Карбалевіч: Чаму ў Беларусi праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў

Палітолаг – пра суд над нобэлеўскім ляўрэатам.

– У Менску распачаўся гучны судовы працэс. Грамадзкая, мэдыйная ўвага да яго прыцягнута тым, што судзяць вядомых у краіне асобаў, – піша Валер Карбалевіч. – Гэта ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру гэтага году, старшыня праваабарончага цэнтру «В*сна» Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч.

Таксама судзяць завочна Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой.

Алесь Бяляцкі

Калі казаць проста, іх абвінавачваюць у тым, што яны фінансава падтрымлівалі палітвязьняў, — напрыклад, дапамагалі сплачваць штрафы.

Нобэлеўская прэмія міру прысуджаецца з 1901 году. Выпадкаў у гісторыі, каб ёй уганароўвалі асобу, якая знаходзіцца за кратамі, было няшмат. У 1935 годзе яе прысудзілі нямецкаму журналісту Карлу фон Асецкі, які сядзеў у фашысцкай турме. Дарэчы, пасьля гэтага гітлераўцы былі вымушаны вызваліць журналіста, хоць і пад нагляд спэцслужбаў.

Кітайскага дысыдэнта Лю Сяобо ўзнагародзілі ў 2010 годзе, калі ён быў у турме, а на волю ён выйшаў у 2017 годзе, перад самай сьмерцю.

Быў яшчэ выпадак зь лідэрам апазыцыі Бірмы (М’янмы) Аўнг Сан Су Чы. У 1991 годзе ёй прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру, калі яна была пад хатнім арыштам. А вызвалілася толькі ў 2010 годзе.

І беларус Алесь Бяляцкі цяпер у гэтым жа драматычным шэрагу.

Суд над вядомымі праваабаронцамі ўлады зрабілі паказальным, дэманстратыўным. Ён фармальна адкрыты (хоць замежных дыпляматаў не пусьцілі ў залю), адрозна ад іншых падобных працэсаў. Яго актыўна асьвятляюць дзяржаўныя мэдыя.

Пры падрыхтоўцы «справы» правялі 120 ператрусаў і сабралі 300 тамоў матэрыялаў. Такім жа паказальным быў і суд над «тэрарыстычнай групай» Мікалая Аўтуховіча.

То бок праваабаронцаў прыраўноўваюць да тэрарыстаў. Ва ўсялякім разе, улады імкнуцца стварыць ім такі імідж. Таму і кайданкі ў клетцы не здымаюць.

Рэжым хоча зьнішчыць праваабарончы рух як інстытут. Бо абаронцы правоў чалавека — ня толькі скрупулёзныя хранікёры палітычнага перасьледу, якія фіксуюць факты, падзеі, чыноўнікаў, засьвечаных у рэпрэсіях, лічаць ахвяраў.

Яны яшчэ ўвасабляюць грамадзянскую салідарнасьць, дэманструюць, што палітвязьні не застаюцца па-за ўвагай, пра іх ведаюць, іх падтрымліваюць, часткова нават фінансава. Вынішчэньне самой ідэі салідарнасьці, структур, якія яе ўвасабляюць, — важная задача рэжыму.

Таму, напрыклад, праваабаронцы той жа «В*сны» Марфе Рабковай 6 верасьня 2022 году прысудзілі 15 гадоў калёніі. Падсудным на гэтым працэсе пагражае да 12 гадоў калёніі. Такія тэрміны даюць за тэрарызм.

Суд над нобэлеўскім ляўрэатам прыцягнуў увагу міжнароднай супольнасьці да палітычных рэпрэсій у Беларусі. Ахвярнасьць Алеся Бяляцкага і ягоных паплечнікаў дапамагла вярнуць тэму беларускай дыктатуры (хоць на кароткі час) у топы сусьветных СМІ.

На галоўных старонках вядучых мэдыя — фатаздымкі з судовай залі. З гэтай нагоды генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш канстатаваў «вельмі трывожнае разьвіцьцё падзей і яшчэ адзін прыклад звужэньня прасторы, якую мы назіраем у многіх краінах для праваабаронцаў».

У пэўным сэнсе гэты суд над нобэлеўскім ляўрэатам ставіць беларускі палітычны рэжым у няёмкае становішча. Прыцягваецца дадатковая ўвага сусьветнай супольнасьці да палітвязьняў у Беларусі.

Але і вызваляць «вясноўцаў» ня вельмі выпадае: а раптам падумаюць, што Лукашэнка спужаўся маральнага ціску сусьветнай супольнасьці.

А зь іншага боку, Лукашэнка займеў вельмі важнага палітзьняволенага. Для яго гэта каштоўны тавар, за які можна патрабаваць ад Захаду вялікі выкуп.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(13)