Политика

Ірына Марозава

Карбалевіч: «Новы імідж Лукашэнкі не вельмі стасуецца з яго агрэсіўнай рыторыкай на адрас апанентаў»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч — пра галоўныя задачы электаральнай кампаніі, якія акрэсліў рэжым.

10 верасня Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду «аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній», дзе згадаў пра ўласны «гуманізм» у вызваленні палітвязняў, прайшоўся па палітычных апанентах. А таксама загадаў чыноўнікам працаваць з людзьмі і рыхтавацца — не, не да выбараў, якія «мы праводзілі не аднойчы і гэтыя правядзём», а да таго, каб прадставіць стратэгію на наступную пяцігодку.

Разгляд такіх далёкіх перспектыў — гэта ўпэўненасць у тым, што электаральная кампанія 2025 года пройдзе гладка, ці спроба пераканаць аўдыторыю ў краіне і за яе межамі ў гэтай упэўненасці?

— Гэта пачатак мабілізацыі дзяржаўнага апарату на паспяховае правядзенне прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч, — і спроба не паўтараць памылкі кампаніі 2020 году, навучыцца на тых памылках, вынесі з іх пэўныя ўрокі.

Валер Карбалевіч

У чым гэтыя ўрокі? Напрыклад, у тым, каб пачынаць кампанію як мага раней, не так, як гэта было ў 2020 годзе, пралічваць усе магчымыя варыянты, небяспекі і загадзя нейтралізаваць іх.

Затым гэта, сапраўды, праца з насельніцтвам. Як гэта ні дзіўна, у 2020 годзе яна была ў значнай ступені праігнараваная: Лукашэнка сустракаўся з чынавенствам, з сілавымі структурамі, а з насельніцтвам гэта неяк прайшло незаўважна. Таму цяпер ідзе спроба мабілізаваць дзяржапарат на працу з насельніцтвам.

Ну, і галоўная задача — нейтралізацыя апанентаў, што называецца, на дальніх подступах. Таму значную частку свайго спічу Лукашэнка прысвяціў менавіта барацьбе з апанентамі, крытыкаваў дзяржаўныя медыі за залішнюю ліберальнасць. Маўляў, трэба больш жорстка, больш рашуча і агрэсіўна змагацца з апанентамі, выкрываць тое, што яны нібыта хочуць перанесці ўзброеную барацьбу на тэрыторыю Беларусі. То бок, задача д’ябалізаваць апанентаў больш маштабна, чым гэта робіцца цяпер.

Вось, уласна кажучы, асноўныя высновы з першай, наколькі я разумею, нарады па пытаннях перадвыбарчай кампаніі. Цяпер іх будзе шмат, Лукашэнка анансаваў пасяджэнні з удзелам прадстаўнікоў ураду, кіраўнікамі абласцей — менавіта там, думаю, і вызначыцца дата гэтых выбараў.

— А тое, што ён адсочвае і заўважна нервова рэагуе на дзеянні сваіх апанентаў, той жа «зліў» наконт даты выбараў альбо рэакцыю на памілаванні палітвязняў — ці можна меркаваць, што далей праягнецца гэтая лінія прасоўвання «гуманнага» іміджу Лукашэнкі і ачарнення дэмсілаў?

— Як бачыце, гэты новы імідж Лукашэнкі не вельмі стасуецца з яго агрэсіўнай рыторыкай на адрас апанентаў.

Таму з аднаго боку — так, пашкадаваў людзей хворых, а з іншага, яны ўсё адно ўсе пад кантролем сілавых структур, нават вызваленыя, і трэба больш рашуча «выкрываць ворагаў». То бок, барацьба з ворагамі — важны кампанент, можа, нават самы важны, ва ўсёй кампаніі, як Лукашэнка яе разумее.

І гэта сведчыць пра тое, што траўма 2020 года вельмі моцна сядзіць, як стрэмка, у свядомасці.

Таму і гэтая агрэсія супраць ворагаў як галоўны элемент кампаніі, таму ён уважліва сочыць, што пішуць і кажуць пра ягоныя дзеянні. Безумоўна, яму не спадабалася, як трактуюць вызваленне людзей — маўляў, ён слабы, на яго націснулі, і ён вымушаны быў падпарадкавацца. Гэта Лукашэнку абурыла, бо здавацца слабым ён лічыць вялікім недахопам, увесь час хоча здавацца моцным.

Пры тым сам ён так і не растлумачыў, дарэчы, у чым прычыны гэтага памілавання — зразумела, што размовы пра гуманізм цалкам несур’ёзныя, а ў чым сапраўдная прычына, так і не было агучана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(12)