Гісторык: «Калі б мы ўзялі зброю ў 2020 годзе, проста ўвайшлі бы расійскія войскі»

Прафесарка Беластоцкай Палітэхнікі і доктарка гістарычных навук — пра нацыянальную ідэю і ўменне беларусаў выжываць у самых розных умовах. 

— Беларусы — супер прыстасаванцы, — разважае наконт беларускай нацыянальнай ідэі Святлана Куль-Сяльверстава ў эфіры Еўрар*дыё. — Гэта рыса беларускага характару і ў дадзеным выпадку яна на карысць нашаму народу, таму што мы сапраўды на разломе, цывілізацыйна на мяжы.

Калі на ўсе танкі з шабляй кідацца, нас бы проста не было. Адна з галоўных рысаў характару беларуса, якая адрознівае нас ад усіх, — мы ўмеем перажыць, умеем вытрываць у самых неспрыяльных умовах.

Мала які народ у свеце перанёс і перажыў тое, што перажылі і перанеслі мы. Ні аднаразова (разумееце, аднаразова ёсць і больш страшныя трагедыі), а на працягу стагоддзяў. І ўсё роўна гэты беларус выхадзіў. Вось гэта наша цярплівасць і ўменне перажываць.

У нейкі момант беларус выходзіць са сваёй хаты і паказвае ўсяму свету, што ён ёсць.

Пры гэтым гісторык не лічыць адметным паказчыкам беларускага грамадства прыстасаванцаў у сэнсе здраднікаў.

— У кожнага народу ёсць прыстасаванцы і тыя, хто могуць прыкінуцца і здрадзіць, якія прададуць родную маму. Не трэба казаць, што ў нас тут масава паслугачы рэжыму. У кожнага народу ёсць і такія, і ўсякія людзі, — азначае Святлана Куль-Сяльверстава.

Пад уздзеяннем апошніх падзей яна па-новаму ацэньвае і тое, што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе.

— Чым далей, тым болей разумею, што тут справа нават не ў рэжыме і не ў беларускіх уладах. Тут справа ў іншым: Беларусь была патрэбна як плацдарм для вайны з Украінай. Я асэнсоўваю гэта і лічу, што добра, што беларусы тады не пралілі крыві. Калі б мы ўзялі зброю ў 2020 годзе, проста ўвайшлі бы расійскія войскі. Беларусь усё роўна была бы акупаванай, таму што патрэбны быў гэты плацдарм.

Ёсць адзін момант, які гэты драматычны перыяд у нашай гісторыі адрознівае ад мінулых. Вы паглядзіце, якая моцная эміграцыя зараз. Мацнейшая! Фактычна на сённяшні дзень тымі, хто развівае беларускі рух, з’яўляюцца тыя, хто выехалі з Беларусі, хто па-за яе межамі.

Мы — рупар тых, хто не можа выказвацца публічна ці выхадзіць з плакатам. Мы за іх гаворым, мы знаем, як ім цяжка там. Тое, што яны хочуць сказаць, мы выказваем. У гэтым наша функцыя. Мы павінны захаваць гэта, павінны гэтым людзям даць голас, якога яны там не маюць. Такога не было ў 30-я гады.

Нельга параўнаць гэта і з паўстаннем Каліноўскага, таму што інфармацыйная прастора ў нас другая. У інтэрнэце нельга паставіць межы. І гэтым трэба карыстацца. Таму мы будзем развівацца далей. Не прападзем! — упэўнена доктарка гістарычных навук.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(24)