Женщины

Марына Міхайлава

«Галінка — гэта «веточка». Вось такой галінкай я адчуваю сябе ўсё жыццё»

Нарадзілася ва Украіне, вучылася ва Таджыкістане, а адной з зорак савецкай эстрады стала, жывучы і працуючы ў Беларусі. Распавядаем пра жыццёвы і творчы шлях спявачкі Нэлі Багуслаўскай.

Архіўнае фота

Пачаць з таго, што гэтага шляху магло і не быць. 21 чэрвеня 1941-га ўраджэнцы Крывога Рога споўнілася 6 год — а на другі дзень пасля яе маленькага свята прыйшла вайна. Бацьку першым эшэлонам адправілі на фронт, а маленькая Нэля згубілася.

«Проста мы з татам былі ў адпачынку ў горадзе Азове, і мама была далёка ў той час, — згадвала праз шмат гадоў сама спявачка. — Было ўсё вельмі страшна і незразумела. Мы згубіліся з роднымі, але мяне апякалі чужыя людзі…». Паводле слоў Багуслаўскай, яе ўзяла пад апеку незнаёмая пажылая жанчына, а калі дзяўчынка ледзь не загінула пад бамбёжкай — адвяла ў царкву і пахрысціла. Святар сказаў: маўляў, Нэля — не хрысціянскае імя, і ахрысціў Галінай.

«Галінка — гэта «веточка». Вось такой галінкай я адчуваю сябе ўсё жыццё», — казала артыстка, згадваючы той выпадак з дзяцінства.

А з роднымі яны ўсё-ткі знайшліся — у 1943 годзе, спачатку бабуля і дзядуля з дзяўчынкай пераехалі ў Краснадарскі край, а потым на Урал, дзе жыла маці з братам, пазней вярнуўся з фронту і бацька.

***

Ніякай зоркай сцэны яна, дарэчы, быць не марыла. Проста любіла спяваць. І калі на тэкстыльнай фабрыцы ў Душанбэ, дзе яна працавала матальшчыцай пасля школы, вывесілі аб’яву пра конкурс самадзейнасці, запісалася. Ды так уразіла журы, што яе амаль выпхнулі вучыцца далей, «на артыстку».

Фота з публікацыі у газеце «Культура»

У 1958 годзе Нэля скончыла музычную вучэльню па класе вакалу (прычым вучылася акадэмічнаму, а славу здабыла на эстрадзе). Дарэчы, і тут былі свае «але».

Дыплом будучая спявачка магла і не атрымаць; па-першае, таму што паралельна займалася фехтаваннем — і ўсур’ёз захаплялася гэтым відам спорту, а па-другое, аднойчы яе злавілі за спевамі на лекцыі па гісторыі КПСС — і ледзь не адлічылі.

Выручыў толькі Рахманінаў, дакладней, канцэрт у Акадэміі навук Таджыкістана — а яшчэ больш дакладна, рамансы аўтарства Сяргея Рахманінава, якія Нэля спявала так пранікнёна і сарвала такія авацыі, што адміністрацыя дазволіла-такі спявачцы давучыцца.

***

Пасля выпуску Багуслаўская працавала як салістка ў Чарнігаве, Днепрапятроўску, Разані. Паспела нават пабываць замужам, але пра той першы і кароткі шлюб ніколі амаль не згадвала.

Усё гэта добра, але як у яе жыцці здарыўся Мінск? Мастацтвазнаўцы расказваюць некалькі версій падзей.

Паводле адной, яшчэ ў 1962-м на адной з музычных праграм яна пазнаёмілася з Ізмаілам Капланавым — ураджэнцам Гомеля, акардэаністам і клавішнікам-віртуозам, аранжыроўшчыкам і сваім будучым мужам, вось за ім, не толькі эфектна-прыгожым, але таксама вельмі таленавітым, і паехала ў Беларусь.

У другім варыянце сюжэту ўсё было не так рамантычна, і спявачка пераехала не з-за кахання, а з-за любові — да музыкі, бо ў Мінск з’ехала ўлюбёная выкладчыца па вакале Маргарыта Людвіг.

Так ці інакш, з 1962-га Багуслаўская стала салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі — і працавала там 25 год.

***

У кастрычніку 1966-га Багуслаўская стала дыпламанткай першага — а таму асабліва важнага — Усесаюзнага конкурсу савецкай песні ў Маскве (лаўрэатам 1 прэміі стаў таксама прадстаўнік Беларусі Віктар Вуячыч) і, што называецца, прачнулася знакамітай. Адна за адной на «Мелодыі» выходзяць пласцінкі з яе песнямі на музыку вядомых кампазітараў: Тухманава, Лучанка, Дунаеўскага, Шаінскага.

Праз год пры філармоніі быў створаны інструментальны ансамбль «Орбита-1967» — адмыслова «пад Багуслаўскую». Кіраўніком яго стаў Ізмаіл Капланаў, а сярод музыкаў першага складу былі будучыя «Песняры»  — Уладзімір Мулявін, Улад Місевіч.

