Общество

«І Косьцевы вершы, і сям’я Севярынцаў — гэта тое, што будзе гонарам Беларусі»

Важныя і шчырыя словы ў памяць Кастуся Севярынца на Радыё Свабода.

1 кастрычніка 2021 году ў рэанімацыі ад каранавірусу памёр журналіст, паэт, публіцыст, перакладчык Кастусь Севярынец. Ён меў хворае сэрца.

Кастусь Севярынец нарадзіўся 4 верасьня 1952 году ў вёсцы Ўнорыца Рэчыцкага раёну. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Адслужыў у войску, там быў узнагароджаны мэдалём «За адвагу на пажары». Працаваў дырэктарам Пагасьцянскай васьмігодкі пад Оршай. З 1979 году — у журналістыцы: быў карэспандэнтам БелТА — ТАСС па Віцебскай вобласьці, працаваў у рэспубліканскіх газэтах, на Беларускім радыё.

Перакладаў з сэрбскай і харвацкай моваў. Аўтар зборнікаў лірыкі на расейскай мове «Пока дышу», «Пока цветёт сирень», некалькіх кніг дзіцячых вершаў, пяці зборнікаў крымінальных нарысаў.

«Гэта чалавек, які заўсёды для мяне быў апорай»

Удава Кастуся Тацяна Севярынец расказала, што пазнаёмілася з Кастусём у 1974 годзе ў будаўнічым атрадзе.

— У 1975-м пажаніліся, Ганначка нарадзілася. Усялякае было за нашы 46 гадоў сумеснага жыцьця, цяжкасьцяў хапіла: і ў інтэрнаце жылі, і кватэры здымалі, але ўсё гэта перажывалася разам, дзяцей гадавалі, унукам радаваліся...

Я ўвогуле не ўяўляю свайго жыцьця безь яго. Гэта чалавек, які заўсёды для мяне быў апорай. Я ведала, што дзе б ні была — бацька дома, дом дагледзіць, абед прыгатуе, сустрэне. У грыбы зьезьдзім — я буду адпачываць, а бацька іх чысьціць і катаць. Гэта вельмі добры, вельмі шчыры чалавек.

Каб ня гэтая хвароба, каб ня сэрца, ён бы яшчэ пажыў. І Паша, і шмат людзей маліліся за яго здароўе. Ён вельмі моцны чалавек, вельмі цярплівы, але апошнія тыдні даліся яму вельмі цяжка. Мы ня ведалі, як дапамагчы, што рабіць. Ён казаў: «Нічога не насіце ў шпіталь», але насілі ўсё дамашняе, каб хоць крышачку чаго зьеў.

У яго такія вершы цудоўныя, паэзія яскравая, добрая. Нікому не жадаў зла. Для дзяцей быў любімы татка, і ўнукі ў ім душы ня чулі, — Тацяна Севярынец ня можа стрымаць сьлёз.

Вадзім Баршчэўскі сябраваў з Кастусём Севярынцам са студэнцкіх гадоў, яны разам вучыліся ў Белдзяржунівэрсытэце.

— Уяўляеце, мы сябруем больш за 50 гадоў! На першым курсе прыглядаліся адзін да аднаго, а з другога блізка пасябравалі. Ён вельмі таленавіты ва ўсім: і як радыёжурналіст, і як паэт, і як перакладчык. Пісаў дэтэктыўныя апавяданьні, шмат зборнікаў апублікаваў.

Але лепш за ўсё ў яго атрымліваліся дзіцячыя вершы і лірыка, такая шчымлівая і пранікнёная. Было ў яго і шмат так званых «альбомных» вершаў, якія ён не друкаваў, а пісаў для сяброў і сябе. Я думаў, што Косьця мяне перажыве, бо ён такі аптыміст, гумарыст, жыцьцярадасны чалавек. Не магу стрымаць сьлёз, — кажа студэнцкі сябар Севярынца Вадзім Баршчэўскі.

«Косьцевы вершы і сям’я Севярынцаў — гэта тое, што будзе гонарам Беларусі»

Кастусь Севярынец напісаў шмат дзіцячых вершаў. Ён пераможца міжнароднага конкурсу Радыё Свабода на найлепшы пераклад тэксту песьні «Fairytale» («Казка»), зь якой Аляксандр Рыбак перамог на «Эўравізіі-2009».

Разам зь віцебскай мастачкай Сьвятланай Баранкоўскай Кастусь Севярынец зрабіў першую беларускую азбуку для iPad «Буквар: Родная азбука».

— Я амаль год малявала «Азбуку», у мяне нічога не атрымлівалася, і тады я сказала: «Буду рабіць, што ўмею — буду рабіць габэлены». І на кожны яго верш (а яшчэ былі двухрадкоўі) я рабіла габэлены. Насіла яму здымкі, глядзелі на гэтыя габэленчыкі і радаваліся, як дзеці.

Пра лісу было двухрадкоўе: «Футра цёплае ў лісіцы, будзе шапка й рукавіцы». Я зрабіла лісічку, у якой толькі носік тырчыць. Усе падыходзяць да габэлена і пытаюцца: «А дзе сама лісічка?» Прыходжу да Косьці, а ён ужо напісаў працяг: «Вось яна, прыйшла зіма. Футра ёсьць, а дзе сама?»

Так весяліліся, так радаваліся, што мы на адной хвалі, што аднолькава думаем, аднолькава баліць, аднолькава радуе. Таму адыход такога чалавека — гэта ня проста балюча, гэта як кавалак ад сэрца адарвалі, гэта вялікая частка душы, якую ён нам падарыў.

