Филин

Сяргей Васілеўскі

Карбалевіч: «Лукашэнка дэманструе актыўнасць. І ўсе павінны зафіксаваць, што ён знаходзіцца ў добрай фізічнай і палітычнай форме»

Пра тое, як беларусаў прымушаюць да легітымізацыі правіцеля, Филину расказаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

— У суботу Лукашэнка пасля заўважнага перапынку выйшаў на лёд. Гэта была відавочна палітычная акцыя, звязаная з перапрызначэннем. На трыбунах былі адпаведныя плакаты, а ў дзяржаўнай прапагандзе — інфармацыйнае суправаджэнне.

Пры гэтым ён, мякка кажучы, выглядаў далёка не так бадзёра, як у мінулыя гады. А ці з’яўляецца Лукашэнка, на вашу думку, псіхалагічна гатовым, зараджаным на гэтую кампанію? Ці проста робіць гэта, бо «трэба»?

— Па вялікім рахунку гэта не мае ніякага значэння. Бо гэта не выбары, а проста палітычная кампанія, падчас якой трэба адпрацаваць свой нумар, нейкую функцыю.

Як і на хакейным лёдзе, што называецца. Выйсці і паказаць, што нічога не памянялася, што ўсё нармальна, нягледзячы на ўсе тыя праблемы са здароўем, на якія даўно ўжо ўсе звяртаюць увагу.

Нягледзячы на праблемы з нагамі, пра якія ён сам казаў, яму трэба прадэманстраваць добрую фізічную форму.

Прадэманстраваць вось той вобраз спартыўнага прэзідэнта, крутога мужыка, вобраз мача, які ён доўгі час прэзентаваў.

Трэба даказаць, што нічога не змянілася, што ўсё нармальна. Ён па-ранейшаму можа секчы дровы, гуляць у хакей. Усё, як і было раней. І ўсё ў парадку з фізічным станам.

Гэта, што называецца, трошкі перабор. Не думаю, што гэта неяк уплывае на ягоную падтрымку. Я думаю, што ў Беларусі ўсе людзі даўно ўжо вызначыліся са сваім стаўленнем да Лукашэнкі. Ягоныя прыхільнікі застануцца ягонымі прыхільнікамі, а праціўнікі застануцца праціўнікамі.

І таму гэтыя рэчы выглядаюць трошкі лішнімі. Але кампанія закручаная, праграма складзеная. І гэтую абавязковую праграму трэба выконваць. Што ён і робіць, хоць гэта і выглядае зусім лішнім з гледзішча таго, што ўяўляюць з сябе «выбары» ў сённяшняй Беларусі.

— Студэнтам МДЛУ Лукашэнка здолеў прапанаваць толькі адключэнне інтэрнэту ў выпадку новых забурэнняў і вяртанне старой назвы ўніверсітэта. На пасяджэнні прэзідыума УНС адток насельніцтва з рэгіёнаў ён прапануе спыняць паскарэннем меліярацыі і павышэннем мабільнасці мехатрадаў. Ён проста не здольны прапанаваць штосьці сучаснае, нейкую перспектыву, ці гэта ўжо прынцып: «полюбите меня черненьким»?

— Гэта ўсё ж розныя рэчы. Пасяджэнне прэзідыума УНС і сустрэча са студэнтамі — гэта розныя жанры. Там бюракратычнае мерапрыемства, а тут перадвыбарчая піяр-акцыя.

Лукашэнка дэманструе актыўнасць. І ўсе гэта павінны зафіксаваць, што ён знаходзіцца ў добрай фізічнай і палітычнай форме. Ён актыўны, ён стараецца. І гэта адзін з урокаў, які ён вынес з падзей 2020 года.

Тады ён мала сустракаўся з насельніцтвам, пусціў усё на самацёк, бо быў упэўнены, што і так ніхто нідзе не дзенецца, што ўсё ідзе паводле плана. Сустракаўся ён тады пераважна з дзяржапаратам і сілавікамі.

Цяпер жа ён вырашыў, што патрэбная актыўная прапагандысцкая кампанія. Прычым не так важны яе змест, колькі важная яе форма. А таксама дэманстрацыя ягонай падтрымкі. То бок, стварэнне такой карцінкі, якая б рабіла ўражанне, што ўвесь народ за яго.

І гэтую карцінку неабходна трансляваць праз прэсу. Трансляваць усяму грамадству, каб дасягнуць прымусовай легітымізацыі. Усё гэта адбываецца на тле рэпрэсій. Усе гэтыя вучэнні сілавых структур, на базе МУС, якія дэманструюць змаганне з пратэстоўцамі.

То бок, гэта такая мадэль прымусовай легітымізацыі, асаблівасць сённяшняй выбарчай кампаніі. Гэта праяўляецца і ў выглядзе прымусовых падпісак за Лукашэнку ў дзяржаўных установах, у бюджэтных і нават прыватных арганізацыях.

Гэта выяўляецца і ў кампаніі пад лозунгам «Надо!». То бок, гэта не нейкі заклік выбіраць, а менавіта абавязкова «надо». Бо калі ты не лічыш, што «надо», то ты вораг у гэтай краіне. І адначасова робіцца спроба даказаць усім, што абсалютная большасць насельніцтва яго падтрымлівае.

Ідэалагічны і адміністратыўны прымус, адначасовае запужванне акцыямі сілавікоў, з аднаго боку, павінныя папярэдзіць любыя пратэсныя дзеянні, а з другога — запэўніць усіх, што большасць насельніцтва яго падтрымлівае.

А супраць хіба адны нейкія маргіналы, якія проста не трапляюць у агульную карціну народнага адзінства.

— То бок, галоўнае ў гэтай кампаніі — дэманстрацыя большасці? Якой пры гэтым можна навязаць любую ідэю, які заўгодна лозунг?

— Сігнал, які дасылае Лукашэнка грамадству, немудрагелісты: «Краіна ў небяспецы. І адзіны, хто здольны яе выратаваць, гэта я». Адсюль і культ ягонай асобы, які цяпер развіваецца, і ўсё іншае.

Не нейкія пазітыўныя ідэі, не нейкі вобраз будучыні, а простая пагроза, што без мяне будзе яшчэ горш. Вось на гэтых вонкавых пагрозах, небяспецы вайны, нявызначанай будучыні і заснаваная ягоная праграма.

А тыя пазітыўныя рэчы, якія ён спрабуе прэзентаваць, то гаворка тут пра тое, што мы будзем і далей будаваць, праводзіць меліярацыю, паляпшаць сельскую гаспадарку. Ёсць і зусім прымітыўныя моманты, праўда, неканкрэтныя. Але гэта, бадай, і ўся ягоная пазітыўная праграма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(2)