Общество

Ідэалогія нянавісці. Як нацыстам удалося абалваніць большую частку свайго народу

Адказы на пытанні, якія сталі актуальнымі ізноў.

Фашызм — самая страшная ідэалогія ХХ стагоддзя. Здавалася б, увесь свет прызнаў гэта як усеагульную аксіёму яшчэ шмат гадоў таму. Фраза «ніколі зноў» трывала ўвайшла ў культурны код кожнага з нас.

Але сёння мы бачым, як у Еўропе зноў разгортваецца агрэсіўны мілітарызм, які пагражае свету новай вялікай вайной. Дык чым жа быў нямецкі нацыянал-сацыялізм насамрэч? У чым яго асаблівасць і адрозненне ад падобных яму ідэалогій?

Якім чынам нацыстам удалося абалваніць большую частку свайго народу? І чаму ідэалогіі ашалелага рэваншызму сталі настолькі папулярныя ў Еўропе першай паловы мінулага стагоддзя? На гэтыя пытанні на Budzma.org адказвае Ілля Дняпроўскі.

Трэці шлях. Як Еўропа «падсела» на фашызм

Фашызм як ідэалогія пачаў фармавацца на пачатку ХХ ст. і прыняў больш-менш акрэслены выгляд бліжэй да пачатку Першай сусветнай вайны.

Вайна паказала, што дзяржаўны шавінізм пры неабходных умовах можа даволі хутка мабілізаваць масы. Яна прадэманстравала, наколькі слабая можа быць прыхільнасць людзей да прынцыпаў цярпімасці і добрасуседства, як бывае лёгка іх арганізаваць на службу інтарэсам свайго ўрада, які ў дадзеных умовах аб’яўляўся фактычна тоесным краіне.

У гэтым кантэксце з’яўленне фашысцкіх партый і дыктатур у 20 — 30-я гады ХХ ст. ва ўмовах шырокамаштабных бедстваў, крушэнняў традыцыйных ідэалаў і каштоўнасцяў, выкліканых Першай сусветнай вайной, выглядае цалкам заканамерным.

Сярод першых падобных рэжымаў можна ўзгадаць ўрад Міклаша Хорта ў Венгрыі, ваенна-манархічную дыктатуру Мігеля Прыма дэ Рыверы ў Іспаніі і іншыя. Асабліва важнае значэнне мела з’яўленне і хуткі поспех фашысцкага руху ў Італіі.

Спекулюючы на цяжкасцях пасляваеннага перыяду, умела выкарыстоўваючы незадаволенасць шырокіх пластоў насельніцтва, увосень 1922-га.

Нацыянальная фашысцкая партыя на чале з Беніта Мусаліні абвясціла т.зв. «паход на Рым». У ім прыняло ўдзел ад 10 да 30 тысячаў чалавек. Не здолеўшы абсалютга нічога ім супрацьпаставіць кароль Італіі Віктар Эмануіл ІІІ быў вымушаны перадаць уладу Мусаліні, які прыняў тытул Дучэ.

Ён абвясціў, што павядзе краіну па новым, трэцім шляху, супрацьпаставіўшы фашызм двум «старым» ідэалогіям — сацыялізму і дэмакратыі, месцам якіх аб’яўлялася звалка гісторыі.

Беніта Мусаліні. Фота з сайту wikipedia.org

Далейшаму пашырэнню і распаўсюджванню фашызму ў Еўропе садзейнічаў вялікі эканамічны крызіс 30-х гадоў і яго наступствы. Збяднелыя і знявераныя ва ўсім людзі пачалі шукаць выратавання сярод палітыкаў-папулістаў, якія абяцалі народу «моцную руку» і хуткае вырашэнне сацыяльных праблем грамадства. Спачатку, у 1926-м, дыктатарскі рэжым Антоніу Салазара быў усталяваны ў Партугаліі.

Услед за гэтым дыктатарскія фашысцкія або паўфашысцкія рэжымы былі ўстаноўлены ў 1934-м у Аўстрыі, у 1939-м — у Іспаніі, у 1940-м — у Румыніі.

Фашысцкія рухі і партыі сталі прыкметным грамадска-палітычным фактарам і ў некаторых краінах з парламенцкай дэмакратыяй, хаця ім і не ўдалося наблізіцца да рычагоў улады.

Такія арганізыцыі як Французскае дзеянне (Action française) і Французская народная партыя ў Францыі, Брытанскі саюз у Вялікай Брытаніі мелі даволі шмат прыхільнікаў у сваіх краінах.

