Ганна Шымановіч: «Мая настолка супраць наратыву, што беларусы, якія з’ехалі і якія засталіся ў краіне — розныя беларусы»

Пра жыццё ў Лондане, oz.by і плагіят, а яшчэ пра тое, як у жніўні 2020-га пазбавілася страху, «Салідарнасці» распавяла піяршчыца і стваральніца, мабыць, самай набываемай настолкі пра Беларусь «Я ніколі не...».

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

Пра тое, што Ганна Шымановіч — «піяршчыца ад Бога» распавяла нам галоўная рэдактарка Еўрапейскага беларускага выдавецтва «Гутэнберг» Валянціна Андрэева.

І лепшае пацверджанне таму не толькі распрададзены за кароткі час першы наклад гульні, але і інстаграм Ганны, дзе бачыш яе файныя думкі і яскравы гумар, перажыванні і нават слёзы.  

Ганна, ці ёсць у вашай настолцы «Я ніколі не...» ведаю, што яна вельмі пазітыўная пытанні пра пратэсты 2020-га?

— Мы вырашылі пакінуць гэта па-за межамі, каб настолка прадавалася і ў Беларусі. Разумеючы, што, калі ў гульні будзе нешта звязанае з палітыкай і 2020-м, яе забароняць.

Насамрэч гульня аб’ядноўваючая і супраць наратыву, які сеецца: што беларусы, якія з’ехалі і тыя, хто застаўся ў краіне — розныя беларусы.

Насамрэч мы ўсе аднолькавыя, няма ніякай розніцы, дзе мы жывем. Бо мы ўсё адно застаемся беларусамі і беларускамі. І вельмі хацелася, каб і ў людзей у Беларусі была магчымасць набываць гэтую гульню.

Зараз дзеля гэтага нашмат больш магчымасцяў, бо oz.by зрабіў вельмі падобную на маю гульню. У ёй таксама ёсць фразы «я ніколі не...», «зразумеюць толькі беларусы», яна таксама з карткамі пра тое, што людзі рабілі ці не рабілі ў Беларусі.

Крыўдна, што зрабілі гэта за спіной, не пашукаўшы як пасупрацоўнічаць. Проста скапіпасцілі. З іншага боку я рада, што чым больш з’явіцца ўнутры Беларусі чагосьці на беларускай мове і пра беларусаў — тым лепш.

Дарэчы наконт «піяршчыцы ад Бога» – нескладана быць ёй, калі любіш тое, што робіш. А я люблю працаваць з сацсеткамі і зараз шукаю новыя праекты, дзе магу супрацоўнічаць як СММ-мэнэджарка і крэатарка кантэнту. Звяртайцеся!

«У дзяцінстве ў нас была традыцыя: на Каляды здымаць веснічкі і закідваць у лес ці ў снег»

— У вашай гульні ёсць пытанне: «Ці каштавалі вы баранавіцкія лодачкі?», і мае сябры з Баранавічаў вельмі задаволеныя. Ці ёсць падобнае пра Гародню, Віцебшчыну ці Палессе?

— Я сама з Ліды і пакуль што не каштавала баранавіцкія лодачкі (смяецца). Мне вельмі хацелася пазбіраць мясцовыя прыколы з розных гарадоў.

Ёсць пытанне «я ніколі не быў у сталіцы Палесся». Пытанне з падкавыркай, бо Пінск лічыць сябе сталіцай Палесся, а Мазыр — сябе.

Было пытанне і маё, лідскае, складанае для жыхароў іншых мясцін: «я ніколі не здымаў веснічкі (брамкі з плота, — С.) на Каляды». У дзяцінстве ў нас была традыцыя: на Каляды — мы жылі у прыватным сектары — здымаць веснічкі і закідваць  куды-небудзь у лес ці ў снег.

Калі я распавядала пра гэта, большасць здзіўлялася, бо ў іншых рэгіёнах Беларусі так не рабілі. А для нас гэта быў самы кайфовы час, калі ты мог хуліганіць, і табе нічога за гэта не было.

 — Большасць беларусаў падумае, што гэта знішчэнне маёмасці і крымінальны артыкул. І які наогул у гэтым сэнс?

