Общество

Гераіні 1863-га

Маці, жонкі, каханыя. Пра iх – Уладзімер Арлоў на Радыё Свабода.

Каміла Марцінкевіч, лінагравюра Міколы Купавы (1976)

«Якая маці, сястра, жонка, сяброўка, каханая, дачка ня знойдзе шляху да сэрца мужчыны, што яе любіць? Натхніце ж іх! Запаліце агнём! Спыніце свае забавы і дарагія задавальненьні! Айчына патрабуе помсты і малітваў, ахвяраваньняў на зброю і на справу паўстаньня».

Гэтыя словы гучалі ў паўстанцкай адозьве «Да ліцьвінак і русінак!». Але і без гарачых заклікаў жанчыны, як маглі, дапамагалі каліноўцам. Так было і ў часе вызвольнага паўстаньня 1831-га, калі графіня Эмілія Плятэр і дзясяткі патрыётак поплеч з мужчынамі змагаліся з расейскімі карнікамі са зброяй у руках.

Можна выказаць здагадку, што ў 1863-1864 гадах дзейнічаў няпісаны загад, які не дазваляў жанчынам удзельнічаць непасрэдна ў баях, аднак ліцьвінкі-беларускі ўсё адно змагаліся, рызыкавалі, пакутавалі.

Дакумэнты, складзеныя імпэрскімі сьледчымі, паведамляюць, што яшчэ да паўстаньня многія нашы суайчыньніцы насілі «рэвалюцыйныя знакі і адзеньне» і сьпявалі забароненыя патрыятычныя гімны і песьні. Такія сьпевы шмат разоў гучалі ў Менскім катэдральным касьцёле Дзевы Марыі, у храмах Наваградку, Мазыру, Пінску, Рэчыцы, Полацку, па ўсім абшары былога Вялікага Княства Літоўскага.

Ствараліся цэлыя вандроўныя групы жанчын-запявалаў, якія пасьля набажэнстваў распачыналі сапраўдныя канцэрты з забароненых песьняў. Вядома, што за гэтае «злачынства» былі пакараныя сьпявачкі Вітольда Гувальт, Аліна Белавеская з Гомельскага павету і дзясяткі іхніх аднадумніц. Грашовую кару за патрыятычныя песьні атрымала сястра нарачонай паўстанцкага правадыра Марыі Ямант — Людвіка, высланая пазьней у Разанскую губэрню.

На знак салідарнасьці з паўстанцамі і жалобы па палеглых шляхцянкі насілі вопратку, капялюшыкі і парасоны чорнага, белага і фіялетавага колераў. Разьятраныя расейскія ўлады забаранілі любыя жалобныя знакі і абкладалі парушальніц вялікімі штрафамі.

Шляхцянку Амалію Лашкевіч абвінавацілі ў тым, што яна пашыла сабе нацыянальны ўбор і фіранкі непажаданых белага і чырвонага колераў. Марыю Ульянаўскую судзілі за «крамольныя» песьні і за частаваньне ў дзень свайго нараджэньня сялян — таемных уніятаў, што адмаўляліся прымаць праваслаўную веру.

Царскім служкам не падабалася ўжо тое, што дзяўчаты і кабеты «асаблівым чынам падстрыгалі сабе валасы». У Кацярыны Шалюты адабралі ўсю маёмасьць за распаўсюд антыўрадавых вершаў і ўлётак. Шляхцянка Ванда Беліковіч родам з Віцебскай губэрні паклала ў труну мужу-паўстанцу сваё фота і была за гэта пакараная 300-рублёвым штрафам (столькі плацілі за год турэмнаму наглядчыку).

Жанчыны былі кур’еркамі, выведніцамі, захоўвалі зброю і порах, забясьпечвалі ваяроў правіянтам. За такую дзейнасьць Ізабэлу Цеханавецкую суд у Магілёве адправіў на высылку пад Варонеж. Турма чакала Алімпіяду Каплінскую з Барысаўскага павету, Юльляну Алендзкую зь Сеньненскага.

