Гаруновіч пра жонак футбалістаў: «Дарма Лукашэнка іх радыкалізуе»

Галоўны рэдактар «Трыбуны» Алег Гаруновіч пракаментаваў скандальнае выказванне пра «вялікія грошы і БЧБ».

У вялікім інтэрв’ю «Нашай Ніве» галоўны рэдактар «Трыбуны» Алег Гаруновіч пракаментаваў выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра беларускіх футбалістаў і іх жонак. Прывядзём гэты фрагмент:

— Я б не сказаў, што жонкі футбалістаў надта палітычна актыўныя. Так, некаторыя схадзілі на акцыю-другую, але пасля хутка «нармалізаваліся» пасля выбараў і пачалі жыць сваім звычайным жыццём: будуюць дамы, ходзяць па крамах.

Як кажа Лукашэнка, іх мужы зарабляюць вялікія грошы. Дык тыя грошы трэба траціць і абавязкова пра гэта распавядаць. Таму БЧБ вельмі хутка знікла з іх павесткі, на маю думку, я не бачу там асабліва зацятых «змагарак», дарма Лукашэнка іх радыкалізуе. Магчыма, гэта спрацавала так званае хакейнае лобі, каб крыху больш грошай хапнуць за кошт футбалістаў. Бо хакеісты ж па першым жа шчаўчку пальцаў падпісалі ліст у падтрымку Лукашэнкі.

А футбалісты, што б пра іх не казалі, некалькі месяцаў пазбягалі гэтага і толькі калі за іх узяліся грунтоўна, напрыклад, звярнуць фінансаванне, пачалі падпісваць. Прычым, некаторыя клубы не зрабілі таго і па сёння.

Што казаў Лукашэнка і якой была рэакцыя

— Паглядзіце, што робяць нашы спартсмены, асабліва іх жонкі. У чэмпіянаце некаторыя футбалісты атрымлівалі вялізныя сумы грошай. А навошта жонкам працаваць? Яны сядзяць і тыкаюць ў гэтыя айфоны. І ўсе — за БЧБ. Ад гультайства, — заявіў Лукашэнка на апошняй нарадзе.

Гэтыя словы выклікалі рэзананс не толькі ў Беларусі. Расійскі «Коммерсантъ» адрэагаваў на іх каментаром, у якім вынікі нашай краіны на Алімпіядзе ў Токіа назвалі плачэўнымі, а выказванні Лукашэнкі — прыкладам мыслення ХІХ стагоддзя.

Айцішніца, бізнэсвумен, блогерка. Кім працуюць жонкі беларускіх футбалістаў?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(27)