— (смяемся) Я не ведаю, але зноў жа — ніхто не скардзіўся. Усе ведалі, што гэта будзе, і хто не хацеў, напярэдадні Калядаў здымалі і хавалі свае веснічкі ў дом ці сарай. А пасля святаў даставалі і вешалі на месца. А хто не паспеў — шукаў па вясне. Але ж іх ніхто не скрадаў і не выкідаў кудысьці далёка. Ты абавязкова знойдзеш сваю веснічку, проста праз час (смяемся).

Было пытанне «я ніколі не цёр нос бабру ў Бабруйску». Там ёсць скульптура бабра, якой абавязкова трэба пацерці носік, на шчасце. Шкадую, што забылася ўключыць пытанне «я ніколі не бачыў, як ліхтаршчык запальвае ліхтары на бульвары ў Брэсце». Але мо ўжо ў іншым накладзе ці пры яшчэ якой нагодзе. Даруй, Брэст, але ў гульні ёсць пра Белавежскую пушчу: «Я ніколі не быў у Белавежскай пушчы».

Дарэчы нядаўна ў Вільне ў карчме «1863», дзе ёсць мая настолка, ў яе гуляла сям’я. Жанчына прачытала картку «Я ніколі не была ў Белавежскай пушчы» і кажа: «Ну, я ніколі не была...» І  ўвесь стол у адзін голас: «У сээээнсе?..»

У свой час я шмат паездзіла па Беларусі, але і яшчэ шмат хацелася б. Здаецца, калі вярнуся, то першай справай, пасля абдымкаў з роднымі і сябрамі, скажу: «Ну ўсё, я паехала. Хутчэй!» Хачу хуценька ўсё паглядзець, на ўсялякі выпадак, пакуль у вольнай Беларусі нічога не змянілася (смяецца).

«Страху ўжо не засталося. Перыядычна хочацца сесці і паехаць ужо ў Беларусь»

— 20 жніўня 2020-га вы пісалі, што ганарыцеся беларусамі, верылі, што ўсё атрымаецца, а яшчэ ў гэты дзень пазбавіліся страху. Многім страшна і зараз, ад незразумелай будучыні і жудасных навін. Як у вас зараз са страхам, і што тады дапамагло яго пазбавіцца?

— У 2020-м мне дапамаглі пазбавіцца ад страху людзі. Ён прападае, калі разумееш, што ты не адзін.

Памятаю, калі 9 жніўня ішлі на Стэлу і трапілі ў калону футбольных заўзятараў. Збоку яны здаюцца дастаткова агрэсіўнымі, іх было шмат, натоўп. І я тады падумала, што дзякуй Богу, яны на нашым баку (смяецца). Побач з імі тады было абсалютна не страшна. Наадварот, гэта дапамагала.

Страх будучыні наогул нельга параўноваць з тым, што было ў 2020-м — рэальны страх за здароўе і жыццё. Зараз, калі складана, пытаюся ў сябе: «Так, складана. Дык што: складаем лапкі і разыходзімся?» І разумею, што няма іншых опцый, акрамя як працягваць жыць.  

Зараз я ў бяспечнай краіне, але пад бокам вайна. Не так даўно дасылалі брашуры пра тое, як сябе паводзіць падчас вайны. 22 старонкі на літоўскай.  

Здаецца, страху ўжо не засталося. Настолькі, што перыядычна хочацца сесці і паехаць ужо ў Беларусь. Сказаўшы: «Ну і ладна. Ну і што вы мне зробіце?» Надакучыла.

Вы зараз закранулі, здаецца, ці не самы вялікі трыгер беларусаў у вымушанай эміграцыі. Бо калі мы трошачкі адышлі ды выдыхнулі, часам здаецца, што «паеду ўжо ў Беларусь». Нават калі не збіраешся гэта рабіць, бо не схільны да самагубства...

— І я не збіраюся гэта рабіць. Хутчэй гэта нейкі вайб: ты настолькі стамляешся ад страху, што ўжо не хвалюешся.

