«Фактычна скралі з гатэля». У Маскве быў затрыманы адвакат Юрась Зянковіч. Цяпер ён у СІЗА КДБ у Мінску
Як паведаміла Радыё Свабода яго жонка Алена Дзенісавец, ён быў у бізнэс-паездцы ў Эўропе.
— У Расеі яго затрымалі, фактычна скралі, з маскоўскага гатэля Nordic Rooms Hotel. Яго затрымалі 11 красавіка, але я даведалася пра гэта толькі ўчора. Я размаўляла з мэнэджэрам гатэля, — расказала Радыё Свабода Алена Дзенісавец. – Паводле яго, супрацоўніца гатэля бачыла з вакна, як людзі ў цывільным скруцілі Юрася і затрымалі. Яны сказалі: мы яго забіраем, ён падазраецца ў тэрарызьме. Яны памахалі пасьведчаньнем, сказалі, што са спэцслужбаў. Потым яшчэ пару чалавек прыйшлі ў яго нумар і забралі ўсе рэчы.
Сёньня са мной зьвязаўся дзяржаўны адвакат Павал Ульянцаў. Ён сказаў, што хоча, каб я аплаціла яго паслугі Юрасю. Я напісала электроны ліст з маімі пытаньнямі. Ён мне не адказаў. Але празь некалькі гадзін ён ізноў мне патэлефанаваў і сказаў, што Юрася забралі беларускія спэцслужбы ў Маскве. Я сказала: вы разумееце, што беларускія спэцслужбы ўварваліся ў чужую краіну, выкрадаюць людзей? Ён адказаў — я не магу з вамі пра гэта размаўляць.
Раней сёньня стала вядома, што КДБ Беларусі затрымала палітоляга Аляксандра Фядуту, зь якім зьнікла сувязь падчас паездкі ў Маскву.
Юрась Зянковіч — юрыст беларускага паходжаньня, ад 2007 году жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідэраў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Працаваў журналістам як у беларускіх, так і ў замежных выданьнях.
Атрымаў адукацыю на юрыдычным факультэце ва Ўкраінскай акадэміі банкаўскай справы. У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Ўнівэрсытэце Фордхэм (Fordham University School of Law), здаў экзамэн на званьне адваката і атрымаў ліцэнзію.
Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, стала жыве ў Х’юстане.
Пастаянна наведвае Беларусь, спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў пра прэзыдэнцкія амбіцыі.
Падчас пратэстаў у жніўні 2020 году быў асуджаны на 10 сутак арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУС, трымаў там галадоўку пратэсту.
Читайте еще
Избранное