Карбалевіч: «Лепшы варыянт – гэта знайсці нейкі востраў у Ціхім акіяне і з’ехаць туды»

Палітолаг – пра балючыя пытанні апошніх год, якія абвастрыліся пасля 24 лютага.

– Гэта праблема агульнабеларуская, агульнанацыяльная. Дзе павінны знаходзіцца людзі, якія б маглі б рухаць гэтую краіну, гэтую дзяржаву, гэты соцыум: унутры Беларусі ці ў замежжы? Што для краіны лепш і дзе яны могуць прынесці большую карысць Радзіме? – задаецца пытаннем палітолаг Валер Карбалевіч у сваім новым відэа на Радыё Св*бода.

Валерий Карбалевич

Я б сказаў, што гэта пытанне такое няпростае і не мае адназначнага адказу. Сапраўды, рэпрэсіі ўзмацняюцца і пашыраюцца на новыя сферы, якія раней улады не чапалі.

І Андрэй Стрыжак, калі кажа, што трэба з’язджаць, мае на ўвазе, што будзе вайна, у якую будзе ўцягнута Беларусь і пасля ўжо будзе выехаць значна цяжэй. Але, з іншага боку, калі будзе вайна, то якая? З выкарыстаннем ядзернай зброі? Тады ўзнікае пытанне, у які бок ад яе бегчы? Дзе тут можна ад яе выратавацца? Таму гэта так сабе аргумент.

Лепшы варыянт гэта знайсці нейкі востраў у Ціхім акіяне і з’ехаць туды. Але як доўга там можна жыць – гэта іншае пытанне.

Ці будзе вайна?

– Наконт таго ці будзе вайна ці не, сёння ніхто дакладна сказаць не можа, – адзначае эксперт. – Іншае пытанне, калі сапраўды магчыма ядзерная вайна, то ці будзе туды ўцягнута Беларусь?

Усім гэтым прагнозам пра тое, што вайна паміж Беларуссю і Украінай ці нейкі памежны канфлікт непазбежны, роўна столькі часу, колькі ідзе вайна ва Украіне. І дасюль усе гэтыя прагнозы не адбыліся, таму, зноў жа, усе прагнозы ў палітычным жыцці вельмі няпэўныя.

То бок, мы жывем у сітуацыі няпэўнасці і нявызначанасці. Вось гэта самае дрэннае, і менавіта на гэтай глебе і ўзнікаюць дыскусіі ці з’язджаць ці заставацца, – зазначае Карбалевіч.

Ці ёсць падставы панікаваць?

Карбалевіч тлумачыць:

– Новая хваля выезду з Беларусі на пачатку вайны была звязана нават не з небяспекай палітычнага пераследу, а з небяспекай таго, што мужчын возьмуць у армію і возьмуць на фронт. І я ведаю, што вялікая колькасць мужчын сярэдняга ўзросту імігравала менавіта па гэтай прычыне з Беларусі за апошнія месяцы.

Але, адзначае эксперт, першая пагроза, сапраўды, мінула.

– Беларусь пакуль не ўцягнулася ў рэальную вайну. Там адбываецца нейкая перыядычная мабілізацыя ў рэгіёнах: у Берасцейскай або Гомельскай абласцях. Але гэта пакуль не сітуацыя вайны. Гэта хутчэй нейкая гульня, трэніроўка або манёўры. Зноў жа, пакуль я бачу, што верагоднасць таго, што Беларусь будзе ўцягнута ў вайну хутчэй меншая, чым большая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(22)