Экономика

Гурыеў: Беларусы жывуць вельмі кепска — у параўнаньні з тым, як маглі б у выпадку рэформаў

Расейскі эканаміст, прафэсар эканомікі парыскай Школы палітычных навук (Sciences Po), да нядаўняга часу галоўны эканаміст Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сяргей Гурыеў паразважаў пра стан і пэрспэктывы Беларусі, дзе ўсе сфэры трымаюцца на дзяржаўным дыктаце.

Адмысловец браў удзел у онлайн-канфэрэнцыі пляцоўкі «Беларуска-расейскі экспэртны дыялёг». Лейтматыў ягонай прамовы палягаў у неабходнасьці тэрміновых рэформаў, іначай — непазьбежнае спыненьне эканомікі, паведамляе Свабода.

«Беларуская эканоміка даволі „кампактная“, яна абсалютна па кішэні і МВФ, і Сусьветнаму банку, і Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця. І той плян эўрапейскай падтрымкі, які ўжо ляжыць на стале — 3 мільярды эўра — гэта нетрывіяльная сума па мерках Беларусі.

Тое, што краіна з пачаткам рэформаў страціць расейскую падтрымку, безумоўна, ударыць і па курсе валюты, і па ўзроўні жыцьця. Але гэты ўдар не катастрафічна сур’ёзны. Нашмат больш катастрафічная адсутнасьць эканамічнага росту. Добра вядомыя графікі, на якіх беларуская эканоміка стагнуе і не расьце тымі тэмпамі, якімі магла б. Гэта якраз сьведчыць, наколькі кепска жывуць беларусы ў параўнаньні з тым, як заслужылі пры наяўнасьці рэформаў і росту».

Сяргей Гурыеў спаслаўся на ўласны досьвед працы ў міжнародных арганізацыях, які сьведчыць: жаданьне ператварэньняў знаходзіць поўнае разуменьне ў патэнцыйных донараў.

«Дастаткова людзей, якім хочацца запісаць у актыў пасьпяховую краіну, якая стала часткай ці Эўразьвязу, ці Эўрапейскай зоны свабоднага гандлю, ці іншага праекту. Таму не сумнявайцеся: ахвотных дапамагаць будзе шмат. Грошай, магчыма, ня столькі, колькі далі Грэцыі, дзе зусім іншы ўзровень падтрымкі.

Але Беларусь не такая вялікая з гледзішча ВУП, адпаведна, і спрыяньня ў правядзеньні рэформаў, і пазыкаў па нізкіх працэнтных стаўках будзе хапаць. Як і дапамогі ў пошуку інвэстараў у працэсе прыватызацыі — што-што, а сумленную прыватызацыю ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ЭБРР праводзіць умее. Зрэшты, банк спрабаваў гэта рабіць і з Лукашэнкам, толькі той не хацеў прадаваць ні-чо-га, нягледзячы на абяцаньні».

«Беларуска-расейскі экспэртны дыялёг» — пляцоўка для абмену думкамі і досьведам паміж эканамістамі зь Беларусі і Расеі.

Часткай ініцыятывы таксама ёсьць аднайменны цыкль сэмінараў, прысьвечаны абмеркаваньню бягучых і будучых праблемаў і магчымасьцяў у адносінах паміж дзьвюма краінамі.

Першая вялікая онлайн-канфэрэнцыя сабрала найлепшых экспэртаў зь Беларусі і Расеі ў сваіх галінах.

Гуриев: «Лукашенко – олигарх №1, и не хочет, чтобы был олигарх №2»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)