Общество

«Францішак прасіў, каб тата з намі пайшоў на вуліцу». Севярынец у турме сустрэўся з жонкай і сынам

Жонка палітвязьня расказала Радыё Свабода пра сустрэчу з Паўлам.

Фота: БелаПАН

25 траўня старшыня аргкамітэту БХД быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня праз абвінавачаньне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Пасьля суду Вользе далі 2 гадзіны на спатканьне з мужам — сустрэчу праз шкло з размовай праз тэлефон. На спатканьне Вольга ўзяла 3-гадовага сына Францішка, якога Павал ня бачыў з 7 чэрвеня мінулага году, калі яго затрымалі непадалёк ад свайго дома пасьля мітынгу ля Камароўскага рынку.

Паводле Вольгі Севярынец, яны з мужам не гаварылі аб прысудзе і працэсе, а засяродзіліся на агульных сямейных справах.

— Францішак ужо добра гаворыць, і яны з Паўлам размаўлялі праз слухаўку. Сын рэагаваў, адказваў, усьміхаўся і потым вельмі прасіў тату, каб ён з намі пайшоў на вуліцу пагуляць. Але неяк яму патлумачылі, што сёньня не атрымаецца, — сумна ўспамінае Вольга.

Што казаў Павал Францішку, Вольга ня чула, але пра некаторыя рэчы цяпер можа здагадацца.

— Раптам Францішак з прагулкі прынёс мне кветкі. Пытаюся, хто цябе навучыў, дык ён кажа, што тата. То бок гэта Павал навучыў яго дарыць маме кветкі, — сьмяецца Вольга.

Паводле Вольгі, наведваньне магілёўскай турмы стала для іх сына і праблемным досьведам.

— Пачаў гуляць у турму. Да нас заходзіць суседка, дык закрывае за ёй дзьверы і кажа: «Усё, ты у турме». Ня ведаю, што з гэтым рабіць, — дзеліцца Вольга Севярынец.

Пра настрой Паўла Вольга кажа гэтак:

— Ён унутрана сабраны, спакойны. Сказала б, што частка яго ўжо жыве ў турме, мяркую, абдумвае тое, што там будзе. Але застаецца па-ранейшаму духоўна моцным, як крэмень. Перадаваў усім, хто яго падтрымлівае, вялікі дзякуй, — паведаміла Вольга Севярынец пра сустрэчу.

«Убачыў, што ў мяне пабегла сляза і пачаў супакойваць» — Ганна Севярынец пра сваё першае за год спатканне з братам Паўлам

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)