Лявон Вольскі: «Гэта ня жарты, не абсурдовы гумар. Суровая беларуская рэчаіснасьць. Забаранілі Санта-Клаўса»

Лявон Вольскі на Budzma.org піша пра суровую беларускую рэчаіснасць — забарону Санта-Клаўса і замежных калядных саўндтрэкаў ды «сапраўдныя» традыцыі постсавецкіх славянаў.

Лявон Вольскі

Суровая беларуская рэчаіснасьць

— Алё, гэта гарвыканкам?

— Так.

— Скажыце, а можна мы ў вітрыне сваёй крамы разьмясьцім выявы аленяў з санкамі?

— Гэта, што — тых, на якіх, нібыта, лётае гэты...

— Так, так, Санта-Клаўс!

— Ведаеце, калі вы ня хочаце нарвацца на буйныя непрыемнасьці, лепей гэтага не рабіце. Пры сьвяточным аздабленьні мусяць выкарыстоўвацца толькі ўласьцівыя нам, славянам, традыцыйныя пэрсанажы і сімволіка.

— А алені нам не ўласьцівыя?

— Я б на вашым мейсцы не рызыкавала б.

У Беларусі забаранілі Санта-Клаўса.

Гэта ня жарты, не абсурдовы гумар, не сюжэт галівудзкага каляднага фільму. Не. Суровая беларуская рэчаіснасьць. Забаранілі. Санта-Клаўса.

Патэлефанавалі адкуль трэба і (жэстачайшэ!) рэкамэндавалі пры навагоднім аздабленьні крамаў, установаў грамадзкага харчаваньня, садкоў-школаў-коледжаў-унівэрсытэтаў, кінатэатраў, тэатраў, лякарняў, карацей, усяго, што звыкла аздабляецца напярэдадні Калядаў і Новага году, выкарыстоўваць толькі (і ніяк інакш!) традыцыйных славянскіх сьвяточных пэрсанажаў і сымболіку. Гэта значыць — ніякіх Санта-Клаўсаў, аленяў і эльфаў. А толькі Дзед Мароз ды Сьнягурка. Ну, сьнегавіка яшчэ можна.

Малюнак Лявона Вольскага

Ніякіх болей варожых гукаў

Разабраліся і з калядным саўндтрэкам — ад сёньня ніякіх «Jingle Bells» і «Let It Snow» — болей вы гэтых варожых гукаў не пачуеце ў гіпэрмаркетах і іншых вышэйпералічаных установах! Толькі нашыя, айчынныя (гэтым патрыятычным словам звыкла называюць і расейскія — «И уносят меня, и уносят меня»...), навагоднія песьні.

Навагоднія, не калядныя. Бо сьвяткаваць Каляды з 24 на 25 сьнежня — гэта варожая заходняя традыцыя. А ў нас, постсавецкіх славянаў, традыцыі іншыя.

Галоўнае сьвята

У нас галоўнае сьвята — Новы год. А пасьля яго ўжо ідзе Раство. Яно так актыўна, як Новы год, не адзначаецца — так, схадзіць у царкву, культурна пасядзець дома са сваякамі за сталом...

А на Новы год — і аліўе (насамрэч — «руская салата»), і «футра» («сялёдка пад шубай»), і мяса па-француску (цікава, што б сказаў шэф-француз пра гэтую нібыта францускую страву?), і канапкі са шпротамі, і чырвоная ікра, і апэльсіны-мандарыны...

Усё тое, што за савецкім часам было ў жорсткім дэфіцыце і што можна было сабе дазволіць хіба раз на год. Цікавая славянская традыцыя, праўда?

Навагоднія вітрыны ГУМа. Фота: gum.by

Што там яшчэ?

