Фрыдман: «Галоўны крытэрый для Захаду — тое, што Лукашэнка будзе далей рабіць у кантэксце вайны»

Палітычны аглядальнік і гісторык —  пра тое, ці паўплывае на Макея «зліў» яго размовы з заходнімі палітыкамі і ці зможа Лукашэнка адмаўчацца?

Нядаўна дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай распавёў, што Макей казаў прадстаўнікам Захаду ў кулуарах Генасамблеі ААН. Што гэта ўсё значыць, абмяркоўвае палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман.

Аляксандр Фрыдман

— Мы маем пацвярджэнне з дзвюх крыніц: і ад самога Макея, і ад Франака Вячоркі, што такія размовы былі. То бок Макей сапраўды з заходнімі прадстаўнікамі сустракаўся і пазіцыю Лукашэнкі перадаў. Тое, што яго ў сённяшняй сітуацыі ўвогуле выслухалі, безумоўна, для яго вялікі плюс, — кажа эксперт у інтэрв’ю «Еўр*радыё».

Але тое, што мы ўвогуле ведаем, што ён там даводзіў — вялікі мінус для яго. Інфармацыя патрапіла Франаку Вячорку, а гэта значыць, што яму гэтую інфармацыю перадалі заходнія палітыкі, якія сустракаліся з Макеем.

І тое, што гэта агучана, абмяркоўваецца і не робіцца за кулісамі, а праходзіць адкрыта, паказвае: заходні бок, відаць, асабліва прапановай Макея не зацікавіўся.

Яны гэта прынялі да ўвагі і перадалі далей. Для Макея гэта, безумоўна, дрэнны сігнал, бо гэта не тая публічнасць, якую ён жадае.

Палітычны аглядальнік лічыць, што Макей хацеў бы праводзіць гэтыя кансультацыі і перамовы і далей, але часу асабліва ў яго няма, бо сітуацыя ва Украіне разгортваецца такім чынам, што Лукашэнку досыць хутка трэба будзе прымаць нейкія рашэнні.

— Гэта справа некалькіх дзён. Гэтыя рашэнні тычацца прызнаваць ці не рэферэндумы, праводзіць мабілізацыю ці ўсё ж такі не, размяшчаць яшчэ раз расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі альбо не? І гэта для Захаду галоўныя пытанні.

Тое, што тычылася ў прыватнасці палітвязняў, на жаль, гэта не тое пытанне, якое сёння цікавіць заходні бок. Так, там спачуваюць беларускім палітвязням, але галоўны крытэрый для Захаду, гэта тое, што Лукашэнка будзе далей рабіць у кантэксце вайны. І тое, што прапаноўваў там Макей, гучыць не ўпэўнена.

На думку Аляксандра Фрыдмана, у Лукашэнкі няма часу, каб цягнуць з прыняццем рашэнняў.

— Падзеі разгортваюцца імгненна. Хутка Расія прыме рашэнне наконт рэферэндумаў. Лукашэнка можа паспрабаваць адмаўчацца, але яму прыйдзецца адказаць на гэтыя пытанні, прыйдзецца дзейнічаць. І яго паездка ў Сочы была вымушаная, і гэта гаворыць пра тое, што перамовы там былі досыць інтэнсіўныя і Лукашэнку там схілялі да пэўных крокаў. І калі Лукашэнка хоча, каб яму дапамаглі на Захадзе, у яго ёсць шанец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)