Филин

Юлія Кот

Кавалеўскі: Прапаганда сама сябе выкрывае. Мы не абвяшчалі збор заявак на атрыманне пашпарту Новай Беларусі

Прадстаўнік АПК па замежных справах Валер Кавалеўскі — пра спробы ўладаў дыскрэдытаваць праект новых беларускіх пашпартоў.

Фота belsat.eu

Днямі ў сюжэце АНТ паказалі, як сцвярджалася, пашпарт «Новай Беларусі», нібыта выдадзены выдуманаму супрацоўніку КДБ. Аднак пры пільным разглядзе выявілася шмат дэталяў, якія паказвалі на несапраўднасць пашпарту.

Учора прапагандысты працягнулі расповед у стылі «інтрыгі-расследаванні», і  паказалі іншы «дакумент» — гэтым разам на рэальнага сілавіка, але былога.

Праўда, незразумела: калі пашпарты «Новай Беларусі», як сцвярджаюць прапагандысты і сілавікі — сувенірная паперка без юрыдычнай сілы, навошта прыкладаць столькі намаганняў, каб падрабіць яго (а прадстаўнік АПК Валер Кавалеўскі ў каментары «Нашай Ніве» адзначыў, што такія пашпарты не толькі не пачалі выдавацца, але нават няма іх узораў).

Ці значыць кампанія па дыскрэдытацыі, што насамрэч улады вельмі турбуе, калі беларусы за мяжой перастануць ад іх дакументальна залежаць, і ці ўплываюць падобныя «ўкіды» на стаўленне міжнародных партнёраў, а таксама на якім этапе сёння знаходзіцца распрацоўка новых беларускіх пашпартоў, Филин абмеркаваў з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету па замежных справах Валерам Кавалеўскім.

Валер Кавалеўскі

— Канешне, улады вельмі турбуюцца, — мяркуе спадар Кавалеўскі, — таму што фактычна гэта можа гаварыць пра правал іх плана стварыць сур’ёзныя праблемы для тых беларусаў, якія зараз вымушана жывуць за мяжой. Бо гэта была мэтанакіраваная палітыка, якую, нагадаю, увёў Лукашэнка ў мінулым верасні, калі з’явілася забарона на атрыманне пашпартоў за мяжой.

Пашпартны праект якраз-такі з’яўляецца адказам на гэтую праблему, хоць насамрэч праца пачалася значна раней — яшчэ за год да прынятага ўказу. І ўлады пераймаюцца, што іхні план праваліцца.

Другі аспект, на які звяртае ўвагу прадстаўнік АПК, — калі дэмакратычныя сілы пачнуць выдаваць пашпарт, гэта значыць, што яны фактычна забяруць сабе адну з базавых функцый дзяржавы:

Адпаведна, сам рэжым губляе вельмі значную частку сваёй суб’ектнасці, пры тым, што дэмакратычныя сілы яе набываюць, выконваючы функцыі дзяржавы.

Хаця, трэба сказаць, мы выконваем функцыі дзяржавы і ў іншых пытаннях — напрыклад, у знешняй палітыцы тое, што цяпер робіць дэмакратычны рух, даўно ўжо пераўзышло па ўзроўні кантактаў, па іх інтэнсіўнасці знешнюю палітыку Лукашэнкі.

— Тым не менш, пашпарты — вельмі канкрэтная, прадметная рэч, як дакумент у руках у людзей. Гэты дакумент ніякім чынам не паўтарае камуністычную сімволіку Лукашэнкі, ён утрымлівае нацыянальныя сімвалы і наратывы, і гэта тое, што прынцыпова адрознівае новы пашпарт ад таго, што робіць Лукашэнка. Таму ў рэжыму ёсць усе падставы турбавацца, што іх рэпрэсіўная палітыка датычна дыяспары фактычна нейтралізуецца.

— Па вашым досведзе, «укіды» з боку прапагандыстаў і сілавікоў — маўляў, ды ў нас ёсць усе базы і адрасы, усіх знойдзем, паўсюль прасунем сваіх агентаў — уплываюць на міжнародных партнёраў, ці ўсе ў прынцыпе разумеюць, адкуль вецер дзьме?