Прайшло больш за 4 гады, як мяне не было ў Беларусі. І дагэтуль рамантызую жыццё ў ёй. Разумеючы, прынамсі, што мае успаміны пра тую Беларусь засталіся, на жаль, толькі пачуццямі. Гэтага мо б не было, калі б жыла там дагэтуль, як мае сябры, у штодзённым страху. Сябры баяцца размаўляць на беларускай мове, адпісваюцца ад мяне ў інстаграме, калі праходзяць мяжу.

Апошнім часам прачытала кніжку пра вязняў Асвенцыма «Выбар», дзе шмат пра тое як адпусціць мінулае і зрабіць выбар у бок жыцця. Таму вырашыла больш працаваць, каб не жыць думкамі ў Беларусі. Згодна жыць з думкамі пра Беларусь, але часам разумею, што жыву думкамі ў неіснуючай Беларусі. Таму вельмі хочацца пераключыцца і жыць не ў Беларусі, а пра Беларусь.

«Калі я заходзіла ў краму, прадавачка звярталася да мяне толькі: «Мая любоў»

У свае 36 вы пабывалі ў 35 краінах, летась былі на Мальце. Якая краіна спадабалася больш за іншыя, мо дзе хацелі б жыць? І ці ўключылі вы ў гэты спіс Беларусь?

— Не (задумваецца). Зараз разумею, што лагічна было б уключыць. Але ж спачатку спіс ствараўся з краінаў, у якія я выязджала з Беларусі. А зараз пра гэта прыкольна думаць...

Жыць усё адно хочацца ў Беларусі. Больш за ўсё не разумеюць замежнікі: «У сэнсе? Перад табой адкрыты ўвесь свет, а ты абіраеш Беларусь?»

Да Беларусі я стаўлюся як да свайго роднага чалавека, як да мамы. Не шукаючы плюсаў ці мінусаў. Усё адно яго супер любіш, які б ён ні быў. Мне ўвогуле не важна, якая Беларусь. Нават калі дзяржава, гэты рэжым, творыць там некую абсалютную дзіч — гэта ніяк не ўплывае на маё стаўленне да Беларусі, як да краіны і майго роднага месца. Яно застаецца для мяне самым кайфовым у свеце.

Калі абіраць іншае любае месца, то два гады я жыла ў Лондане. І там зразумела выраз: краіны першага, другога і трэцяга свету. Здаецца брытанцы, як людзі, дзесьці пайшлі ў сваім разуменні свету на пару крокаў наперад за астатніх.

То бок жыць адно з адным побач абсалютна ветліва, с клопатам. Калісьці нам расказвалі ў школе пра Брытанію, пра тое, якія яны «снабы», а іх ветлівасць «напускное».

Па-першае, Лондан не туманны і не дажджлівы, там амаль кожны дзень сонца. Гэта першая хлусня са школы (усьміхаецца). Па другое, людзі насамрэч вельмі ветлівыя.

Калі я заходзіла ў краму, прадавачка звярталася да мяне толькі «мая любоў»: «Мая любоў, табе патрэбны пакецік? Ці чым табе дапамагчы?»

Аднойчы, я ўжо жыла ў Літве, і зноў паляцела да сяброў ў Лондан. Быў цяжкі год, пачалася вайна, шмат працы і вельмі цяжкі маральны стан. І вось я прылятаю ў Лондан, праходжу турнікеты, штосьці там не разумею і за мной ўжо сабралася чарга. Да мяне падыходзіць супрацоўніца аэрапорта са словамі: «Мая любоў, табе дапамагчы?..»

І я расплакалася з думкай, што да мяне паставіліся як да чалавека.     

«Часам у Лондане я адчувала сябе больш грамадзянкай, чым у Беларусі»

— Ці калі на білбордах Лондана пабачыла рэкламу працы ў паліцыі: на фотаздымке лонданскі паліцэйскі размаўляе з бяздомным. І слоган: «Мы тут дзеля таго, каб дапамагаць».

Нават не ведаю, ці магчыма зараз у Беларусі павесіць плакат «Бяздомны — такі ж чалавек, як і ты».

