Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: «Калі Пуцін пачне далучаць Беларусь, то гэта будзе пераход чарговай чырвонай лініі»

Аляксандр Пашкевіч — пра імавернасць анэксіі і магчымасць здрады маскоўскаму саюзніку.

Перад Лукашэнкам узнікаюць рэальныя перспектывы ізноў выскачыць сухім з вады, лічыць публіцыст Сяргей Навумчык. Ён мяркуе, што спрыяльныя ўмовы для гэтага могуць узнікнуць, калі Маскве ўдасца прымусіць Захад уцягнуць Кіеў у перамовы.

Падобнай думкі прытрымліваецца і палітычны аглядальнік з Украіны Іван Якавіна, на думку якога, Лукашэнка можа скарыстацца прапановамі заходніх палітыкаў ужо цяпер, калі пайшла гаворка пра магчымасць частковай адмены калійных санкцый у абмен на транзіт украінскага збожжа ў літоўскі порт.

Аляксандр Пашкевіч, фота з уласнага архіву

Шанец скарыстацца «шчаслівым білетам» у каментары Филину ацаніў гісторык Аляксандр Пашкевіч. На яго думку, у сённяшняй сітуацыі Лукашэнка не мае магчымасці прымаць падобныя рашэнні самастойна. Нават, калі Захад насамрэч звернецца з падобнай прапановай арганізаваць транзіт украінскага збожжа ў абмен на часовае скасаванне часткі санкцый.

— Ён насамрэч моцна залежны, у яго няма асаблівых магчымасцяў для манеўравання. Я думаю, што ўсё абмяжуецца толькі размовамі.

— Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што Лукашэнка насамрэч не пераймаецца з-за таго, у якой сітуацыі апынуўся. Наадварот, ён нарэшце адчуў сябе ў сваёй стыхіі, калі эканоміка звузілася да звыклага яму камандна-адміністрацыйнага фармату, да наўпроставых сувязяў з Масквой.

Як вы лічыце, ці здольны Лукашэнка паўтарыць румынскі варыянт 1944-га, ці ўсё ж ягоны гістарычны лёс — застацца з Пуціным на канца?

— Калі гавораць пра румынскі варыянт, то трэба прыгадаць, што на бок саюзнікаў перайшоў не маршал Антанэску, які быў фактычна дыктатарам у тагачаснай Румыніі, а кароль Міхай. Які і адхіліў ад улады маршала, здзейсніўшы ваенны пераварот і ўзяўшы на сябе ўладныя паўнамоцтвы.

Усё гэты было б вельмі нават магчыма, калі б атачэнне Лукашэнкі адхіліла яго ад улады і змясціла на ягонае месца свайго прадстаўніка. У варыянце Лукашэнкі гэта выглядае не вельмі рэалістычна. Бо ў Беларусі ўсё яшчэ стаяць пуцінскія войскі, вывесці іх ён не ў стане.

А маючы войскі тут, Пуцін цалкам спакойна можа кіраваць і маніпуляваць Лукашэнкам.

Што да думкі Чалага, то можа Лукашэнку і падабаецца такая стыхія — кіраваць у ручным рэжыме эканомікай. Але пытанне, як доўга такая сітуацыя пратрывае? Для існавання такой сістэмы патрэбная сталая падтрымка Масквы. Каб тут нічога не абвальвалася, каб былі грошы ў бюджэце. Каб захоўвался хаця б бачнасць існавання эканамічнай сістэмы. Калі б гэтая сістэма працавала як гадзіннік, каб у Лукашэнкі былі грошы, ён, канечне, не адмовіўся менавіта так кіраваць.

Але наколькі доўга ў рэальнасці гэта можа існаваць, цяжка сказаць. Тым больш, калі ён будзе рабіць нейкія манеўры па адыходзе ад Пуціна. Разлічваць на тое, што яму не будзе ўразацца паёк, а будзе нават павялічвацца, у такіх умовах складана. Ёсць шмат механізмаў у Расіі, каб не дапускаць ягонага выхаду са сваёй арбіты.

— Расійская прэса піша пра планы Крамля анэксаваць Беларусь. Скептыкі кажуць, што Захад сустрэне такі паварот падзей у штыкі. Аднак, 24 мая экс-дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр заклікаў заходнія краіны і Кіеў да перамоваў з Масквой на ўмовах захавання статус-кво па стане на 24 лютага. Іншымі словамі, цаной Крыма і Данбаса. Ці ўступіцца Захад за Беларусь, калі ў гэтым будзе патрэба? 

— Мы бачым нарастанне захадаў у выглядзе санкцый, а таксама падтрымку Украіны не толькі маральную, але і грашовую, а цяпер яшчэ і збройную. Гэтая падтрымка ўзнікае не проста так. Сам Захад можа і хацеў бы адмежавацца ў пэўны момант, але раз за разам Расія робіць штосьці дзікае, кшталту трагедыі ў Бучы, на што не адрэагаваць проста нельга.

Я думаю, калі Пуцін пачне далучаць захопленыя тэрыторыі, ды яшчэ калі ў гэты лік патрапіць міжнародна прызная дзяржава Беларусь, то гэта будзе азначаць пераход чарговай чырвонай лініі, што ізноў зменіць сітуацыю. І калі дагэтуль не былі прынятыя газавыя і нафтавыя санкцыі, то цяпер гэта будзе прасцей зрабіць, бо будуць пяройдзеныя яшчэ адны межы «прыстойнасці».

Думаю, з пункту гледжання рацыянальнасці гэта не той варыянт, які пажаданы сёння для Пуціна. Тым больш, калі ён настроены на варыянт, як казаў Кісінджэр, каб з ім пайшлі на перамовы, далі яму захаваць твар. У такім выпадку нельга ісці на абвастрэнне і падвышаць стаўкі.

Ізноў жа, Кісінджэр — чалавек ў мінулай палітыкі. Ён, напэўна, не прадстаўляе мэйнстрым заходняй палітычнай думкі і па сваім узросце і становішчы. Таму я не рабіў бы тут такіх высноваў, што калі ён так гаворыць, то нехта менавіта так і збіраецца рабіць.

— Так, тут варта згадаць словы Джорджа Сораса, які на тым жа форуме ў Давосе агучыў адваротную думку — маўляў, Пуціна неабходна як найхутчэй перамагчы.

— У любым выпадку я лічу, што абвастрэнне сітуацыі ніяк не дапаможа Пуціну нармалізаваць сітуацыю. Нармалізацыя тэарэтычна магчымая, калі б ён быў гатовы здаволіцца тым, што ёсць цяпер. Калі, напрыклад, баявыя дзеянні зайшлі ў тупік, нейкая тэрыторыя захопленая і кантралюецца, абстрэлы сцішыліся і бакі пачалі дамаўляцца. Тады гэта магчыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(9)