Радыкалы з мюнхенскіх піўных. Гісторыя станаўлення Нацыянал-Сацыялістычнай Рабочай Партыі Германіі

Перадумовы для папулярнасці рэваншысцскіх ідэй склаліся і ў Германіі. Хаця звонку ўсё выглядала вельмі няблага. Да сярэдзіне 20-х гадоў намецілася пэўная стабілізацыя эканомікі ў Германіі. У 1929-м узровень вытворчасці нават пераўзышоў даваенны.

Па асноўным прамысловым паказчыкам Германія выйшла на другое-трэцяе месца ў свеце. Аднак эканамічная стабілізацыя не вырашала складанае сацыяльнае становішча ў краіне.

Узровень жыцця ў Германіі заставаўся адным з самых нізкіх у Заходняй Еўропе. Нераўнамернае развіццё сацыяльна-эканамічнай сферы, захаванне нераўнапраўнага становішча Германіі на міжнароднай арэне назапашвалі выбухованебяспечны сацыяльны матэрыял у нямецкім грамадстве.

Гэтым карысталіся радыкалы з абодвух бакоў палітычнага спектру, якія ўчынялі ўзброеныя сутычкі проста на вуліцах нямецкіх гарадоў. У 1920-м адной з піўных Мюнхена была створана Нацыянал-Сацыялістычная Рабочая Партыя Германіі (НСДАП), ідэалогіяй якой стаў пангерманізм і адкрыты расізм.

У лістападзе 1923-га нацысты на чале са сваім лідэрам Адольфам Гітлерам спрабавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот у Баварыі, які апынуўся, зрэшты, няўдалым.

Ён увайшоў ў гісторыю як «Піўны путч». Лідары НСДАП былі арыштаваныя. Гітлер быў асуджаны на 5 год зняволення, але адпушчаны ўжо праз 9 месяцаў.

Фюрар, як сталі зваць Гітлера яго прыхільнікі, гэты тэрмін выкарыстоўваў для кансалідацыі свайго руху. Знаходзячыся ў турэмным зняволенні ў Ландбергу, ён напісаў кнігу «Mein Kampf» («Мая барацьба»).

У ёй ён выклаў сваё бачанне асноў нацыянал-сацыялізму. Дактрына нацызму была арыентавана на стварэнне Трэцяга Рэйху — тысячагадовай дзяржавы арыйскай расы. Расавая іерархія, у якой немцы займалі пануючае становішча, павінна была стаць асновай новага сусветнага парадку.

Нароўні з афармленнем ідэалагічнай дактрыны ў сярэдзіне 20-х гадоў Гітлер правёў арганізацыйную перабудову партыі. НСДАП стала дзяржавай у дзяржаве, правобразам будучага Трэцяга Рэйху. Штурмавыя атрады СА і асабістая гвардыя фюрэра СС ствараліся як ядро новага войска і сістэмы дзяржаўнай бяспекі. Былі створаны партыйны суд, палітычныя аддзелы, якія дублююць найважнейшыя дзяржаўныя ведамствы, сістэма дачэрніх грамадскіх арганізацый (для моладзі, жанчын, інтэлігенцыі і інш.) і прафесійных карпаратыўных саюзаў.

Трывожным сігналам стаў вынік прэзідэнцкіх выбараў 1925-га, калі фельдмаршал Гіндэнбург атрымаў перамогу дзякуючы гучнай нацыяналістычнай прапагандысцкай кампаніі. Вынікі выбараў у рэйхстаг у 1928-м таксама паказалі хуткі рост электарату найболей радыкальных партый — Камуністычнай партыі Германіі (КПГ) і НСДАП.

Пачатак у 1929-га сусветнага эканамічнага крызісу, які ахапіў таксама і германскую эканоміку, прывёў да далейшага абвастрэння палітычнай сітуацыі. І калі востры канфлікт паміж КПГ і Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі (СДПГ) паралізаваў дзеянні левага лагера, то нацыянал-сацыялісты хутка пераўтвараліся ў адну з найбольш уплывовых палітычных сіл краіны.

Адольф Гітлер. Фота з сайту history.co.uk

Ніякай апазіцыі. Як «ноч доўгіх нажоў» расчысціла дарогу фюрэру

У 1932-м на прэзідэнцкіх выбарах за Гітлера ўжо галасуюць больш за трэць выбаршчыкаў Германіі. Рабочыя партыі не маглі аб’яднацца на антыфашысцкай платформе. Абапіраючыся на савецкую тэзу аб сацыял-фашызме, КПГ пад кіраўніцтвам Эрнста Тэльмана змагалася з СДПГ як з галоўным палітычным супернікам. Рабочы рух быў расколаты.

