Гурневіч: «З палком Каліноўскага найбольш баюся паўтарэння гісторыі»

Журналіст Радыё Свабода Дзмітрый Гурневіч узгадвае падзеі 100-гадовай даўніны і праводзіць паралелі з сённяшнімі.

— У кастрычніку 2022 года я пісаў, што з палком Каліноўскага найбольш баюся паўтарэння гісторыі, — адзначае Дзмітрый Гурневіч. — У 1979 годзе польскі рэпарцёр Мар’ян Брандыс напісаў апавяданне «Каралеўства Беларусь» на падставе сваіх дзяцячых успамінаў.

Дзмітрый Гурневіч

У 1920 годзе, калі ён быў дзіцем, да іх у кватэру ў Лодзі (цэнтральная Польшча) размеркавалі беларускага афіцэра Сцяпана Савіцкага з добраахвотніцкай дывізіі Булак-Балаховіча, саюзніка польскай арміі, якая прымала ўдзел у бітвах з бальшавікамі.

Польшча абяцала беларусам стварыць уласную армію ў складзе польскай. Некаторы час сядзіба Беларускай вайсковай камісіі была акурат у Лодзі, дзе былі інтэрніраваныя беларускія салдаты. Там яны разлічвалі стварыць сваю армію.

І вось у кватэру Брандыса па размеркаванні трапляе Сцяпан і жыве там некаторы час. Вучыць хлопца беларускім словам, чытае вершы, расказвае пра Каралеўства Беларусь, за якое ён хутка паедзе змагацца. Да Сцяпана прыходзяць сябры, капітан Карпюк з сынам Алесем. Усе мараць пра сваё Каралеўства Беларусь.

Калі бабуля аўтара грае на фартэпіяне, Сцяпан плача ад суму. На дзіцячай мапе, там дзе павінна быць радзіма, ён піша словы «Каралеўства Беларусь». Але вельмі хутка ўсе яны знікаюць.

У 1921 Польшча і СССР дамовіліся ў Рызе аб падзеле Беларусі і беларускія падраздзяленні былі распушчаныя. Беларуская вайсковая камісія ў Лодзі перастала існаваць, а беларусам адмовілі ў стварэнні сваіх адзінак, каб змагацца за «Каралеўства Беларусь».

Сцяпана малады Мар’ян Брандыс ўжо больш ніколі не ўбачыў. А Карпюка з сынам апошні раз убачыў у 1931 годзе:

«Я якраз ішоў у радасным настроі з сімпатычнай дзяўчынай на танцы да сяброў, як яны раптам вынырнулі са снежнай завеі. Выглядалі яны ўжо не як людзі, а як два бясформенныя, пашарпаныя тулавы, забытыя Богам і гісторыяй.

На гэты раз яны не зрабілі выгляду, што не пазналі мяне. Адным кароткім позіркам яны ахапілі мяне ўсяго, з маімі серабрыстымі пучкамі на пагонах, з дзёрзкімі шэйзерамі, якія віднеліся з-пад паліто, з маім радасным тварам і прыгожай дзяўчынай побач. У гэтым кароткім позірку было столькі варожасці і нянавісці, што голас затрымаўся ў горле, і я быў вымушаны апусціць вочы.

Толькі тады я заўважыў іх ногі. Абутку на іх ужо не было. Іх ногі былі абматаныя анучамі, перавязанымі звычайнай тоўстай вяроўкай. Яны нічым не адрозніваліся ад знакамітых палескіх лапцяў, якія я бачыў падчас сваіх вайсковых вучэнняў на нагах сялян са Слонімшчыны, Ваўкавышчыны і Баранавіччыны».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(62)