На Сеньненшчыне знаходзіўся і маёнтак Канстантова, што стаў адным з апорных пунктаў падрыхтоўкі паўстаньня ў Магілёўскай губэрні. Уладальніцамі маёнтку былі Алімпія Сьвентарэцкая і яе дачка Юзэфа. Арыштаваных жандарамі патрыётак выслалі ў Пермскую губэрню. Там Юзэфа выйшла замуж за ссыльнага Яўхіма Абазерскага, а пазьней напісала пра той час успаміны «Пакутніцкія гады».

Надзейнай сувязной стала ў 1863-м пляменьніца мастака Напалеона Орды і сама таленавітая мастачка Алена Скірмунт. Расейскія судзьдзі пастанавілі разлучыць яе з мужам і дзецьмі, выслаўшы ў далёкі глухі Тамбоў.

Наогул, паводле няпоўных зьвестак, сярод асуджаных на высылку за падтрымку паўстаньня кожнаю дзясятаю была жанчына.

Нашы мужныя жанчыны былі сёстрамі міласэрнасьці ў нелегальных шпіталях, давалі прытулак параненым. Яны наймаліся на працу ў турмы, дзе разносілі ежу і пошту, мылі зьняволеным паўстанцам бялізну, падтрымлівалі іхні дух размовамі.

Будучая слынная пісьменьніца Эліза Ажэшка хавала ў сябе генэрала Рамуальда Траўгута, якога пад выглядам сваяка вынаходліва пераправіла ў Варшаву.

Каміла Марцінкевіч

Дачка беларускага пісьменьніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Каміла яшчэ ў дзяцінстве зьдзіўляла ўсіх бліскучымі музычнымі здольнасьцямі. Яна цудоўна сьпявала і грала на піяніна. З васьмі гадоў дзяўчынка давала канцэрты ў Менску, Вільні, Кіеве, Варшаве. У праграме была музыка яе ўлюбёных Фрыдэрыка Шапэна і Фэрэнца Ліста ды ўласныя творы.

Каміла мела і акторскі талент. Яна выходзіла на сцэну ў менскай пастаноўцы опэры «Сялянка», музыку да якой напісаў Станіслаў Манюшка, а лібрэта — бацька юнай акторкі.

У Менску і ў мястэчку Гарадок на Маладэчаншчыне Каміла стварыла школы для дзяцей зь бедных сем’яў і сама навучала іх музыцы і сьпевам.

Але сябры ведалі і іншую Камілу. У яе дома праводзіла сходы менская арганізацыя Літоўскага камітэту, што займалася падрыхтоўкай паўстаньня. Каміла Марцінкевіч таксама ўваходзіла ў гэты камітэт.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай у групе менскай інтэлігенцыі (сядзяць трэці і чацьвёртая зьлева)

У 1861 годзе паліцыя высачыла патрыётку. За ўдзел у вулічных дэманстрацыях і навучаньне менчукоў рэвалюцыйным гімнам дзяўчыну зьмясцілі ў вар’ятню. «Хваробаю» палічылі любоў да Айчыны і мары наблізіць яе вызваленьне ад расейскага ярма. Жыхары гораду шматлюдна пратэставалі пад сьценамі ператворанай у турму лякарні. Зьняволенай штодня прыносілі жывыя кветкі, для яе сьпявалі песьні. Каб спыніць гэтыя пратэсты, улады вымушаныя былі вызваліць «хворую».

На пачатку1863-га Камілу Марцінкевіч зноў арыштавалі. Падставай стаў данос царскага салдата, да якога яна зьвярнулася з прапановаю прадаць зброю. Камілу трымалі ў турэмным Пішчалаўскім замку і ў былым кляштары бэрнардынаў. Там падкупленыя наглядчыкі перадалі ёй ліст з прызнаньнем у каханьні ад зьняволенага Караля Станкевіча, аднаго з кіраўнікоў менскіх змагароў.

Каміла ўражвала катаў сваім непахісным духам. Калі паўстанца Яна Жмачынскага вялі на сьмяротнае пакараньне, дзяўчына з акна сваёй камэры кінула яму пад ногі букет кветак. Камілу на 25 гадоў выслалі пад паліцэйскі нагляд ў паўночны горад Салікамск, адкуль яна змагла вярнуцца на радзіму адно праз дваццаць гадоў, калі цяжка захварэла. Толькі нядаўна ўдалося знайсьці магілу мужнай ліцьвінкі. Яна пахаваная на віленскіх Бэрнардынскіх могілках, што на вуліцы Полацкай.

