Политика

Карбалевіч пра справу Пратасевіча: «Гульня працягваецца ў Twitter. Магчыма, гэта лоўля на жыўца»

Палітолаг мяркуе, што вакол палітзняволенага блогера пачынаецца новая складаная гульня. Пра гэта Валер Карбалевіч піша на Свабодзе.

Усьлед за навіной аб пераводзе Рамана Пратасевіча пад хатні арышт прыйшла інфармацыя, што ў яго зьявіўся новы акаўнт і відэа ў твітэры. Гэта азначае, што вакол яго пачынаецца нейкая новая складаная гульня.

Дасюль хады ўладаў фігурай Пратасевіча былі больш-менш зразумелыя. Так званае «інтэрвію» Маркава заклікана было дыскрэдытаваць апазыцыю і Захад. Зьяўленьне Рамана на прэсавай канфэрэнцыі 14 чэрвеня мусіла неяк паўплываць на ЭЗ і ЗША ў пляне зьмякчэньня санкцый. Атрымалася ня надта ўдала, але гэта іншае пытаньне.

Перавод пад хатні арышт — гэта яўная прапанова ўсім палітвязьням. Хто публічна пакаяўся, фактычна перайшоў на другі бок барыкад, мае шанец на зьмякчэньне прысуду.

А вось зьяўленьне свайго акаўнта ў інтэрнэце — гэта новы ход, які адразу ня так проста расшыфраваць.

Першая вэрсія. Магчыма, тут рэалізуецца схема, якую ўмоўна можна вызначыць як лоўлю на жыўца. Гэта калі спэцслужбы робяць падставу, правакуюць праціўнікаў улады на нейкія дзеяньні, а потым арыштоўваюць ці публічна выкрываюць.

Гэткую гульню ўлады выкарыстоўвалі ўжо ня раз. І ў выпадку з арыштаванымі ў Маскве «змоўшчыкамі» (Фядута, Зянковіч). І адносна Ігара Макара. І ў гісторыі з «замахам» на Азаронка.

Так і тут. Чаму б не пасачыць за камэнтарамі на акаўнце Пратасевіча? Магчыма, там будуць рэзкія выпады ў адрас уладаў. Можа, каго і ўдасца злавіць.

Але тут ёсьць праблема. У выведцы перавэрбаваны агент мае каштоўнасьць толькі тады, калі ягонае кіраўніцтва пра гэта ня ведае. (Хоць бываюць і больш складаныя гульні, але, здаецца, гэта ня наш выпадак). Усе камэнтары сьведчаць пра тое, што людзі добра разумеюць ступень свабоды Пратасевіча.

Усім відавочна, што ён працуе пад кантролем. Але да гэтай акалічнасьці камэнтатары ставяцца па-рознаму. Адны спачуваюць Раману, спрабуюць зразумець, у якой сытуацыі той апынуўся. Іншыя асуджаюць, кажуць, што вось жа Бабарыка, Статкевіч, Севярынец не пайшлі на супрацоўніцтва з рэжымам.

Другі варыянт. Яго можна ўмоўна абазначыць як «кейс Юрыя Васкрасенскага». То бок гульня ў «канструктыўную апазыцыю». Вось жа Пратасевіч кажа, што не памяняў сваіх поглядаў, аднак адначасова ганьбіць апазыцыю і хваліць Лукашэнку.

Аднак варта заўважыць, што нейкі ўмоўны «дыялёг» улады зь нейкай «канструктыўнай апазыцыяй» не атрымаўся. Нават не таму, што не знайшлі для гэтага патрэбных фігур. Думаю, што пры вялікім жаданьні гэта ня стала б вялікай цяжкасьцю.

Праблема ў іншым. Улады рэалізуюць сёньня жорсткі чорна-белы палітыка-ідэалягічны канструкт. Яго яшчэ раз сфармуляваў Лукашэнка ў выступе 2 чэрвеня. На яго думку, у краіне ёсьць народ, то бок людзі, якія любяць Лукашэнку, і ёсьць ворагі, якія яго ня любяць і якія аб’яўлены экстрэмістамі. І паміж імі ніякай сярэдзіны ў выглядзе «канструктыўнай апазыцыі», нейкай «трэцяй сілы» няма і ня можа быць. Нават імітацыя дыялёгу ўладам не патрэбна.

Можна выказаць меркаваньне, што пакуль ва ўладаў няма дакладнага сцэнару гульні з Пратасевічам. Магчыма, разьлічваюць, што трэба распачаць яе, а там будзе відаць. Можна будзе мяняць тактыку, рэагуючы на хады апанэнтаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(25)