Гэта чалавек настолькі сьветлы быў, настолькі заўсёды пазытыўны! Таму я разумею, чаму ў яго такая сям’я, такія дзеці — у такога бацькі не магло атрымацца інакш. Я думаю, што і Косьцевы вершы, і сям’я Севярынцаў — гэта тое, што будзе гонарам Беларусі», — кажа мастачка, сяброўка сям’і Севярынцаў Сьвятлана Баранкоўская.

«Кожны бацька, які не дачакаўся вяртаньня сына зь лягераў — на сумленьні рэжыму»

У сям’і Кастуся і Тацяны Севярынцаў трое дзяцей: старэйшая дачка — настаўніца і пісьменьніца Ганна Севярынец; сын Павал — палітык, пісьменьнік, палітвязень; малодшая Дар’я — кандыдат тэхнічных навук.

Кастуся Севярынца многія ведаюць як бацьку Паўла Севярынца, грамадзкага актывіста, шчырага верніка, якога асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Журналістка Ірына Хапіп успамінае, як у 1998 годзе ў кожным нумары газэты «Имя», дзе яна тады працавала, публікаваўся каляндар, колькі дзён 22-гадовы сын Кастуся Павал сядзіць у турме. Бацька Паўла з пачастункамі тады завітаў у рэдакцыю. А ў 2011 годзе Ірына апынулася на адной лаўцы падсудных з Паўлам — за падзеі Плошчы-2010.

— І прысутнасьць сям’і Севярынцаў у судзе ўспрымалася ўжо як зьяўленьне сваякоў. Вось мае бацькі, мае сябры і калегі, а вось цудоўныя Севярынцы, родныя людзі. А цяпер Паша зноў сядзіць, а Косьця памёр.

Паша, вяртайся хутчэй. Косьця, спачывай зь мірам. І хай ня кажуць, што гэта натуральная сьмерць, якая не залежыць ад рэжыму. Кожны бацька, які не дачакаўся вяртаньня сына зь лягераў — на сумленьні рэжыму, — напісала Ірына на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі згадвае, што пазнаёміўся з бацькамі Паўла Севярынца ў 2005 годзе, калі Павал рыхтаваўся да чарговай «хіміі».

— Балюча, калі паміраюць сьветлыя людзі. Яшчэ больш балюча, калі паміраюць сьветлыя людзі, чые сьветлыя дзеці гніюць у турмах...

З 2005 году кватэра Севярынцаў назаўсёды стала адным з самых цёплых дамоў у сьвеце. Людзі, якія заўсёды чакалі і шчыра клікалі ў госьці, — піша Барыс. Апошні раз ён быў у Севярынцаў гэтай зімой. Заўважыў, што ад няспыннага перасьледу, затрыманьняў і ператрусаў у сваёй сям’і ў Віцебску і перасьледу сына Паўла Севярынцы яшчэ больш пастарэлі.

Але ня страцілі энэргіі. Імпэту. Запалу. За лічаныя дні да майго прыезду Тацяну Севярынец затрымалі ў лесе падчас прабежкі. Уявіце сабе, наколькі тупое затрыманьне. Навошта?

А ўжо літаральна празь дзень мы сядзелі на кухні і гутарылі з Канстанцінам Севярынцам, а Тацяна Яўгенаўна паднялася а 6-й гадзіне раніцы, каб прыгатаваць печыва для ўсёй сям’і. Абмяняліся тады падарункамі і цёплымі словамі. І разьвіталіся з Канстанцінам Севярынцам. Цяпер назаўсёды, — піша ў фэйсбуку Барыс Гарэцкі.

Пахаваюць Кастуся Севярынца на радзіме, у вёсцы Ўнорыцы Рэчыцкага раёну.

Ягоная дачка Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісала:

— Улічваючы, што мы забіраем яго з ковіднай рэанімацыі, а таксама тое, што ў самой вёсцы таксама ковід і, акрамя нашага, там адбудуцца яшчэ ковідныя пахаваньні, разьвітаньне і пахаваньне будзе ў вузкім коле сваякоў. Выбачаемся перад тымі, хто хацеў бы асабіста разьвітацца з нашым татам, просім згадаць яго добрым словам і памятаць.

Кастусь Севярынец. Верш «Ня бойся!»

Улада шчэрыцца, як зьвер?

Ня бойся.

Не прасі.

Ня вер.

Стой мужна.

Рады не дасі?

Ня вер.

Ня бойся.

Не прасі.

Ты — беларус.

Не супакойся!

Ня вер. І не прасі.

Ня бойся.

2 верасьня Кастусь Севярынец апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку адзін са сваіх апошніх вершаў:

Под листопадом

Крона клёна горит,

Плавит листья литые.

Облетают мои

Сентябри золотые.

Облетают, спеша,

И шуршат виновато,

Что устала душа

Горевать об утратах.

Покружат на ветру

Меж землёю и небом

И уносят листву

В невозвратную небыль.

А в саду, где цвело,

Там, где лето гуляло,

Сколько листьев смело!

Сколько яблок упало!

Что ж, давай без обид.

И — на выход с вещами!

Что-то память знобит

От разлук и прощаний.

Набегает слеза,

Удержать невозможно,

А друзей голоса

Всё милей, всё дороже.

За избыток кручин

Не суди меня строго —

Посидим, помолчим

Перед вечной дорогой.

Оглянусь, улыбнусь:

Жизнь со мной не скучала!

В путь-дорогу умчусь —

Без конца, без начала.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(52)