Беларусі людзі самі вырашалі, у які храм ім ісці. Культура павінна адраджацца разам з верай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)