Гурневіч: «Прасочваецца амаль ідэнтычны шлях беларускага руху апошняга году з польскімі падзеямі 80-х»

Вядомы журналіст — пра тактыку малых, але рэгулярных дзеянняў.

— Прасочваецца амаль ідэнтычны шлях беларускага руху апошняга году з польскімі падзеямі 80-х. Карнавал «Салідарнасці», мільёны рабочых у ім, а потым забарона ўсяго і сыход у падполле, — піша Дзмітрый Гурневіч. — Асновай падпольнай дзейнасці была тактыка малых, але рэгулярных дзеянняў. Гэта і самвыдат, і дзейнасць у лакальных структурах, і культурныя акцыі. Ідэю гвалтоўнага грамадскага выбуху лідэры адрынулі.

«Гэта не шлях хуткага і эфектыўнага поспеху, а доўгая і цяжкая праца, якая патрабуе актыўнасці значнай часткі грамадства. Аднак «Салідарнасць», шматмільённы прафсаюз, які налічвае амаль мільён актывістаў, існуе і працуе, нягледзячы на ваеннае становішча.

Паўстанне, калі яно акажацца неабходным, стане апошнім элемэнтам барацьбы за рэалізацыю нацыянальнай праграмы эканомікі, культуры, навукі, адукацыі і незалежнасці», — пісаў у праграмным тэксце пра тактыку пратэсту адзін з яго лідэраў Збігнеў Буяк.

За радыкальны шлях выказваліся некалькі арганізацый. Але самі яны такім шляхам не пайшлі.

У 1982 годзе «Салідарнасць» забаранілі. Лідэры пратэсту абвясцілі страйк, але ён пацярпеў паразу, грамадства было ў апатыі. Улады без асаблівых праблемаў душылі ўсе праявы нязгоды. «Салідарнасць» страціла магчымасць шырокай дзейнасці. Паўстання таксама не адбылося.

Улады вызвалялі з турмаў некаторых палітвязняў і прымушалі іх эміграваць. За першыя 6 месяцаў ваеннага становішча больш як 30 тысячам палякаў улады адмовілі ў вяртанні на радзіму.

У 1980-я гады Польшчу пакінулі сотні тысяч яе грамадзян. «Салідарнасць», якая налічвала мільёны на пачатку дзейнасці, сціснулася да менш як 10 тысяч актыўных чальцоў.

Польскім камуністам удалося на некалькі гадоў збіць хвалю пратэстаў, але папулярнымі ў грамадстве яны больш не сталі. А малыя крокі антыкамуністаў прынеслі свой плён ажно праз восем гадоў. І тое пры нагодзе «перабудовы» у СССР.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(28)