Карбалевіч: «Пры некантраляваным працэсе транзіту ўлады Лукашэнка можа апынуцца ў вельмі непрыемнай сітуацыі»
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч у інтэрв'ю «Салідарнасці» – пра тое, што можа чакаць беларусаў у бліжэйшай і аддаленай будучыні.
– Якімі вы бачыце магчымыя вынікі вайны ва Украіне? Як яны могуць сказацца на Беларусі?
– Гледзячы па ўсім, сітуацыя развіваецца ў неспрыяльным кірунку і для Украіны, і для Захаду, і для беларускай дэмакратычнай супольнасці. Расія наступае на фронце, Украіну, гледзячы па ўсім, прымушаюць да перамоваў аб міры. Ва ўсякім разе аддаляецца выкананне тых задач па прымушэнні Расіі да паражэння, якія былі пастаўленыя Захадам у пачатку вайны.
Калі будзе абвешчана перамір’е па той лініі, на якой фронт знаходзіцца цяпер (а гэта самы верагодны сцэнар), то Расія абвесціць пра сваю перамогу. Вялізарная кааліцыя «Рамштайн», якую арганізаваў Захад і ў складзе якой 52 краіны, не змагла прымусць Расію саступіць.
Абвяшчэнне перамогі ўмацуе пуцінскі рэжым. Адпаведна можа ўмацаваць і рэжым Лукашэнкі. І тады на мяжы ўсталюецца жалезная заслона. Беларусь у саюзе з Расіяй будзе аддаляцца ад Еўропы, развівацца ўсё далей і далей ад еўрапейскай і дэмакратычнай супольнасці. Таму на гарызонце пры цяперашніх тэндэнцыях я добрых сцэнароў не бачу, на жаль.
Бачыце, Зяленскі ўжо не кажа пра задачу па выхадзе на межы Украіны 1991 году. Ён прапануе іншыя сцэнары, якія для беларускай дэмакратычнай супольнасці не вельмі спрыяльныя.
– Між тым Лукашэнку нядаўна споўнілася 70 гадоў.
– Бліжэйшыя яго задачы зразумелыя: пайсці на чарговыя прэзідэнцкія «выбары» і захаваць цяперашні палітычны рэжым. Пакуль пытанне пра нейкі транзіт на парадку дня не стаіць. Усе размовы пра пачатак працэсу, пра тое, хто можа стаць пераемнікам, – не актуальныя. Пакуль нікуды сыходзіць Лукашэнка не збіраецца.
Колькі часу ўжо прайшло з таго моманту, як «Усебеларускі народны сход» набыў канстытуцыйныя паўнамоцтвы, і якую яго дзейнасць мы бачым? Прайшло ў красавіку паседжанне – і усё, глуха, структура замарожаная.
За мінулыя паўгады нават ні разу не збіраўся абраны прэзідыўм – хаця б дзеля праформы, хаця б для таго, каб паказаць, што структура існуе.
І звярніце ўвагу: Лукашэнку ніхто не называе кіраўніком УНС. На афіцыйным узроўні – толькі «прэзідэнт Рэспублікі Беларусь».
Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, ніякіх перамен не будзе. Іншая справа, што са здароўем у яго могуць здарыцца розныя рэчы, але такія моманты цяжка прадказваць. Наўрад ці выпадае рабіць стаўку на гэты чыннік.
– Значыць, на вашую думку, калі надыйдзе момант, калі Лукашэнка па нейкіх прычынах будзе вымушаны адысці ад улады, то ён будзе дзейнічаць па сітуацыі?
– Неякія планы і сцэнары ў яго галаве ёсць. Невыпадкова ж Лукашэнка прыдумаў усю гэтую гісторыю з УНС. Але ён баіцца перадаваць уладу. Прысутнічае страх панесці адказнасць за тое, што ён нарабіў, асабліва пасля 2020 году. У выпадку некантраляванага працэсу транзіту ўлады Лукашэнка можа апынуцца ў вельмі непрыемнай сітуацыі.
Таму ён баіцца любых пераменаў. Да самага апошняга моманту Лукашэнка нікому ўладу не перадасць.
– Калі казаць пра доўгатэрміновую перспектыву, то ці магчыма ў Беларусі нацыянальнае прымірэнне?
– Мой прагноз у тым, што ніхто з пераемнікаў не зможа ўтрымаць цяперашні рэжым у тым выглядзе, якім ён ёсць сёння. Гэта рэжым вельмі персаналісцкі, створаны Лукашэнкам пад сябе. Замяніць яго ніхто не зможа, не будзе такога, што іншы чалавек зойме гэтую пасаду і нічога не зменіцца.
Рэжым пачне мяняцца, а мяняцца ён можа толькі ў адзін бок – дэлукашэнізацыі. Любы, хто прыйдзе пасля яго, будзе шукаць магчымасць для сваёй легітымізацыі ўлады. Сёння ківач настолькі загнуты ў адзін бок, што па законах фізікі і палітыкі ён непазбежна будзе рухацца ў іншы бок.
Цяперашні рэжым з’яўляецца тормазам развіцця краіны. Таму можа не хутка, можа не адразу, але пасля сыходу Лукашэнкі рэжым пачне дэлукашэнізавацца. Будзе ісці працэс дэмакратызацыі ў той ці іншай форме, у тым ці іншым тэмпе.
У яго рамках магчыма тое, што вы называеце нацыянальным прымірэннем. Магчыма стварэнне нейкіх механізмаў і інстытутаў, якія дапамогуць весці дыялог і дыскусіі паміж рознымі палітычнымі сіламі. У тым ліку, пра перспектывы Беларусі.
– Які выбар у будучыні могуць зрабіць беларусы: заставацца з Расіяй ці ісці ў Еўропу?
– Гэта будзе вынікам палітычнай барацьбы ўнутры краіны і геапалітычнага канфлікту, якія цяпер развіваецца ў нашым рэгіёне. Думаю, пры працэсе дэлукашэнізацыі лагічным будзе пэўнае дыстанцыянаванне ад Расіі і нармалізацыя адносін з Захадам.
Больш прагназаваць нешта складана. Тыя спадзевы, якія дэмакратычныя сілы ўскладаюць на праект еўрапейскага выбару, выглядаюць трохі перабольшанымі. Сёння беларускае грамадства да гэтага не саспела. Таму калі працэс і пачнецца, то будзе вельмі павольным.
Калі казаць пра сацыялагічныя апытанні, то дагэтуль большасць беларусаў выступала за тое, каб быць пасярэдзіне паміж Расіяй і Еўрапейскім саюзам, сябраваць з абодвума бакамі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное