Франак Вячорка: «Мэсэдж беларусам, што ім ёсць за што змагацца»

Дарадца Святланы Ціханоўскай – пра словы Уладзіміра Зяленскага пра еўрапейскую будучыню для Беларусі.

Прэзідэнт Украіны, выступаючы на ​​сумеснай канферэнцыі з прэзідэнтам Еўрапарламента, назваў краіны, якія бачыць у ЕС. І сярод іх была Беларусь. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў гэтыя словы.

— Гэта адназначна пазітыўны мэсэдж. Мэсэдж беларусам, што ім ёсць, за што змагацца, у іх ёсць еўрапейская будучыня, — кажа Вячорка ў эфіры Белсат. — Гэта падтрымка таксама нашых намаганняў, накіраваных на папулярызацыю еўрапейскай перспектывы для беларусаў, як альтэрнатыва рускаму міру.

Добра, што гэта гучыць з вуснаў прэзідэнта Зяленскага, таму што раней Зяленскі ў цэлым пазбягаў выказванняў пра Беларусь. А калі і гучала, то ў кантэксце вайны.

Мы бачым паварот, змены ў рыторыцы. Мы задаволеныя, што ва Украіне ўсё больш разумення, што адна рэч — гэта Лукашэнка з яго ракетамі і Пуціным, а другая — гэта беларускі народ, за які трэба змагацца і які змагаецца за сябе.

Беларусам трэба у першую чаргу, адзначае дарадца Ціханоўскай, разлічваць на сябе.

— На беларускую грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыя, таму што ў нас барацьба ідзе ў інфармацыйнай прасторы.

Украіна зараз абараняе сваю дзяржаўнасць, незалежнасць на полі боя, і найперш падтрымка патрэбна ёй. Але украінскі голас надзвычай важны і для беларускай, і для сусветнай супольнасці. Калі прэзідэнт Зяленскі так адкрыта падтрымлівае еўрапейскую будучыню Беларусі, гэта чуюць замежныя партнёры.

Я, безумоўна, разумею, што там ёсць уплыў прэзідэнткі Еўрапарламенту, якая з'яўляецца нашай моцнай саюзніцай. Але я думаю, што гэта таксама нейкая змена ў самой рыторыцы украінскіх афіцыйных асоб, якую мы назіраем ужо больш за 1,5 гады.

Ці можа Украіна нам дапамагчы? Безумоўна, можа. Але найперш Украіна павінна дапамагчы сабе: перамагчы, адстаяць, абараніцца ад Расеі. У другую чаргу павінна паказаць прыклад.

Павінна паказаць, што нягледзячы на бюракратыю, усе гэтыя фармальнасці, працэдуры, яна зможа прабіцца ў Еўрапейскі Звяз. Калі яна гэтую дарожку пратопча, то следам пойдзе, безумоўна, Беларусь, Малдова, Грузія і астатнія.

Тое, што мы можам рабіць сёння ў вельмі абмежаваных умовах — гэта захаваць беларускую суб’ектнасць, каб Беларусь успрымалі не як частку Расеі, а народ, у якога ёсць перспектыва.

Калі такое разуменне будзе, для нас будуць адкрывацца дзверы. Мы зможам практычна размаўляць, як будучая еўрапейская перспектыва для Беларусі можа выглядаць. Бо Лукашэнка не вечны, дыктатура не вечная, мы гэта разумеем. Але на Захадзе — не ўсе, — заключае Франак Вячорка.