Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: «Пасля падзей 2020-га Лукашэнка больш не гатовы сур’ёзна інвеставаць у стасункі з Захадам»

Пра што сведчаць крыўды на палякаў, якія «не сталі перамаўляцца наконт Пачобута».

Што стаіць за з’яўленнем у прапагандысцкіх перадачах сюжэтаў з удзелам колішніх супрацоўнікаў «Радыё Свабода»? І пра што сведчыць дзіўная заява генпракурора наконт «экстрэмісцкіх» спраў? Филин пагутарыў пра гэта з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Аляксандр Фрыдман

— З’яўленне на дзяржаўным тэлебачанні напярэдадні інаўгурацыі ў ЗША «інтэрв’ю» палітзняволеных, былых супрацоўнікаў «Радыё Свабода», цяжка назваць супадзеннем. На вашу думку, што адбываецца? І ці можа гэта зрабіць пэўнае ўражанне на новую адміністрацыю ў Вашынгтоне?

— Тое, што гэта арыентавана на адміністрацыю, пры чым, не на сённяшнюю, канешне, а на тую, што пачне працаваць на наступным тыдні, гэта відавочна. Ускосна пра гэта Лукашэнка, дарэчы, сёння прагаварыўся, калі казаў пра Пачобута.

Там была цікавая фраза: маўляў, Польшча не жадае весці перамовы. То бок, тым самым ён паказаў, што гатовы размаўляць пра лёс палітзняволеных. Прычым, з замежнымі краінамі.

У выпадку з Пачобутам — гэта Польшча. Але там відавочна нейкіх поспехаў няма. У выпадку з супрацоўнікамі «Радыё Свабода» і Юрасём Зянковічам гаворка пераважна пра разлік на ЗША, натуральна.

І што мы тут бачым? Драматургія тут, на мой погляд, выглядае наступным чынам. З аднаго боку, удзельнікі гэтых «інтэрв’ю» хоць і казалі збольшага тое, што было патрэбна ўладам, але пры гэтым ні ў Ігара Лосіка, ні ў Андрэя Кузнечыка не было відавочных нападак на ЗША, нейкай выразнай антыамерыканскай рыторыкі.

Хутчэй за ўсё, такой рыторыкі не будзе і ў словах Ігара Карнея, а таксама ў апошняй частцы, дзе будзе Зянковіч. Так, тут падкрэсліваецца, што «Радыё Свабода» — амерыканскае радыё. Але пры гэтым няма выразнай адмоўнай антызаходняй, антыамерыканскай рыторыкі.   

Усё хутчэй ідзе ў такім напрамку, што людзі шкадуюць, што быў такі вось 2020 год. Што калі б сёння была такая магчымасць, то яны б гэтага не зрабілі. Такія наратывы прасоўваюцца. І гэта мне падаецца важным.

Пра што гэта ўсё сведчыць, з майго пункту гледжання. З аднаго боку, улады дэманструюць гатоўнасць размаўляць са Злучанымі Штатамі наконт супрацоўнікаў «Радыё Свабода» і, напэўна, Зянковіча.

І пры гэтым яны жадаюць весці гэты дыялог досыць канструктыўна. Бо калі б тут была нейкая жорсткая рыторыка, гэта магло б усё ўскладніць.

Яны паказваюць, што ў іх ёсць гэтыя людзі, якіх яны выкарыстоўваюць. Насамрэч, канечне, ужо выкарысталі. І цяпер яны гатовыя пра іх размаўляць.

Што можа быць далей. Магчыма, гэтыя перамовы ўжо вяліся даўно. Магчыма, яны ўжо скончыліся. Я магу сабе нават такі фантастычны варыянт уявіць: на наступным тыдні ў Вашынгтоне зменіцца адміністрацыя, і Трампу будзе зроблены падарунак ад Лукашэнкі.

Мы ж бачым, як змяняецца палітыка розных урадаў, як яны імкнуцца праявіць сябе перад Трампам. Вось і ў Лукашэнкі магла б быць такая магчымасць.

Вызваляюцца супрацоўнікі «Свабоды», Юрась Зянковіч, і падаецца гэта ўсё як такі жэст добрай волі. Тым больш, той жа Лосік кажа, што гатовы зрабіць, што заўгодна, каб выправіць свае «памылкі».

Калі гэта адбудзецца, то гэтая акцыя мае пэўны сэнс. Бо калі гэтых людзей выпусцяць, то выкарыстоўваць іх у прапаганды больш не будзе магчымасці. А тут усё ж ідзе прэзідэнцкая «кампанія», таму ёсць сэнс скарыстацца і такім прапагандысцкім праектам.

Магчыма, гэта проста спроба акцэнтаваць увагу: такія людзі ў нас ёсць, яны звязаныя з ЗША. Таму, амерыканцы, мы гатовыя цяпер пачуць вашыя прапановы. А можа, гэта праект прапаганды, прыдуманы і рэалізаваны выключна ў кантэксце «выбараў».

