Ганна Севярынец: «І няхай паспрабуюць нас перамагчы»

Настаўніца і пісьменніца — пра сямейны пісьменніцкі саюз і пахаванне бацькі.

— Калі б не цяперашнія праклятыя часы, татава пахаванне выглядала б так, як мусіць выглядаць развітанне з паэтам, — піша Ганна Севярынец. — Прыехалі б сябры, прыехалі б літаратары, чыталі б ягоныя і свае вершы, былі б адпаведныя словы і адпаведныя вянкі — тата наш чалавек вясковы, для яго, як і для мяне, напрыклад, рытуал мае значэнне.

Стаяла ўчора ў рытуальнай краме і пакутна думала, што ж мне зрабіць з адпаведным вянком, на якім быў бы надпіс «Ад Саюза беларускіх пісьменнікаў». Саюз якраз учора зліквідавалі, на пахаванне мы людзей пазваць не маглі, але тату было б важна, я ведаю.

І тады я раптам падумала: эй. Дык а я сама? А Павел? Мы ж і ёсць — беларускія пісьменнікі. І мы ж — бацька, я, брат — таксама саюз. І нас не ліквідуеш.

Выдыхнула — і замовіла: «Паэту і перакладчыку Кастусю Севярынцу ад Саюза беларускіх пісьменнікаў».

І няхай паспрабуюць нас перамагчы. А вершы мы чыталі. Душыліся слязьмі, перарываліся — бацькавы вершы вельмі пранізлівыя. Шмат прачыталі — з унорыцкага рукапісу, які ён яшчэ не друкаваў.

Але і каму ўкласці кнігу, і каму надрукаваць, у нас знойдзецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(93)