«Калі рэпрэсуюць усіх, то ўразлівыя групы аказваюцца пад двайным ціскам»
Стыгма — не норма. Аб чым сведчыць даследаванне меркавання беларусаў пра ЛГБТК+ супольнасць.
Стваральніцы беларускай ініцыятывы «Гэта Окей»прадставілі вынікі даследавання стыгматызацыі ЛГБТК+ асоб у грамадстве. Выявілася, што прапаганда і навязванне негатыўных наратываў на дзяржаўным узроўні аказваюць істотны ўплыў нават на маладых і прагрэсіўных людзей.
Удзел у інтэрнет-апытанні ўзялі 445 беларусаў і беларусак, якія знаходзяцца як унутры краіны, так і за яе межамі, таксама было праведзена 10 глыбінных інтэрв’ю. Прычым большую частку адказаў, расказваюць даследніцы, яны атрымалі літаральна за два дні. Филин тлумачыць, чаму гэтая тэма датычыцца ўсіх і якія стэрэатыпы жывуць у беларускім грамадстве.
Апытанне выявіла шэсць найбольш распаўсюджаных стыгмаў адносна ЛГБТК+ нават сярод больш інфармаванай часткі грамадства (96% апытаных ведаюць, хто такія ЛГБТК+ асобы, а 79% ведаюць хаця б аднаго ЛГБТК+ чалавека асабіста):
- «Існуе прапаганда ЛГБТК», сексуальную арыентацыю можна «навязаць»;
- Маршы ўспрымаюцца акурат як «прапаганда і навязванне», а не спосаб звярнуць увагу на праблему дыскрымінацыі і роўнасці правоў;
- «Выхаванне ў ЛГБТК+ сем’ях уплывае на сексуальную арыентацыю і псіхіку дзяцей»;
- «Існуюць толькі два гендары, а ўсё астатняе — гэта не норма»;
- Выяўленне эмоцый, праяў кахання ў публічнай прасторы недарэчнае (прычым, як лічаць рэспандэнты, як для гомасексуальных, так і для гетэрасексуальных пар);
- ЛГБТК+ персоны не падвяргаюцца асаблівай дыскрымінацыі з боку дзяржавы, бо «ў Беларусі ўсе пад ціскам».
Частка гэтых стыгмаў — вынік недастатковай адукаванасці беларускага грамадства, браку ведаў і навуковай інфармацыі, зазначаюць даследніцы.
— Напрыклад, сцвярджэнне пра тое, што нібыта існуе «прапаганда ЛГБТК+», сведчыць пра моцны ўплыў інфармацыйнага поля Расіі, бо менавіта адтуль гэты тэрмін перайшоў у свядомасць беларусаў, — гаворыць суарганізатарка ініцыятывы «Гэта Окей», культурная менеджарка Вольга Кавальская.
Яшчэ адна сузаснавальніца ініцыятывы «Гэта Окей» Дар’я Парафінюк звяртае ўвагу на стаўленне да маршаў як спосабу прыцягнення ўвагі — многія беларусы лічаць, што гэта, па-першае, не працуе, а па-другое, зноў жа «прапагандуе ЛГБТК+».
— На мой погляд, тут трэба ладзіць асветніцкія кампаніі — ці разумеюць беларусы ўвогуле, што такое правы чалавека, якая гэта каштоўнасць? Што дэмакратыя — гэта для ўсіх, таму маршы ў свабодных краінах — спосаб данесці, не толькі ў палітычным кантэксце, але і ў грамадскім, свае патрэбы.
А адмова пэўнай групе, супольнасці людзей у выказванні сваіх патрэб якраз і ёсць праявай неталерантнасці, якая вядзе да негатыву, да здзекаў, усяго таго, што было і працягваецца ў Беларусі.
Кандыдатка філасофскіх навук, феміністка, запрошаная даследніца Institut für die Wissenschaften vom Menschen у Вене Вольга Шпарага мяркуе, што беларусы, якія выступаюць супраць «прапаганды нетрадыцыйных адносінаў», насамрэч паўтараюць стэрэатыпы, якія расейскія і беларускія палітыкі старанна ўздымаюць у медыйным полі, скарыстоўваючы як узор «заходняга ўплыву».
— Унутры Беларусі сёння наўрад ці магчымая прапаганда, прасоўванне інтарэсаў нейкай незалежнай групы, ідэй, якія не адпавядаюць афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі і прапагандзе, — заўважае філосафка.
— Афіцыйная ж прапаганда пасля падзей 2020 года робіцца ўсё больш кансерватыўнай, у тым ліку пад уплывам Расіі і развароту рэжыму ў гэты бок. Таму вельмі складана ўявіць прасоўванне і барацьбу за права на бачнасць ЛГБТК+ супольнасці.