Тэма бяздомных чапляе мяне даўно. Калісьці ў Менску выходзіў часопіс «Большой». Аднойчы яны падрыхтавалі артыкул пра бяздомных Менску. Я чытала, і разрывалася сэрца.

Былі гісторыі людзей, якіх міліцыя вывозіла з вакзала і выкідвала ў лесе. І пакуль людзі дабіраліся да Менска, адмарожвалі сабе рукі-ногі. Я нават у інсце напісала пост, што міліцыя ў нас не ставіцца да людзей, як да людзей. Цярпець не магла такую міліцыю ўсё сваё асэнсаванае жыццё.

Часам у Лондане я адчувала сябе больш грамадзянкай, чым у Беларусі. Пры тым, што там заўсёды была эмігранткай. Але нейкае стаўленне да цябе, як да чалавека, там паўсюль. Проста таму, што ты чалавек і няважна які.

Там ніхто не ганяе бяздомных па вуліцы. Звычайны чалавек можа падыйсці, сесці побач і паразмаўляць. Спытаць пра справы ці набыць ежы. Проста па-чалавечы. Для мяне гэта быў культурны шок — а так можна было?

Усе гэта мне вельмі запомнілася, бо пасля Лондану (я тады яшчэ жыла ў Менску) я, такая ўся чароўная і ўсім усміхаючыся, прыляцела ў Беларусь і падыйшла да пашпартнага кантролю. Вітаюся, працягваю пашпарт, а памежніца глядзіць на мяне і кажа: «А я што — нешта смешнае сказала?» Проста праз тое, што на маём твары вельмі шчырая ўсмешка.

І я толькі выціснула з сябе: «Не-не-не. Усё нармальна». І падумала: Я дома.

Але няма такога, што я лічу Брытанію лепшай за Беларусь. У Беларусі перыядычна было менш нейкай бюракратыі ці больш магчымасці раней трапіць да лекара. Дрэнна і добра паўсюль.

Таму самы любімы горад — Лондан, а самая прыгожая краіна, у якой я была турыстам — Сакартвэла. Гэта, канешне, зайздрасць, калі ў адной краіне ёсць і горы, і мора, і смачная ежа са смачным віном, і вельмі ветлівыя людзі са сваёй гісторыяй і традыцыямі.

«Глядзіш, потым будзе новая магчымасць вярнуцца ў Беларусь. А я ўжо аб’ездзіла ўвесь Еўразвяз»

Якая ў вас сёння самая вялікая цяжкасць?

— Эмігранцкае жыццё, здаецца, ўвогуле не можа быць лёгкім. Але я спрабую кожны дзень мераць асобна, не глабальнымі рэчамі. Бо калі ты кожны дзень думаеш пра сваю глабальную цяжкасць (што нельга вярнуцца дадому), то вельмі лёгка скаціцца ў жаласць да сябе, і адтуль сябе ўжо не выцягнуць.

Спрабую кожны дзень заўважаць, што сёння са мной здарылася і добрага, і дрэннага.

Сённяшняя мая цяжкасць у тым, што трэба шмат якія рэчы, якімі абрасла, выставіць на продаж. А дзеля гэтага усё трэба напісаць на літоўскай і потым на ёй жа размаўляць з людзьмі. І я зараз не пра вялікую цяжкасць, а пра тое, што ўсе цяжкасці, і ўсе радасці спрабую драбіць на кожны дзень. Бо дома б з такой цяжкасцю разабралася б за 5 хвілін.

Калі б я была дома я, зноў жа, не прадавала б сноўборд, на якім так і не пакаталася, ні канькі, ні аб’ектыў. А тут вельмі хутка прымаю рашэнне: калі гэта зараз не маё, то і не патрэбна.

Гэта не дом і не вельмі хочацца тут абжывацца на 100 адсоткаў. Бо не ведаеш, дзе апынешся заўтра і колькі часу будзе ў цябе на зборы.

Калі жывеш у Еўразвязу, трэба выкарыстоўваць гэтую цудоўную магчымасць — падарожнічаць. Глядзіш, потым будзе новая магчымасць — вярнуцца ў Беларусь. А я ўжо аб’ездзіла ўвесь Еўразвяз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(26)