— Натуральна, яны разумеюць, што гэта прапагандысцкая праца. Тым больш, у нас ёсць усе падставы казаць, што гэта рэальная выдумка — бо да гэтага часу яшчэ не былі зробленыя самыя дакументы, не было нават іх узораў, і тым больш мы не абвяшчалі збор інфармацыі ці заявак на атрыманне гэтага пашпарту.

То бок, тут прапаганда сама сябе выкрывае — такая ўжо непрытоеная хлусня, такая выдумка, можна сказаць, містыфікацыя, што ўсім становіцца відавочна, чым займаецца рэжым Лукашэнкі: не адлюстроўвае рэальныя факты таго, што адбываецца ў краіне, а выдумвае нейкую сваю рэчаіснасць.

Такім чынам, прапагандысты відавочна паспяшаліся і замест паказу «рэкордна маштабнай працы КДБ» выставілі сябе блазнамі.

На якім этапе на самай справе знаходзіцца праект пашпартоў Новай Беларусі?

Паводле слоў Валера Кавалеўскага, літаральна на гэтым тыдні павінны прыйсці неабходныя матэрыялы для стварэння ўзораў дакументу. Акрамя таго, вядуцца перамовы з кандыдатам на прызначэнне кіраўніком органа выдачы пашпартоў, які будзе адказваць за ўсю тэхнічную працу.

— Калі будзе прызначэнне, мы зможам ужо ў дэталях распрацоўваць гэты орган — вельмі важна, каб яму давяралі і беларусы, якія будуць, вядома, дбаць пра бяспеку (гэта адно з цэнтральных пытанняў), і нашы міжнародныя партнёры, якія хочуць бачыць месца, дзе працуюць прафесіяналы, зразумелую і празрыстую структуру.

А ўжо калі будуць зробленыя ўзоры дакументаў, мы зможам з імі пайсці далей і звяртацца да нацыянальных урадаў з просьбай аб прызнанні — і органа выдачы, і пашпарта. Досыць шмат робіцца працы, якую нельга паказаць і распавесці падрабязна, але, тым не менш, працэсы ідуць. Часам хацелася б, канешне, каб справа рухалася хутчэй і прагрэс быў больш заўважны для людзей — але, паўтаруся, працэсы ідуць.

Што трэба ведаць наўпрост цяпер? Што асабістыя звесткі і заяўкі беларусаў на атрыманне пашпарту яшчэ не збіраюцца — не вядізцеся на фейкавыя паведамленні.

Абвестка аб тым, што насамрэч «пачалося», і інструкцыі аб тым, якім чынам можна падаць заяўку на атрыманне пашпарту, дадае Валер Кавалеўскі, прагучаць паўсюдна і на самым высокім узроўні. У запуску працэсу, безумоўна, возьме ўдзел Святлана Ціханоўская.

Пакуль жа наперадзе яшчэ шмат дзеянняў і камунікацый. Адна з іх — маштабнае апытанне, якое суразмоўца называе «глабальным перапісам»: яно мае на мэце засведчыць, дзе сёння жывуць беларусы, наколькі значны у іх запыт на атрыманне пашпарту Новай Беларусі, у пэўным сэнсе ацаніць гэты запыт колькасна.

І другая, не менш важная — прапанова беларусам паўдзельнічаць у грамадска значным праекце беларускіх пашпартоў, то бок, не «распіл грантаў», як гэта спрабуе падаць прапаганда, а самафінансаванне.

— Для запуску органа выдачы патрэбныя не супервялікія фінансы, але без фінансавай падтрымкі тут не абысціся. Мы не хацелі б звяртацца да замежных фондаў і ўрадаў іншых краін, бо гэта менавіта беларуская справа, — падкрэслівае Валер Кавалеўскі. — І гэта тое месца, дзе мы можам паказаць, што здольныя свае праблемы вырашаць самастойна.

Адначасова не спыняецца і праца аб прызнанні беларускіх пашпартоў, у якіх выйшаў тэрмін дзейнасці — але гэта не з’яўляецца пастаянным вырашэннем, а толькі дапамагае змякчыць існуючую праблему на пэўны час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(15)