Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «Крызіс стасункаў зацягнуўся, і польскімі ўладамі ўжо шмат зроблена, каб выбудаваць мур паміж Беларуссю і Польшчай»

Андрэй Казакевіч — пра стасункі Мінска і Варшавы. І чаму прымальныя ўмовы для пачатку дыялогу не знойдзеныя.

Стасункі Беларусі і Польшчы ў апошні год складваюцца, мякка кажучы, не лепшым чынам. Як быццам міралюбівыя заявы Лукашэнкі аб гатоўнасці пачаць дыялогі рэальнымі дзеяннямі не падмацоўваюцца, міграцыйны крызіс паменеў у маштабах, але не знік, Анджэй Пачобут не вызвалены — зрэшты, і межы пакуль не зачыненыя канчаткова. Затое ў абедзвюх краінах перыядычна ўспыхваюць «шпіёнскія» скандалы з узаемнымі абвінавачаннямі.

Вось і цяпер пасля прапагандысцкага фільма пра нібыта спробу вярбоўкі беларускага дыпламата польскімі спецслужбамі МЗС РБ уручыў паслу Польшчы ноту пратэсту. Польскі ж бок ціха працягвае ўмацаванне мяжы — а таксама павялічвае консульскі збор на атрыманне беларусамі нацыянальных віз.

Што адбываецца ў дачыненнях дзвюх краін і ці магчымы ў такіх варунках пачатак дыялогу, Филин абмеркаваў з дырэктарам інстытута «Палітычная сфера», доктарам паліталогіі Андрэем Казакевічам.

— Пакуль што мы бачым проста працяг напружаных стасункаў, таго фармату адносін, які склаўся пасля 2020 і асабліва 2021 года, калі пачаўся міграцыйны крызіс, — зазначае суразмоўца. — З таго часу стасункі ў большай ці меншай ступені, але заўсёды напружаныя, і знаходзяцца нейкія падставы, каб адзін аднаго ў нечым абвінаваціць. Зараз беларускія ўлады абвінавачваюць у шпіёнскай дзейнасці, у спробе вярбоўкі свайго прадстаўніка — можа быць, гэта і праўда, нельга выключаць такі сцэнар, але, можа, і не.

Андрэй Казакевіч

У мінулым годзе таксама гучалі абвінавачанні ў розных, скажам так, несяброўскіх захадах. У прыватнасці, у парушэнні паветранай прасторы верталётамі, пабудова абарончых збудаванняў, перадыслакацыя войскаў ля беларуска-польскай мяжы, — гэтага ўсяго хапае.

Але былі і пэўныя крокі да дээскалацыі, нагадвае Андрэй Казакевіч, — прынамсі сімвалічных, калі ўлады запрашалі прыехаць кагосьці з польскай адміністрацыі і паразмаўляць, перадусім пра Пачобута, але не толькі.

— Мы бачылі, як у сувязі з парламенцкімі выбарамі ў Польшчы беларускія ўлады, а часам і сам Лукашэнка, спрабавалі заігрываць з новай уладай: маўляў, яны не такія шалёныя, як ПіСаўцы, то, можа, давайце размаўляць.

Але відавочна: пакуль што нейкія прымальныя ўмовы для таго, каб паляпшаць стасункі, не знойдзеныя. Беларускім уладам хацелася б, каб іх проста прынялі такімі, якія яны ёсць (ну можа, яшчэ выпусцілі б пару палітзняволеных, у тым ліку Пачобута), а з боку Польшчы мусіць быць зняцце санкцый, паляпшэнне магчымасцяў для праезду транспарту цераз мяжу, і гэтак далей. Аднак у польскага боку ёсць значна больш прэтэнзій да беларускай улады, якія яны хацелі б зняць і якія пакуль што не знаходзяць водгуку.

Акрамя таго, крызіс стасункаў зацягнуўся, і польскімі ўладамі ўжо шмат што зроблена для таго, каб фактычна выбудаваць пэўны мур паміж Беларуссю і Польшчай. Таму яны пачуваюцца даволі бяспечна, і пашырана такая думка: чакаць мы можам бясконца, беларускія ўлады не ёсць настолькі важным элементам, каб на яго занадта многа ўвагі звяртаць.

— Як пагаршэнне стасункаў паміж краінамі, на вашу думку, адаб’ецца на звычайных людзях, на ўзаемных паездках беларусаў і палякаў? Бо да 31 снежня 2024 года для палякаў дзейнічае бязвіз, і можна меркаваць, што ён будзе падоўжаны, як рабілася раней — а разам з тым ёсць рызыкі пераследу за «шпіянаж». Мноства беларусаў едзе ў Польшчу працаваць, вучыцца, закупацца — а для іх ускладняюць умовы. Ці зменшыцца колькасць паездак, ці адно з апошніх вакенцаў у Еўропу працягне дзейнічаць?

— Думаю, што гэтая дынаміка — і беларускі бязвіз, і выдача польскіх нацыянальных віз — гэта трэк, які ўжо зараз мала звязаны ўласна з двухбаковымі стасункамі.

Асабліва што датычыцца польскага боку. Гэта больш звязана з пытаннямі бяспекі — эскалацыі ў выніку ваенных дзеянняў, эскалацыі, звязанай з міграцыйным крызісам, павелічэннем актаў сабатажу па ўсёй Еўропе, у якіх падазраецца Расія (вядома ўжо пра некалькі дзясяткаў такіх выпадкаў).

У такіх умовах любая краіна ЕЗ мусіць так ці інакш пераглядаць сваю візавую палітыку ў дачыненні да Расіі і Беларусі — бо з гледзішча спецслужбаў, гэта непасрэдная пагроза, крыніца пранікнення небяспечных элементаў.

Спецслужбы, сілавыя структуры дзейнічаюць паводле сваіх алгарытмаў, і насамрэч яны прыблізна аднолькавыя ў розных краінах. Проста некаторыя краіны не бачаць для сябе пагрозы ў гэтым плане — напрыклад, Іспанія, Партугалія, дзе больш свабодны візавы рэжым для расейцаў і беларусаў, а вось памежныя краіны, канешне, бачаць больш праблем.

Таму можна чакаць і ўскладнення сітуацыі з атрыманнем віз. То бок, калі будзе пагаршацца ваенная абстаноўка ва Украіне, калі ўзмацніцца міграцыйны крызіс. Зноў жа, прыгадаем, што выдача польскіх віз была звязаная з карупцыйным скандалам, які, у сваю чаргу, звязаны з міграцыяй унутры Польшчы з розных краін свету.

Гэта цэлы комплекс праблем, які мае ўплыў на тое, ці з’явяцца новыя абмежаванні — і ўласна міждзяржаўныя стасункі будуць уплываць на іх ў меншай ступені, чым пытанні рэгіянальнай бяспекі.