Верная Апалёнія

Адданай паплечніцай Зыгмунта Серакоўскага стала ягоная жонка Апалёнія. Яе называлі «першай прыгажуняю на Літве». Апалёнія паходзіла з роду Далеўскіх, які даў паўстаньню трох кіраўнікоў.

Апалёнія Серакоўская ў турме, якую Мураўёў прымушае глядзець на сьмерць мужа Зыгмунта 27 чэрвеня 1863 г.

На загад віленскага генэрал-губэрнатара Мураўёва-Вешальніка дваццацідвухгадовую Апалёнію прывялі да Зыгмунта ўначы перад сьмяротным пакараньнем. Юная жанчына ўжо чакала дзіця. 15-хвіліннае спатканьне праходзіла пад аховаю пятнаццаці (!) расейскіх салдат і афіцэраў. Апалёнія размаўляла з мужам, укленчыўшы перад яго ложкам.

Празь некалькі гадзін вайсковы доктар перадаў ёй Зыгмунтаву цыдулку: «Анэлі мая! Жыць і быць вольным магу, толькі выдаўшы сяброў. Ніколі ня здолеў бы пайсьці на гэта, таму падпісаў сабе сьмяротны прысуд. Памру чысты і незаплямлены. Буду кахаць цябе, буду лунаць над табой і нашым немаўлём».

Пасля сьмерці мужа, на сустрэчы з Мураўёвым, што вызначаўся неверагоднай жорсткасьцю ў расправах з патрыётамі, Апалонія прасіла не асуджаць яе на выгнаньне з роднага краю. Яна спасылалася на кепскае здароўе і сваю цяжарнасьць. На словы ўдавы Серакоўскага, што ў глыбіні Расеі яна ня зможа знайсьці для сябе і дзіцяці добрых дактароў, царскі сатрап адказаў: «Тым лепей!» Народжаную ў высылцы дачушку Апалёнія назвала ў гонар мужа Зыгмунтай. Малая пражыла ўсяго адзін год.

Апалёнія Серакоўская напісала ўспаміны пра той незабыўны час. Яны поўныя горычы і смутку, але і найцікавейшых дэталяў, што дазваляюць аднавіць шматлікія падзеі паўстаньня і стварыць партрэты яго герояў.

Нельга без хваляваньня чытаць, як паўстанцы прыслалі ў Вільню да Апалёніі свайго пасыльнога. Ён папрасіў перадаць яму частку кашулі Зыгмунта, у якой той быў паранены і паланёны. Баявыя паплечнікі, што бязьмежна любілі свайго камандзіра, абяцалі падзяліць тканіну на часткі і разаслаць па змагарскіх аддзелах. Тыя ядвабныя, шэрыя ў чорную кратку кавалачкі кашулі натхнялі ваяроў за волю разам з баявымі сьцягамі.

Аўтарка ўспамінаў пераканаўча даводзіць, што паўстаньне ў Літве-Беларусі не было польскім. Яна згадвае, напрыклад, сход, дзе адзін з камандзіраў — Уладзіслаў Малахоўскі палымяна выступіў супроць варшаўскай апекі: «Досыць нам гэтай залежнай ролі! Варшава не разумее нашых патрэбаў! Павінны самі радзіць сабе пра дабро сваёй зямлі. Польскі камісар мае ўсяго дарадчы голас!»

Успаміны Апалёніі Серакоўскай з роду Далеўскіх перакладзеныя на беларускую мову Станіславам Суднікам. Яны друкаваліся ў газэце «Наша слова», а цяпер чакаюць выданьня кнігаю.

Нарачоная Марыя

Каханай Каліноўскага стала вілянчанка Марыя Ямант. Яна была роднай сястрой Кастусёвага паплечніка і аднадумца Язэпа Яманта. Юнакі пасябравалі ў Пецярбурскім унівэрсытэце. Калі Каліноўскі выправіўся на радзіму рыхтаваць паўстаньне, Язэп паехаў сьледам.