Рэжым Веймарскай рэспублікі імкліва губляў апору. У гэтай сітуацыі 30 студзеня 1933-га прэзідэнт Гіндэнбург прапанаваў Гітлеру пост рэйхсканцлера. Да поўнага ўсталявання фашысцкай дыктатуры заставалася яшчэ больш за год, але лёс Германіі быў практычна вырашаны.

У лютым 1933-га, выкарыстоўваючы правакацыйны падпал рэйхстага, нацысты дабіліся забароны камуністычных сходаў і выхаду перыядычных выданняў. У сакавіку адбыліся новыя выбары ў парламент.

На іх перамагла НСДАП, але перамога не была абсалютнай і для захавання ўлады Гітлер вымушаны быў падтрымліваць кааліцыю з Нямецкай нацыянальнай народнай партыяй.

Таму 24 сакавіка 1933-га быў прыняты «Закон для выпраўлення бядотнага становішча народа і рэйха» ці «спрыяльны акт», які рабіў Адольфа Гітлера дыктатарам на тэрмін да красавіка 1937-га (у далейшым двойчы працягваўся).

Гэты закон канчаткова зацвердзіў у Германіі нацысцкую дыктатуру. Да пачатку 1934-га былі забаронены незалежныя прафсаюзы і ўсе палітычныя партыі. У адпаведнасці з законам «Аб забеспячэнні адзінства партыі і дзяржавы» НСДАП была абвешчаная адзіным носьбітам «нямецкай дзяржаўнай думкі», а прынцып фюрэрства распаўсюджаны на ўвесь дзяржаўны апарат. 

Спіс вышэйшых кіраўнікоў СА, арыштаваных 30 чэрвеня і адпраўленых у мюнхенскую турму Штадэльхайм

Апагеем кансалідацыі таталітарнага рэжыму сталі падзеі «ночы доўгіх нажоў» 30 чэрвеня 1934-га, калі апазіцыя была знішчана і ўнутры НСДАП. Забойства ў «ноч доўгіх нажоў» Грэгара Штрасэра, лідара антыгітлераўскага крыла нацыстаў, а таксама камандзіра штурмавікоў Эрнста Рёма і іншых прыхільнікаў левага крыла партыі канчаткова замацавала лідарства Гітлера ў НСДАП.

Фармальна канстытуцыя Веймарскай рэспублікі не была ліквідаваная, але фактычна пераставала дзейнічаць. Пасля смерці прэзідэнта Гіндэнбурга 2 жніўня 1934-га Гітлер засяродзіў у сваіх руках паўнамоцтвы рэйхсканцлера, прэзідэнта і галоўнакамандуючага.

Прынцып фюрэрства быў распаўсюджаны на ўсю дзяржаву. Сістэма адміністрацыйнага і палітычнага кіравання набыла выгляд жорсткай пірамідальнай іерархіі — апору дыктатарскай улады фюрара.

Бліжэйшыя паплечнікі Гітлера — Гес, Герынг, Гімлер, Гебельс узначалілі найважнейшыя дзяржаўныя пасады. Пад эгідай НСДАП была разгорнута шырокая сетка грамадска-палітычных арганізацый, якая ахапіла пераважную большасць немцаў. Магутнай апорай новай дзяржаўнай сістэмы стала сістэма СС, якую ўзначаліў Генрых Гімлер. Ваенныя падраздзяленні СС сталі правобразам будучага войска Трэцяга Рэйха.

З’яўляецца і таемная дзяржаўная паліцыя — гестапа. Гэтыя службы арганізоўвалі палітычны вышук і тэрор, забяспечвалі кадрамі сістэму канцлагераў, займаліся контрвыведкай, барацьбой са шпіянажам.

Партыйна-дзяржаўная структура дапаўнялася комплекснай ідэалагічнай сістэмай. На службу афіцыйнай прапагандзе былі пастаўлены найноўшыя дасягненні ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, кінематограф, фундаментальная і прыкладная навука, мастацтва, спорт, турызм, вольны час.

Ёзаф Гебельс, рэйхсміністр народнай асветы і прапаганды, апярэдзіў многія элементы сучаснай тэорыі ўздзеяння на масавую свядомасць.

Пад яго кіраўніцтвам была створана нябачаная ідэалагічная машына, якая ператварыла ідэі нацыянал-сацыялізму ў цэласны светапоглядны, маральна-этычны комплекс, эфектыўную сістэму выхавання «новага чалавека», якая адхіляе каштоўнасці гуманізму і дэмакратыі, асновы рацыяналістычнага светаўспрымання.