Гарэлка, каньяк (насамрэч брэндзі, бо сапраўдны каньяк — гэта той, што з Францыі, за савецкім часам можна было набыць адно ў валютнай краме, а цяпер занадта дорага, можна абысьціся сурагатам, на якім напісана «каньяк»), савецкае шампанскае (сапраўднае шампанскае — толькі з Шампані, але нам да гэтага няма справы, мы сьвяткуем, як прызвычаіліся — савецкім! паўсалодкім), абавязковы прагляд «Іроніі лёсу», потым — віншаваньні прэзыдэнтаў («айчыннага» і яшчэ аднаго «айчыннага», расейскага), куранты, звон келіхаў, крыкі «З Новым годам!», прагляд беларускіх ды расейскіх навагодніх тэлешоу (можна пераключаць — дзе цікавей?), потым варта прайсьціся да раённае (ці, калі засталіся сілы — да цэнтральнае) ёлкі, рвануць пару пэтардаў, павысьвятляць адносіны зь мінакамі, потым зь імі ж абдымацца й цалавацца, упасьці ў сумёт, дабрысьці дадому і там ужо ўпасьці па-сапраўднаму, па-нашаму, па-навагодняму — тварам у салату.

Вось гэта — нашыя сапраўдныя зімовыя сьвяточныя традыцыі. А гэтыя ўсе вігіліі, першыя зоркі, «Ціхая ноч» і падарункі ад Сьвятога Мікалая — усё ня наша, усё чужое.

Адкуль растуць ногі ў «нашых славянскіх традыцый»

Адно што гэтыя «нашыя славянскія традыцыі» — яны не такія ўжо нашыя і не такія й традыцыйныя. Што толькі не рабілі з гэтым Новым годам улады на падкантрольнай ім тэрыторыі — і забаранялі (з 1918 і да 1935 Навагоддзе лічылася буржуазным сьвятам і адзначалі яго хіба падпольна), і зьмянялі фармат (то сьвяткавалі ў кавярнях ды рэстарацыях усім працоўным калектывам, як у «Карнавальнай ночы» — памятаеце? — то абвясьцілі «сямейным сьвятам» — гэткім замяняльнікам Калядаў ці Раства, бо і Каляды, і Раство былі пад жорсткай забаронаю).

Урэшце ўсё па-постсавецку зблыталася ў адзін абсурдовы кактэйль — і Дзед Мароз, і Санта-Клаўс, і кока-кола, і славянскія традыцыі, і «лясная прыгажуня» (упрыгожваць ялінку да цара Пятра не было прынята ў Масковіі), і ўсе гэтыя савецкія аліўе-футры-халадцы-каньякі-шампанскія...

Калі вы гаворыце пра славянскія традыцыі (насамрэч савецка-расейскія), дык чаго так бурна сьвяткуеце прыход новага году ў самы разгар посту? Гэта ж вялікі грэх! Лягічна так: 25 сьнежня скончыўся Калядны пост, а 1 студзеня ў працяг сьвятаў адзначаем Новы год. А тут атрымліваецца неяк дзіўнавата — пост перарываецца на Новы год, потым аднаўляецца (ці не?) на пару дзён, а тады з 6 на 7 студзеня сьвяткуецца Раство.

Добра. Санта-Клаўса з аленямі і эльфамі выкрасьлілі. Для навядзеньня парадку. Але тыя, хто гэта зрабіў, мусяць ведаць: Сьвяты Мікалай (ён жа Санта-Клаўс, ён жа — Санта), гэта ня Дзед Мароз, які ходзіць па лесе з кіем і марозіць усё ды ўсіх, не. Гэта сапраўдны, рэальны сьвяты, агульнахрысьціянскі, якога шануюць і ў праваслаўі, Мікалай Цудатворац, апякун вандроўнікаў, дзяцей, дзяўчат на выданьні, маракоў, рыбакоў, лекараў і вязьняў.

Забараняць такога сьвятога — ці не наклікаць на сваю галаву ўсе магчымыя беды?

Але шанавальнікі савецка-расейскіх традыцыяў пра гэта ня думаюць. І гэта вельмі добра.