Кастусь часта бываў па сваіх рэвалюцыйных справах у Вільні, і сям’я Ямантаў прапанавала яму спыняцца ў іхнай кватэры на вуліцы Вялікай у самым цэнтры былой сталіцы Княства. Там і адбылося знаёмства Кастуся і Марыі. Сябры сьцьвярджалі, што гэта было каханьне зь першага позірку.

Сям’я Ямантаў, паміж бацькамі - Марыя (зьлева) зь сястрой Людвікай

Пачыналася вясна 1861-га. Каліноўскі меў дваццаць тры гады, Марыя — на тры меней. Яна была адукаванай дзяўчынаю: ведала замежныя мовы, цікавілася гісторыяй, шмат чытала. Хутка Кастуся сустракалі ў Ямантаў ужо як самага жаданага госьця. Праўда, гасьцяваў ён нячаста, бо бясконца вандраваў па Беларусі, гуртуючы змагарскія сілы. У расстаньні закаханыя давяралі свае пачуцьці шчырым і пяшчотным лістам.

Праз год Марыя зрабілася нарачонаю Кастуся. Яна прыняла ад каханага заручальны пярсьцёнак і проста сьвяцілася шчасьцем, хоць і прадчувала, што наперадзе іх чакаюць нялёгкія выпрабаваньні.

Надзею на хуткае вясельле перакрэсьліў пачатак паўстаньня. Кватэра Ямантаў ператварылася ў яго сапраўдны штаб зь нелегальнай друкарняй. Менавіта там Каліноўскі сустракаўся з камісарам Нацыянальнага ўраду ў Варшаве і адстойваў будучую самастойнасьць народаў Вялікага Княства Літоўскага і перадачу зямлі сялянам.

Марыя Ямант стварыла ў Вільні падпольны жаночы камітэт салідарнасьці. Ён захоўваў і пашыраў нелегальную літаратуру, браў пад апеку паўстанцкія сем’і і саміх вязьняў. Яго ўдзельніцы зьбіралі ахвяраваньні, разносілі пошту, усялякімі шляхамі перадавалі ў турэмныя камэры лісты, прадукты, сьвежую бялізну. Такія камітэты дзейнічалі і ў іншых губэрнскіх гарадах.

Побач з Марыяй заўсёды была сястра Людвіка. Дарэчы, менавіта дзякуючы яе ўспамінам мы найперш і ведаем пра пачуцьці Марыі і Кастуся і пра тое, што Марыя была яго нарачонаю. Людвіка пахаваная на віленскіх могілках Росы, там, дзе нядаўна знайшлі апошні зямны прыстанак Каліноўскі зь Серакоўскім ды іхнія паплечнікі.

Той самай студзеньскай ноччу, калі схапілі Кастуся, паліцыя арыштавала і сям’ю Ямантаў. Кіраўніка паўстаньня зьняволілі ў былым дамініканскім кляштары, а Марыю — у манастырскіх мурах насупраць. Яе цётка Ядвіся падкупіла ахову і здолела наладзіць нарачоным ліставаньне. У цыдулцы да любай Каліноўскі пісаў: «Зайздрошчу свабодзе вароны, якую бачу з вакна на сьнезе...». У тыя неверагодна цяжкія дні кожная вестачка адно аднаму дадавала душэўных сілаў. Да нас, як вядома, дайшоў і вершаваны ліст да каханай, напісаны Кастусём незадоўга да сьмерці:

Марыська чарнаброва, галубка мая,

Дзе ж падзелася шчасьце і ясна доля твая?

Усё прайшло-прайшло, як бы не бывала,

Адна страшэнна горыч у грудзях застала...

Разам з бацькамі і сястрой Марыю выслалі на дзесяць гадоў у сібірскі Табольск. Увесь гэты тэрмін яна насіла жалобу па каханым.

Пахаваная Марыя на варшаўскіх Паванзкоўскіх могілках. Там знайшла вечны спачын і Апалёнія Серакоўская з роду Далеўскіх

Вечная слава нашым гераіням!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(41)