Гісторык: «Дзяржаўная прапаганда не можа адмовіцца ад культу вайны»

Аляксандр Пашкевіч – пра апеляцыі не да будучыні, а да мінулага.

Фото: Брестская газета

– Падача вайны з немцамі як «Айчыннай» пачала прасоўвацца афіцыйнай савецкай прапагандай яшчэ ў самым яе пачатку, – піша Аляксандр Пашкевіч. – Яшчэ ў самым першым выступленні Сталіна па радыё 3 ліпеня 1941 года прагучалі словы пра «всенародную Отечественную войну».

І пасля падобная рыторыка толькі ўзмацнялася, а адразу пасля перамогі гэтая вайна афіцыйна набыла назву «Вялікай Айчыннай». І ўся магутная прапагандысцкая машына дзесяцігоддзямі працавала на тое, каб менавіта такое яе акрэсленне і ўспрыманне пашыраць ды ўзмацняць.

Поспехі несумненныя – нават людзі, якія вельмі крытычна ставяцца да камунізму і савецкай улады, часта менавіта афіцыйны ідэалагічны канцэпт пра «Вялікую Айчынную вайну» прымаюць і ўспрымаюць амаль у чыстым выглядзе.

Да распаду СССР, аднак, культ «Вялікай Айчыннай вайны» мусіў дзяліць публічную прастору з культам «Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі».

Але пасля таго, як стала відавочным, што камуністычны сацыяльны эксперымент пацярпеў поўны крах, пра рэвалюцыю забыліся, а вось культ вайны нават узмацніўся. Бо ён аказаўся вельмі зручным для падтрымання, з аднаго боку, адчування імперскай велічы (перадусім у Расіі), а з другога – савецкай ідэалогіі ў крыху мадыфікаваным выглядзе (перадусім у Беларусі).

Бо гэта давала магчымасць адаптаваць у новых умовах і паставіць сабе на службу дасягненні савецкай эпохі: маўляў, вядома, не ўсё тады было правільна, былі перагіны, але ж такую вайну выйгралі! Гэта, маўляў, увесь негатыў перакрывае. А акрамя таго, дае маральнае апраўданне і недэмакратычным практыкам у цяперашнім палітычным жыцці, і пастаянным каштоўнасным непаразуменням ды нават адкрытым канфліктам з заходнім светам.

Сучасная беларуская (як і расійская) дзяржаўная прапаганда адмовіцца ад гэтага культу сёння не можа. Па той простай прычыне – як адна, так і другая не мае пазітыўнага ўцямнага бачання будучыні.

Ёсць жорсткія аўтарытарныя рэжымы, якія трымаюцца пры ўладзе фактычна толькі сілай – у большай ступені беларускі, у меншай пакуль расійскі – а чаму манаполія на ўладу павінна належаць менавіта ім, хоць эканамічная і сацыяльная сітуацыя не бліскучая, патлумачыць складана, пераканаўчых і захапляльных ідэй няма. І перспектывы развіцця цьмяныя.

Вось і даводзіцца апеляваць не да будучыні, а да мінулага. Стараючыся ўсімі сіламі давесці, што тая мінулая слаўная перамога дае маральнае права яе «нашчадкам» рабіць усё, што яны лічаць патрэбным, нават яўныя подласці, і сёння. І замяніць гэты культ ім няма чым. Абрынецца ён – застанецца поўная пустата.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(38)