Не выключана, што гэтым людзям за ўдзел у «інтэрв’ю» было паабяцана нешта сур’ёзнае. Магчыма, ім паабяцалі паспрыяць іх вызваленню. А што там будзе насамрэч — хто яго ведае. Бо з Лукашэнкам тут такая справа, што ён сёння лішні раз і падкрэсліў у гісторыі з Пачобутам.

Ён разумее, што за палітвязняў можна атрымаць штосьці каштоўнае. Зрабіць свайго кшталту інвестыцыю. Як гэта зрабілі ўлады Кубы, вызваліўшы больш за паўтысячы палітвязняў у адказ на зняццё Байдэнам з іх краіны статусу дзяржавы-спонсара тэрарызму.

З боку Кубы гэта была інвестыцыя, крок насустрач. Яны не ведаюць, якія ў іх у выніку будуць стасункі з адміністрацыяй Трампа, але вырашылі ўсё ж паспрабаваць. Хоць цудоўна ведаюць, што для іх сітуацыя можа яшчэ больш пагоршыцца.

З Лукашэнкам, мне падаецца, сітуацыя выглядае трошкі інакш — ён не гатовы інвеставаць. Ён разумее, што можа вызваліць Пачобута і ў адказ на гэта могуць быць нейкія пазітыўныя крокі з боку палякаў.

А калі тых крокаў не будзе? А дзе ён тады возьме яшчэ аднаго Пачобута? А яго такога іншага ўжо няма. А калі яго падмануць? І вось з гэтымі свабодаўцамі і Зянковічам магчыма тое самае. Магчыма, і ёсць сэнс іх выпусціць. А можа, амерыканцы за гэта зробяць крок насустрач, можа, з’явіцца нейкая больш спрыяльная атмасфера. А што рабіць, калі падмануць?

І дзе яму ўзяць яшчэ свабодаўцаў? Няма ў яго яшчэ. І грамадзянаў ЗША, я так разумею, у яго таксама іншых няма. І гэта пэўная дылема для Лукашэнкі. Усё, што ён робіць пасля 2020-га, сведчыць пра тое, што ён больш не гатовы сур’ёзна інвеставаць у стасункі з Захадам.

Раней ён гэта рабіў. Возьмем тую ж другую палову 2010-х, калі афіцыйнаму Мінску далі зразумець: вызваліце палітвязняў, атрымаеце паляпшэнне стасункаў. Тады Лукашэнка паверыў. Вызваліў палітзняволеных і гэта спрацавала. А зараз няма таго даверу. А калі няма даверу, то цяжка прымаць рашэнні.

— Генпракурор Швед зрабіў цікавую заяву. Па яго словах, усе «экстрэмісты» ці ўжо асуджаныя, ці з’яўляюцца фігурантамі спраў, якія будуць разгледжаны судамі. Ужо з’явіліся здагадкі, што пракурор такім чынам падводзіць рысу пад рэпрэсіямі ў тым выглядзе, якім мы іх бачым апошнія гады. Ці ёсць падставы для такога аптымізму?

— На жаль, не. Наколькі я разумею, з афіцыйнага паведамлення пракуратуры гэтыя словы былі выкрэсленыя. І калі б улады насамрэч хацелі зрабіць такі крок, даслаць такі сігнал, то не рабілі б яны гэта.

Магчыма, мы маем справу з нейкай агаворкай або недакладнай цытатай. Бо сама па сабе гэтая фраза вельмі дзіўная, яна ставіць пад сумнеў усю дзейнасць Генпракуратуры і Шведа. Тут вельмі важна не выдаваць свае жаданні за тое, што ёсць насамрэч.

Тым больш, што Швед ды іншыя — гэта людзі, якіх трэба ацэньваць не па іх словах, а па іх справах. Пакуль жа, шчыра кажучы, я не бачу падставаў казаць, што рэпрэсіі спыяцца. Пра гэта сведчыць сама логіка лукашэнкаўскага рэжыму.

Лукашэнка ўжо спрабаваў калі не зусім спыніць, то значна знізіць узровень рэпрэсій. Як гэта было ў той самай другой палове дзясятых. І што ў выніку атрымалася? Ён атрымаў 2020 год.

Я сыходжу з таго, што прывід 2020-га нікуды не знік. Лукашэнка для сябе вырашыў: калі рэпрэсіўная палітыка будзе адкінутая, гэтыя падзеі ізноў могуць паўтарыцца. Могуць быць розныя фазы рэпрэсій — менш актыўныя рэпрэсіі або наадварот —  падвышэнне градусу. Але, каб гэтая сістэма прыпыніла рэспрэсіўныя практыкі, каб яна дапусціла чарговую лібералізацыю, пры Лукашэнку такое ўявіць вельмі цяжка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(20)