Ва ўмовах жорсткага тэрору, усталяванага фашыстамі ў краіне, было выключна цяжка весці барацьбу супраць яго. Сацыял-дэмакраты амаль поўнасцю спынілі сваю дзейнасць.

Абяскроўленая кампартыя таксама рэзка знізіла сваю актыўнасць, але, пайшоўшы ў глыбокае падполле, працягвала выступаць супраць фашысцкай дыктатуры.

Ёзаф Гебельс. Фота з сайту crss.uz

Народ і партыя адзіны

Найважнейшай сферай дзяржаўнага кіравання ў Трэцім Рэйху стала эканоміка. Ужо з канца 1934-га была ўведзена сістэма ўсебаковай рэгламентацыі знешнегандлёвых і валютных аперацый, прадпрыняты меры па скарачэнні залежнасці Германіі ад імпарту сыравіны і тавараў.

Для разгортвання шырокіх інвестыцыйных праграм выкарыстоўваліся магчымасці нацыянальнай фінансавай сістэмы. Віртуозныя маніпуляцыі рэйхміністра эканомікі Ялмара Шахта сістэмай крэдыту, дзяржаўных каштоўных папер і бюджэтам дазволілі пры поўнай адсутнасці фінансавых рэзерваў у кароткія тэрміны ажывіць вытворчасць.

Хутка пашыраўся дзяржаўны сектар эканомікі. Да 1937-га нацыянальны даход падвоіўся, прамысловасць (асабліва цяжкая) узрасла каласальна, а беспрацоўе паменшылася з шасці да аднаго мільёна чалавек.

Была створана разгалінаваная сістэма эканамічнага рэгулявання. Істотна мяняўся характар працоўных адносін і становішча асноўных сацыяльных груп. Буйная буржуазія паступова зрасталася з дзяржаўным апаратам і выкарыстоўвала ўсе перавагі дзяржаўнай пратэкцыянісцкай сістэмы Яна была абаронена рэжымам ад забастовачнага руху працоўных.

У 1934-м замест забароненых прафсаюзаў быў створаны Нямецкі працоўны фронт, падпарадкаваны нацысцкай партыі. Ва ўмовах рэгламентаванага рынку значна зніжалася ступень прадпрымальніцкай рызыкі, аднак памяншаліся і свабода прадпрымальніцтва, і магчымасць атрымання звышпрыбыткаў. Сярэднія пласты насельніцтва — рамеснікі, гандляры, саматужнікі, якія аказвалі вялікую падтрымку НСДАП у перыяд прыходу да ўлады, не атрымалі прывілеяванага становішча ў рамках новай сацыяльна-эканамічнай структуры і патрапілі пад уплыў той жа бюракратычнай машыны.

Аднак яны былі абаронены ад канкурэнцыі дзякуючы забароне стварэння новых рамесных майстэрняў і гандлёвых кропак. Падобную палітыку праводзіў урад і ў адносінах да зямельных уласнікаў.

У адпаведнасці з «Законам аб спадчынных дварах» стваралася саслоўе гросбаўэраў — землеўладальнікаў арыйскага паходжання з участкамі не менш за 7,5 га. Ім забаранялася драбіць зямельную ўласнасць пры атрыманні ў спадчыну, прадаваць і закладваць яе. Сельскагаспадарчая прадукцыя прадавалася толькі па цвёрдых коштах. У той жа час дзяржава правяла шырокую рэформу па пагашэнні сялянскай запазычанасці, назапашанай да 1933-га, устанаўленню пратэкцыянісцкіх пошлін на імпарт харчавання.

У дваістым становішчы аказаўся і нямецкі пралетарыят. Наёмныя рабочыя былі пазбаўлены правоў на ўтварэнне незалежных прафсаюзаў, заключэнне калектыўных дагавораў, барацьбу за паляпшэнне ўмоў і аплаты працы.

З уводам працоўных кніжак быў значна ўскладнены пераход на іншыя прадпрыемствы. У той жа час дзяржаўнае заканадаўства рэгламентавала працягласць працоўнага дня, памер заробку, уводзіла сістэму абароны ад неабгрунтаваных звальненняў, стварала інстанцыі для абскарджання дзеянняў прадпрымальніка. Рабочыя з радасцю рэагавалі на рэзкае зніжэнне маштабаў беспрацоўя, стварэнне сістэмы грамадскага выхавання, якая апекавала дзяцей ад 6 гадоў.

Да 1937-1938 гг. дасягнутая дынаміка эканамічнага развіцця і комплексная сацыяльная палітыка дазволілі гітлераўскаму кіраўніцтву дабіцца стабілізацыі ўнутранага становішча ў Германіі.