Запатрабаванасць у калектыву была шалёная, ён выступаў па ўсім Савецкім Саюзе («толькі на Далёкім Усходзе мы далі 123 канцэрты за два месяцы», пры гэтым мінімум 20 канцэртаў аркестр мусіў даваць у Беларусі). А таксама па-за межамі — так, Багуслаўская прадстаўляла савецкую культуру ў Канадзе на Сусветнай выставе «Экспа-1967».

Толькі жывое выкананне, заняткі з педагогам, каб дасканала спяваць і па-беларуску, патрабавальнасць да рэпертуару, да канцэртных убораў, да інструментаў, да самой сябе — на сцэне спявачка выкладвалася напоўніцу, і задавала планку для многіх іншых. Нездарма музыказнаўца Вольга Брылон называла Багуслаўскую не інакш, як «заканадаўцай моды на беларускай эстрадзе».

***

Зрэшты, праз пэўны час Мулявін і Місевіч «адкалоліся» і стварылі свой калектыў, але скандалу і разрыву стасункаў праз гэта не адбылося — музыканты сябравалі сем’ямі, і шчыра радаваліся, калі «Песнярам» і першай жонцы Мулявіна Лідзіі Кармальскай, якая працавала ў рэдкім жанры мастацкага свісту, пашчасціла на чарговым Усесаюзным конкурсе.

Пазней яны таксама блізка стануць сябрамі з Аляксандрам Ціхановічам і Ядвігай Паплаўскай (тыя нават жартавалі, што «вусы і акуляры» атрымалі ў спадчыну ад старэйшай сямейнай пары).

Так, Капланаў і Багуслаўская амаль адразу ажаніліся. І хоць хадзілі чуткі, што шлюб быў фіктыўным, дзеля магчымасці пабудаваць кватэру ў Мінску — але ж сямейная пара не толькі нарадзіла ўлюбёную дачку Ганну, а пражыла разам доўгія амаль паўстагоддзя, і многія зазначалі, што ўявіць іх паасобку проста немагчыма.

Больш за тое, калі Нэлі Захараўна (заўсёднікі філармоніі звалі яе Нінэль) у 1986-м перанесла цяжкі інсульт, і сышла са сцэны, як лічыла, назаўжды — менавіта муж, праігнараваўшы яе адчайную прапанову, маўляў, можаш лічыць сябе свабодным ад мяне, — застаўся побач.

Бо дачка ўжо вырасла, закахалася ў замежніка і з’ехала жыць у Італію, дзе нарадзіла дачку, а Ізмаіл Львовіч — закрыў ноты, зачыніў фартэпіяна і ўзяў на сябе ўвесь клопат, побыт і дагляд. Ён дапамагаў жонцы наноў вучыцца хадзіць і гаварыць. І, мабыць, нечым такім прымусіў яе зноў паверыць ва ўласныя сілы і здольнасці?

Званне заслужанай артысткі БССР Нэлі Багуслаўская атрымала ў 1975 годзе — як яна сама расказвала, «да нейкага свята», Капланаў жа ніякіх тытулаў не меў. І тым не менш, сужэнцы адчувалі народную любоў, калі вярнуліся на сцэну ў сярэдзіне 1990-х і зразумелі, што іх не забылі.

Тыя, хто сумаваў, як сёння сказалі б, па вайбах савецкай эстрады, з задавальненнем хадзілі на канцэрты дуэта, знайшлося ім месца і ў рэтра-музычным фестывалі «Залаты шлягер». А па-за сцэнай — бывала, расчуленыя прадавачкі на сталічнай Камароўцы, не жадаючы браць грошай, перадавалі Капланаву то яблыкі, то гарбузы, то лепшую садавіну — «для Нэлі Захараўны».

***

У 2011 годзе Капланаў усё ж пакінуў жонку. Фактычна, сышоў наўпрост са сцэны — на канцэрце ў Дзржынску яму стала блага з сэрцам, «хуткая» дыягнаставала інфаркт, ужо другі, а выратаваць не змаглі.

Тады Багуслаўская канчаткова перастала выступаць. А праз некалькі год, калі ў яе знайшлі анкалогію, хоць і прайшла першы курс хіміятэрапіі, і прагнозы ўрачы рабілі станоўчыя — адмовілася наадрэз і ад аперацыі, і ад далейшага лекавання. 28 студзеня 2018 года спявачка пайшла з жыцця.

«Нэлі Захараўна можа аддаць усё што заўгодна каму заўгодна — калі б у яе былі неабмежаваныя магчымасці, яна дапамагала б усім, каму толькі магчыма», — казаў некалі пра яе муж.

Сабе самой яна дапамагаць не стала, а мо не пажадала. Пахаваныя сужэнцы побач на Усходніх могілках Мінска — зноў разам, як на сцэне і ў жыцці.