«Калі ўважліва чытаць раёнкі, то паміж радкамі часам можна даведацца і кавалачак праўды»

Журналіст Дзьмітрый Гурневіч – пра праблему ў глыбінцы.

– Калі ўважліва чытаць раёнкі, то паміж радкамі часам можна даведацца і кавалачак праўды, – піша журналіст Дзьмітый Гурневіч. – Стаўпецкая газета «Прамень» апісвае праблему з вадой ў вёсцы Залужжа (9 км ад райцэнтра).

Ужо 5 год у жыхароў праблемы з вадой. Яе проста няма. У людзей ёсць пральныя машынкі, але пранне яны робяць уручную. Каб зліць з унітазу, яны ходзяць з вёдрамі да тых, у каго ёсць калодзеж. І носяць так па вёсцы тую ваду вёдрамі, некаторыя ў павярховыя дамы. Тое самае, каб памыцца. Тыя, у каго ёсць машына, ездзяць мыцца да сваякоў у Стоўбцы. І так ужо некалькі год.

Слова мясцовым жыхарам:

«Сеткі часткова былі замененыя ў 90-х гадах. Тады пытанні з рамонтам вырашаліся на працягу дня. І за вежай сачыў прызначаны работнік. Цяпер цечаў няма, але і вады няма».

Вось вы толькі ўявіце.

Беларусам гадамі даказваюць, як страшна жылося ў 90-я, а тады, выяўляецца, і напор вады быў у вежы, і спецыяльны рабочы, які за ўсім сачыў. Галоўнае – была вада. А цяпер здаецца, і касманаўта збіраюцца высылаць у космас, але каб не было ў Залужжы студняў, якія капалі пасля вайны, дык быў бы апакаліпсіс. 

Адразу вяскоўцам у водаканале тлумачылі: закончыцца сезон паліву агародаў – і вада «вернецца» ў краны. Аднак сёлета вады няма са студзеня. Па нумары 115 у іх перасталі браць заяўкі.

Ну і напрыканцы, гісторыя пра жыхара Менскага раёну, які прыехаў у Стоўбцы і накраў знічоў на могілках на 200 рублёў. Мужчына кажа, што доўга не можа знайсці працу і вырашыў зарабіць хоць так. Супраць яго завялі крыміналку.

У той жа час топ-навіна ў раёнцы: «Пусть Моравецкий осознает эту драму. Поляки шокированы счетами за газ и готовы протестовать».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(17)