Общество

Ігар Лосік просіць Папу Рымскага «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей»

Палітвязень, мэдыякансультант «Радыё Свабода» Ігар Лосік напісаў з гомельскай турмы ліст да Папы Францішка. Ён просіць пантыфіка «заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разьбітых горам сем’яў».

Пра зварот Ігара Лосіка да Папы Рымскага Свабодзе паведаміла жонка палітвязьня Дар’я Лосік.

У лісьце Ігар піша, што сотні і тысячы беларусаў, сутыкнуўшыся з беззаконьнем і несправядлівасьцю, упадаюць у роспач і ня бачаць выйсьця з сытуацыі, якая склалася.

«Я не прашу заступіцца за мяне перад некім, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасьць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горш.

Можа быць, я вельмі наіўны, і гэты ліст да Вас ня дойдзе, але я пішу яго зусім шчыра і ад чыстага сэрца і веру, што пішу яго не дарма. І мне вельмі хочацца верыць, што Бог не пакінуў нас, што гэтая бессэнсоўная жорсткасьць спыніцца, што больш ніхто не памрэ, і ўсе вернуцца да сваіх сем’яў», — напісаў палітвязень.

У чэрвені прадстаўнік Ватыкану, кіраўнік залі друку Матэа Бруні ад імя Папы заявіў, што Францішак «уважліва сочыць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі, захоўваючы прыхільнасьць да дасягненьня дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаваньняў беларускага народу».

Неўзабаве з просьбай маліцца за Беларусь да кіраўніка Сьвятога Пасаду зьвярнулася жонка палітвязьня Паўла Севярынца Вольга.

Дарья Лосик: «Я сказала мужу, что буду бороться за него, независимо от того, чем мне это грозит»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(17)