Чаму паўтараецца гэты наратыў? Бо ў сітуацыі страху, прымусу і тэрору людзі падсвядома ўпісваюцца ў існуючую сістэму падпарадкоўвання, абмежавання іх правоў. Адмова ў праве быць бачнымі, гаварыць аб сабе выяўляецца ў простым закліку «Не высоўвайся!», а ўласныя страхі праецыруюцца і на іншыя групы.
Але ж пра «прапаганду ЛГБТК+» гавораць і беларусы, якія жывуць у іншых, дэмакратычных краінах. Тут Вольга Шпарага прыводзіць вынікі заходніх даследаванняў, якія выявілі сярод прыхільнікаў правакансерватыўных поглядаў больш моладзі:
— Гэта звязана з сітуацыяй пасля кавіду, сітуацыяй вайны і кліматычных зменаў. А ў нашым выпадку дадаецца яшчэ і чацвёрты фактар, сітуацыя ўнутры Беларусі. Пад уплывам гэтых фактараў маладыя людзі занепакоеныя, яны не вераць у будучыню і хочуць вярнуцца ў спакойнае мінулае, да таго свету, які ўжо немагчымы. То бок, гэта таксама пачуццё страху, на якім спекулююць правакансерватыўныя партыі.
Зрэшты, паказальна, што недапушчальнай многія беларусы лічаць не толькі «прапаганду ЛГБТК+», але нават выяўленне пачуццяў на публіцы. І гэта таксама трывожны званочак, які наўпрост звязаны з таталітарызацыяй Беларусі, зазначае Вольга Шпарага:
— Эмоцыі, пачуцці, нават негатыўныя, робяць нашую камунікацыю больш адкрытай. А такая негатыўная рэакцыя, на мой погляд, сведчыць, што беларусы сутыкаюцца з усё большым кантролем — усё больш сфераў жыцця дзяржава хоча кантраляваць, у тым ліку і наша прыватнае жыццё, нашы эмоцыі, нашу сексуальнасць.
Адметна, што ў Беларусі навязваецца прадстаўленне аб гамагеннай публічнай прасторы — як быццам гэта «не месца для выяўлення эмоцый», таму жэсты падтрымкі, абдымкі, пацалункі, наша сексуальнасць мусяць быць нябачнымі.
Дзяржава імкнецца ўсё жорстка зарэгламентаваць, таму вельмі важна расказваць, што разнастайнасць паводзінаў і эмоцый — таксама важная частка дэмакратыі, бо гэта дапамагае нам больш поўна камунікаваць і лепш разумець адзін аднаго.
Ганна (імя змененае ў мэтах бяспекі — Ф.), прадстаўніца Прававой iнiцыятывы i Міжнароднага камітэту па расследаванні катаванняў, звяртае ўвагу на небяспечнасць ураўнілаўкі — маўляў, у Беларусі ўсе пад ціскам, правы ўсіх людзей парушаюцца, і прыналежнасць да ЛГБТК+ супольнасці наўрад ці стварае дадатковыя рызыкі.
— На жаль, гэта спрацоўвае якраз наадварот, — зазначае праваабаронца. — У краіне, дзе ўсе пад ціскам, уразлівыя групы трапляюць пад яшчэ большую дыскрымінацыю. Нядаўна мы якраз падрыхтавалі справаздачу, якая распавядае пра тое, як рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе людзей, хто належыць да ЛГБТК+.
Рэч у тым, што нават падазрэнні ў тым, што чалавек належыць да гэтай групы, даюць сілавікам падставы ўжываць большы гвалт. Часам для «асаблівай увагі» і пагроз дастаткова колеру ці даўжыні валасоў, пэўнага адзення.
Калі ж здагадкі знаходзяць пацверджанне — напрыклад, імя ў пашпарце не супадае з праявай гендару, якую сілавікі бачаць перад сабой, гэта яшчэ больш падвышае ціск — здзекі, фізічны гвалт, а часам і сексуалізаваны.
Такім чынам, дадае праваабаронца, прыналежнасць да ЛГБТК+ супольнасці дае рэпрэсіўнай машыне дадатковыя падставы для рэпрэсій. Гамафобная рыторыка, якая не першы год прасоўваецца ў дзяржСМІ і ў заявах чыноўнкаў на вышэйшым узроўні, у апошнія гады падмацоўваецца практыкай — узгадаем ініцыятву Генпракуратуры аб прыцягненні да адказнасці за «прапаганду ЛГБТК+».
А паколькі грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, якія аказвалі ўразлівым групам падтрымку, фактычна знішчаныя, сітуацыя будзе толькі пагаршацца.
Што з усім гэтым рабіць? Як мінімум, не распаўсюджваць стыгму і дыскрымінацыю, гавораць актывісткі. Але ладзіць асветніцкія і інфармацыйныя кампаніі, расказваць шырокай грамадскасці пра правы чалавека, праводзіць адукацыйныя і культурніцкія мерапрыемствы — каб роўнасць правоў існавала не толькі на словах, а грамадства рушыла ў бок інклюзіўнасці.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное