Ганна Севярынец: «Я бясконца і ўпарта мару пра той час, калі з майго дома сыдуць усе няпрошаныя госці»

Вядомая пісьменніца і настаўніца выказалася пра тое, як выжыць на эмацыйных арэлях і навучыцца быць беларусам.

— Я думаю пра тое, што апошнія два гады нас бесперапынна кідае на эмацыйных арэлях ад «ганаруся быць беларусам» да «сорамна быць беларусам», ад «годна быць беларусам» да «страшна быць беларусам», і тут важна тое, што сусвет то дубчыкам, то бізунчыкам забівае тутэйшаму люду ў галаву самае важнае: «быць беларусам», — піша Ганна Севярынец.

— Быць беларусам — і гонар, і годнасць, і сорам, і страх, і шмат яшчэ розных пачуццяў, і важна, што яны розныя, таму што ў жывых людзей не бывае толькі добрага альбо толькі благога.

Быць беларусам — гэта не праслязіцца пад песню пра буслоў на Дажынкі, гэта і ганарыцца, і саромецца, і працаваць, і бедаваць. Галоўнае каб мы разумелі, што мы беларусы, як украінцы разумеюць, што яны — украінцы, і толькі на гэтым трымаюцца.

Я ведаю, што гэта цяжкі і доўгі шлях, я сама яго праходжу, я толькі сёння нарэшце выкінула са сваёй галавы «Вайну і мір» як абавязковую кніжку — і мы пачнем чытаць «Ноч у Лісабоне». А пасля яе — Чэхава. Я ў дзяцінстве, памятаю, шкадавала, што я не руская, ну на скрайні выпадак — украінка, а нейкая там беларуска. Бо беларускае падавалася мне слабым, нецікавым, парэпаным, не маім.

Калі я паставіла сабе задачу загаварыць на беларускай мове, я пайшла і ўзяла сабе ў нагрузку пары па беларускай мове для завочнікаў — і вучыла на памяць лекцыі свае, бо свабодна расказваць не магла, а ўжо калі трэба было адказваць на пытанні, у мяне ад страху падгіналіся каленкі. Я ведаю, што гэта няпроста. Але я ведаю, што гэта патрэбна.

Я мару аб тым часе, калі Беларусь будзе незалежнай — ад любых, любых саюзаў. Я не хачу ні да кога прыхінацца, ні да усходу, ні да захаду. Я хачу быць адкрытай усім — і адасобленай ад кожнага. Я хачу, каб у нашай краіны быў свой беларускі пуць. Я не хачу быць часткай ніякага іншага свету, акрамя свайго. Але для гэтага я мушу ведаць, што я — беларуска, і што такое — Беларусь, і як вылядае беларускі свет, як выглядаў раней і як ён будзе выглядаць у будучыні.

Быць беларусам — значыць мець унутры сабе не рускі мір, не іншы любы мір, а беларускі мір. І з ім ісці ў шырокі свет, з ім адкрываць для сябе іншыя краіны і іншыя магчымасці. Але мець пры гэтым свой дом, дзе мы гаспадары. Без дома цяжка. Без свайго дома — смяротна цяжка.

Я бясконца і ўпарта мару пра той час, калі з майго дома сыдуць усе няпрошаныя госці. Усе і назаўсёды. Але гэта здарыцца толькі тады, калі кожны тут, у гэтым доме, нарэшце зразумее, што такое быць беларусам. Не дэкаратыўным, а жывым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(47)