Комментарии
Павал Севярынец, «Наша ніва»

Калі беларусы сыходзяць у лес

Штогод у другой палове чэрвеня ў сіценскім леспрамгасе пачынаюцца павальныя звальненьні – з уласнага жаданьня. Чым далей у лета, тым болей вяскоўцаў прыгадваюць колішнія вытворчыя крыўды, выбухаюць ад наймалейшае іскры, выказваюць начальству ўсё, што намножылася за цэлы год, ляпаюць на стол заявы – і сыходзяць у лес. Не падумайце, гэта не сэзоннае абвастрэньне псыхічных хваробаў і не эфэкт «максімкі». Гэта цьвёрды разьлік. За адзін дзень у ягадах сіценцы могуць зарабіць столькі ж, колькі за месяц працы на эстакадзе. Таму, як толькі лес запаўняецца пахам сакаўных этэраў, вёска дружна выдыхае: «Дачакаліся!..»

Сёлета, прыкладам, чарніцы прымаюць па 5 тысячаў за кіляграм, а для тутэйшага ягадніка, ды яшчэ ўзброенага «машынкай» (няхітрае прыстасаваньне на ўзор бляшанае пяцярні), сабраць за сьветлавы дзень 20–25 кіляграмаў – як той казаў, справа тэхнікі.

І вось зранку вёска, не зважаючы на сьпёку, дождж, аваднёў, камароў, бярэ плеценыя кашы ды плястмасавыя вёдры і збрыдае ў лес. Нават тыя, хто застаўся працаваць у Алёшчы, пасьля зьмены дабіраюцца да Сітна пешкі з «тарачкай» ды цягнуць з сабою колькі кілё тых чарніцаў. За пару месяцаў ягаднага сэзону можна зрабіць бізнэс

Але ў большасьці сіценцаў ідэі намнажэньня капіталу выклікаюць клясавую агіду – яны аддаюць перавагу натуральнаму абмену й жывуць адным днём. У крамах ці на «кропках», дзе прымаюць ягаду, вядро чарніцаў мяняецца на блёк цыгарэтаў, 2 бутэлькі «віна» або «паўтарашку» «максіма» ды сякую-такую закусь – і ўжо нараніцу балючая галава, галодны страўнік і пустыя кішэні зноў гоняць небараку ў гушчары.

У лесе сіценцы арыентуюцца выдатна. Паходы пешкі па 15–20 км тут – звыклая справа; часьцяком ходзяць «Расею чысьціць» – за межавую просеку, дзе люду менш, а ягады большыя, і, як праўдзівыя партызаны, імкнуцца выперадзіць суседзяў-вяскоўцаў у запаветных месцах.

Зрэшты, багацьця сіценскіх лясоў хапае на ўсіх. Сотні вяскоўцаў, дзясяткі прыежджых, што дэсантуюцца з кожнага полацкага дызэля, нават віцебскія ды сталічныя ягаднікі на машынах распушчаюцца ў велізарных масівах бяз знаку. Чарніцы ды журнавіны тут зьбіраюць у прамысловых маштабах; вядро брусьніцаў можна набраць проста каля сваёй хаты; у малінах раз-пораз бачаць мядзьведзя. Але, як павялося ў нас з калгасных часоў, дзе Божая шчодрасьць, там чалавечае марнатраўства. Што ягады, што грыбы, што кветкі – выбіраюць па-барбарску. Лісічкі грабуць з карэньнем ды мохам – каб ворагу нават грыбніцы не засталося. Тыя чарнічныя кусьцікі, якія жывуць да 300 гадоў і, можа, бачылі Касьцюшку ды паўстанцаў Каліноўскага, абскубаюць «машынкамі», а потым наракаюць: нешта ягада штогод драбнее...

Букецік веснавых пралесак ці ландышаў, за які ў Менску ахвотна аддадуць 1,5–3 тысячы, выдзіраецца дзе-небудзь на палянцы пад такім вось Сітнам; ахапкамі загружаюцца цэлыя мікрааўтобусы. Калі дарогаю ня сцапаюць полацкія «зялёныя», 300–400 «зялёных» амэрыканскіх гарантавана.

І ўсё ж самы выгадны бізнэс у Сітне-сіці – саленьне лісічак. Звычайна кошты на лісічку вагаюцца ад 3 да 8 тысячаў за кіляграм. Але калі іх не здаваць адразу, а саліць і прычакаць Калядаў – тады сюды заяжджаюць нямецкія нарыхтоўшчыкі – запасьлівы гаспадар можа атрымаць 10–15 эўра за кілё. Бывае, за сэзон сіценская сям’я зьбярэ да тоны лісічак. Вось і лічыце.

Адзінае зьдзіўляе: як толькі людзі прымудраюцца прапіваць такую прорву грошай?

Хто ж зарабляе на сіценскіх грыбах, ягадах? У першую чаргу – скупшчыкі. Аб’яднаныя ў канкурэнтныя сеткі (прыватная фірма з Расонаў, Полацкая райспажыўкаапэрацыя, «гастралёры» з Расеі, мясцовыя нелегальныя гандляры, якія разам зь ягадамі займаюцца адначасна і цыгарэтамі, і алькаголем), яны выграбаюць тутэйшае багацьце, зазвычай мінаючы дзяржаўны бюджэт. У разгар сэзону адно толькі Сітна здае больш за тону чарніцаў штодня, Алёшча – паўтоны. А гэта ж толькі чарніцы. Толькі траціна сельсавету. А сельсаветаў у нас у Беларусі болей за тры тысячы...

Гэта на першы погляд можа падацца, што ягадна-грыбная тэма – так, летняя забаўка. Насамрэч зьбіраньне грыбоў ды ягадаў – канкурэнтная перавага Беларусі перад суседзямі ды важкі артыкул даходу для мясцовага бюджэту з эўрапейскім самакіраваньнем. Калі 15–20% прыбытку скупшчыкаў пералічваць у сіценскую ўправу – будуць сродкі і на экалёгію, і на разьвіцьцё.

...Вы спытаеце, якая ж высокая мараль можа высноўвацца з такое прыземленае, нават падножнае тэмы?

Ашчаджаць дар тварэньня, даручаны нам разам зь зямлёю, і бачыць Боскі цуд у звыклым, чаго не заўважаем, чым грэбуем, – адна з самых яскравых прыкметаў нацыянальнага абуджэньня.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)