Филин

Ірына Марозава

Казакевіч: «Рост падтрымкі Лукашэнкі ў сацапытаннях звязаны з фактарам страху»

Палітолаг у інтэрв’ю Филину — пра тое, ці патрэбная беларускаму рэжыму падтрымка большасці.

Паводле жнівеньскага даследавання праўладнага аналітычнага цэнтру ECOOM, 76% беларусаў давяраюць Аляксандру Лукашэнку і падтрымліваюць яго — гэтыя лічбы большыя, чым узровень даверу ўраду, арміі, сілавікам і царкве.

Вынікі леташняга даследавання Chatham House (шостая хваля), зрэшты, дэманстравалі ў некалькі разоў меншыя паказчыкі: цвёрдых прыхільнікаў Лукашэнкі летась у краіне было ўсяго 27%, і гэтая лічба не істотна змянялася на працягу года. Колькасць так званых «нейтралаў» пад канец года крыху вырасла (з 40 да 43%), а пратэставае ядро зменшылася (з 34 да 30%).

На думку кіраўніка Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW, Варшава) прафесара Андрэя Вардамацкага, рэйтынг правадыра рэжыму мог вырасці цалкам натуральным чынам — з прычыны ад’езду значнай колькасці яго апанентаў за мяжу. А гэтая колькасць, зазначае ён, можа быць вельмі значнай: у адным з даслежаванняў 18% беларусаў пацвердзілі наяўнасць у іх асяродку людзей, якія з’ехалі з краіны і не могуць вярнуцца.

– З розных крыніц прыходзяць звесткі, што гэта можа быць ад 250 тысяч да 1 мільёна чалавек,  — прыводзіць меркаванне доктара сацыялагічных навук Позірк.

Зрэшты, палітолаг, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч мяркуе, што ацэнка ў мільён беларускіх рэлакантаў усё ж вельмі перабольшаная, і сумняецца, што ад’езд часткі насельніцтва аказаў заўважны ўплыў на рэйтынг правіцеля.

— Калі рост падтрымкі Лукашэнкі насамрэч ёсць, то ён хутчэй звязаны з фактарам страху, — зазначае эксперт у размове з Филином. — Зразумела, што пастаянна ідуць нейкія рэпрэсіі.

Пастаянна людзей арыштоўваюць за посты, выказванне свайго меркавання і гэтак далей. Таму сацапытанні, асабліва тэлефонныя, якія праводзіць Андрэй Вардамацкі, могуць даваць у пэўнай ступені скажоныя звесткі.

Ад’езд беларусаў з краіны, мяркуе Андрэй Казакевіч, наўрад ці мог істотна паўплываць на расклад сіл паміж апанентамі і прыхільнікамі ўлады:

— Паводле той інфармацыі, якую мы маем, гэта 150-200 тысяч чалавек, можа, крыху болей. І трэба да таго ж разумець, што з’язджалі далёка не толькі пратэсна настроеныя людзі.

Значная частка ад’ездаў пасля 2020 года — гэта была эканамічная міграцыя. Проста таму, што пагоршыліся ўмовы ў краіне, рэлакаваліся бізнесы, з’явіліся праблемы з бяспекай, а пасля лютага 2022 года дабавіліся дадатковыя сур’ёзныя санкцыі, і многія міжнародныя кампаніі, напрыклад, у ІТ-сферы, дый у іншых галінах, проста адмаўляліся супрацоўнічаць з беларусамі.

Я думаю, што гэта міф, які вельмі дарэмна распаўсюджваецца — аб тым, што тыя, хто з’ехаў пасля 2020-га — абавязкова толькі пратэсна настроеныя беларусы. Гэтаксама як міфам з’яўляецца і іх колькасць ледзьве не пад мільён.

Акрамя палітычных актывістаў, якія патрапілі пад рэпрэсіі, многія з тых, хто мае пратэсны настрой, засталіся ў Беларусі. Ці стала іх менш, ці расце падтрымка ўлады — на мой погляд, пытанне дыскусійнае. Прынамсі, асаблівых фактараў, каб яна павялічылася, няма.

Некаторыя аналітыкі параўноўваюць цяперашнюю сітуацыю з 2014-15 гадамі, калі кансалідацыя прыхільнікаў рэжыму стала большай з-за анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе але, на думку Андрэя Казакевіча, на той час быў зусім іншы інфармацыйны фон.

— Нават незалежныя медыя, той жа T*T.BY, сталі нейтральна-пазітыўна гаварыць пра беларускіх чыноўнікаў, — нагадвае палітолаг, — звялі да мінімуму крытыку ўладаў.

Сёння ўсё абсалютна інакш: з эканомікай праблемы, з тым, каб забяспечыць унутраную стабільнасць — таксама, таму фактараў павелічэння падтрымкі ўлады я не бачу. І, паўтаруся, неабходна ўлічваць, што многія людзі не гатовыя шчыра адказваць на будзь-якія «палітычныя» пытанні ў цяперашнім клімаце, які склаўся ў краіне.

— Да таго ж самі ўлады робяць усё, каб панізіць уласны рэйтынг: акурат зараз ідзе «зачыстка» прыватных школ (а гэта некалькі тысяч сем’яў), працягваецца ціск на ІП-шнікаў, і г.д. Калі ўлады прымаюць рашэнні, абапіраючыся на скажоныя звесткі таго ж ECOOM, ці можа адно з такіх рашэнняў фатальна адбіцца на рэйтынгу даверу Лукашэнку?

— Улады, канешне ж, не грунтуюцца ў сваіх рашэннях на праўладных апытаннях. Асабілва калі весці гаворку пра ECOOM — іхнія лічбы загадзя вядомыя, і сама гэта сацыялагічная служба на рэдкасць дакладна прадказвала, што агучыць Цэнтрвыбаркам на чарговых выбарах, — з іроніяй заўважае эксперт. — Кантора ўпершыню выйшла на сцэну, калі адбыліся выбары ў парламент у 2004 годзе, і ўжо амаль дваццаць год якраз гэтымі «прагнозамі» займаецца.

Стаўленне да іх адпаведнае: усе разумеюць, што гэта прапаганда, не звязаная ўласна з сацыялогіяй.

Калі гаварыць пра непапулярныя рашэнні — безумоўна, яны могуць быць прынятыя.

Але мне падаецца, што сёння ўладам абыякавая грамадская думка, і рашэнні прымаюцца, зыходзячы з іншай логікі — да прыкладу, з пункту гледжання атрымання фінансавай дапамогі ад Расіі, бізнес-інтарэсаў і г.д.  Грамадскае меркаванне, асабліва пасля 2020 года, калі стала зразумела, што кансалідаванай большасці за ўладамі няма, не ўлічваецца зусім.

Наадварот, палітыка вядзецца такая, каб агарадзіць сябе ад большасці, і дзейнічаць не ад таго, што хочуць людзі, а ад таго, што ўлады палічаць патрэбным.

Той папулісцкі рэжым, які ў нас быў з 1994 года, змяніўся рэжымам, які хутчэй імкнецца прасунуць і праціснуць праз грамадства выключна свае інтарэсы, мэты і каштоўнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)