Большасць нацыі стала цалкам лаяльнай да кіруючага рэжыму. Аднак з грамадскага жыцця пры гэтым была выключана тая частка нямецкага народа, якая не магла даказаць «арыйскае паходжанне».

У адпаведнасці з Нюрнбергскімі расавымі законамі аб грамадзянстве 1935-га расізм (у першую чаргу антесемітызм) быў замацаваны як базавы юрыдычны прынцып. Жорстка каралася любое іншадумства.

З 1937-1938 гг. асновай палітыкі гітлераўскага рэжыму становіцца татальная падрыхтоўка краіны да вайны. Пад кантролем Германа Герынга ўводзіцца сістэма чатырохгадовага планавання эканамічнага развіцця. Прыярытэтамі для яе сталі мілітарызацыя эканомікі, далейшая ўніфікацыя працоўных рэсурсаў, мадэрнізацыя войска. З кожным месяцам усё больш агрэсіўнай станавілася і знешняя палітыка Германіі.

Канец трэцяга шляху

У адрозненне ад іншых фашысцкіх рэжымаў, у Трэцім Рэйху фармаванне саслоўна-карпаратыўнай сістэмы і забеспячэнне яе маналітнасці не з’яўлялася галоўнай мэтай. Сілы нацыі павінны былі быць накіраваны на стварэнне новага сусветнага парадку ў духу ідэй нацыянал-сацыялізму.

Нямецкі нацызм аддаваў маральны і тэарэтычны прыярытэт канцэпцыі нацыі і расы. У гэтым сэнсе германскі нацызм стаў адзінай у Заходняй Еўропе класічнай, найболей поўнай формай таталітарнай дыктатуры.

Нават найбліжэйшы да гэтай класічнай мадэлі італьянскі фашызм усё ж не дасягаў такой паўнаты панавання сваёй улады над грамадствам, такога абсалютнага кантролю над думкамі і дзеяннямі шэраговых грамадзян. Яшчэ больш адрозніваліся ад гітлерызму варыянты так званай «іберыйскай» мадэлі фашызму.

Нацыянал-сацыялістычнай партыі ўдалося забяспечыць падтрымку асноўных слаёў германскага народа. У асноўнай ступені гэта адносілася да масы сярэдніх пластоў, якія актыўна прыцягваліся да працы ў складзе бюракратычнага апарата.

Гэта вельмі цесна звязала іх з нацызмам. Працоўны клас Германіі праявіў большую ўстойлівасць. Даволі доўгі час значная яго частка не паддавалася ідэалагічнай апрацоўцы.

Але ўсё ж на пэўным этапе большасць рабочых схілілася да падтрымкі нацысцкага рэжыму. Дзяржаўныя праекты і новыя вытворчасці ў вайскова-прамысловым комплексе, якія патрабавалі ўсё больш працоўных рук, паменшылі беспрацоўе, якое было ў міжваенны перыяд сапраўдным бізуном для краіны.

Сваю ролю тут адыгралі таксама актыўная сацыяльная дэмагогія, якую няспынна праводзіла ведамства гера Гебельса. Шырокая падтрымка стала галоўнай прычынай сацыяльнай стабільнасці таталітарнага нацысцкага рэжыму ў Германіі.

Гэта і абумовіла параўнальную слабасць унутранага супрацьстаяння нацызму, ізаляванасць нямецкага антыфашысцкага руху. Вось чаму крах германскага фашызму стаў не столькі вынікам унутранага супраціву, колькі вынікам ваеннага разгрому.

Авантурыстычны курс Гітлера на заваяванне сусветнага панавання згуртаваў супраць яго на міжнароднай арэне ўсіх тых, каму пагражала яго злачынная чалавеканенавісніцкая ідэалогія, г.зн. большую частку свету.

Хацелася б верыць, што ўсе жахі фашызму засталіся ў мінулым, але ў сучасных рэаліях гэта будзе самападманам. Шмат гадоў таму нежаданне вялікай часткі тагачаснага грамадства многіх дзяржаў Еўропы браць на сябе адказнасць за свой лёс і лёс сваіх краін, спадзяванні на «моцную руку», на лідара-звышчалавека, абвінавачванні ва ўсіх уласных бедах вонкавых і ўнутраных ворагаў прывялі да трагедыі.

Таму сёння, паглядаючы на ўсё, што адбываецца зараз у свеце, нам усім трэба яшчэ раз добра падумаць і узгадаць сапраўдны сэнс фразы «ніколі зноў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(12)